Амэтыст
Амэтыст | |
Агульныя | |
---|---|
Катэгорыя | простыя аксыды |
Формула (структурнай адзінкі) | SiO2 |
Прымешак | Fe2+, Fe3+ |
Сынгонія | трыганальная |
Выгляд | |
Колер | фіялетавы да бляклага чарванавата-фіялетавага |
Злом | канхаідальны |
Шкала Моаса (цьвёрдасьць) | 7 |
Бляск | шклопадобны, пэрлямутравы |
Колер рысы | белы |
Празрыстасьць | ад празрыстага да паўпразрыстага |
Аптычныя ўласьцівасьці | |
Паказчык пераламленьня | nω = 1,543—1,553 nε = 1,552—1,554 |
Двайное праменяпераламленьне | +0,009 |
Плеахраізм | адсутны |
Дыспэрсія | 0,013 |
Фізычныя ўласьцівасьці | |
Формульная маса | 2,63—2,65 |
Тэмпэратура плаўленьня | 1650±75 °C |
Растворнасьць | нераспушчальны ў вадзе |
Асаблівыя характарыстыкі | п’езаэлектрычны |
Амэты́ст (па-старажытнагрэцку: αμέθυστος, ад α «не» + μέθυσος «п’яніца») — сіняя, сінявата-ружовая ці чырвона-фіялетавая разнавіднасьць кварцу. Празрысты амэтыст адносіцца да паўкаштоўных камянёў; непразрысты — каштоўны вырабны камень(ru).
Сустракаецца звычайна ў вольным выглядзе ў пустэчах і жылах сярод крышталічных горных парод крышталяў і іхніх спарышоў. Крышталі ўтвораныя камбінацыяй роўніцаў прызмы і ромбаэдру, прычым з усіх кварцаў менавіта для амэтыста характэрнай рысай зьяўляецца перавага граняў ромбаэдра. Радзей крышталі маюць доўгапрызматычнае або скіпетрападобнае аблічча. Звычайны ў друзах і крышталічных шчотках ўнутры агатавых жэодаў, у мігдалінах і расколінах вульканічных пародаў.
Старажытнагрэцкая назва «ня п’яніца» выказвае старажытнае павер’е, быццам амэтыст ахоўвае ягонага ўласьніка ад п’янства.
Агульнае апісаньне
Хімічная формула: SiO2 — дыяксыд крэмну.
Празрыстая фіялетавая адмена кварцу, афарбоўка якога мае радыяцыйную прыроду[1] і абумоўленая структурным дамешкам Fe3+ і Fe2+, што замяняе Si або знаходзіцца ў міжвузьзях[2]. Колер таксама зьвязваюць з дамешкамі мангану або арганічнага фарбавальніка. Адценьні афарбоўкі — ад блакітнавата-фіялетавага, лавандава-сіняга да пурпурна-цёмнага.
Характэрнае нязначнае зьмяненьне афарбоўкі ў залежнасьці ад асьвятленьня. Крышталі амэтысту з хрусталеносных жылаў, як правіла, устойлівыя нават да простага сонечнага сьвятла; амэтыст, знойдзены ў жэодах між асадкавых пародаў, звычайна хутка выцьвітаюць на сьвятле.
Пры награваньні да 250°С афарбоўка амэтыстаў паступова пераходзіць у жоўтую ці зелянявую. Накальваньне амэтыстаў да тэмпэратураў 470—750°С прыводзіць да зьмены іхняй афарбоўкі на залаціста-жоўтую — цытрынавую, а неасьцярожнае награваньне — увогуле да ейнага зьнікненьня. Большасьць цытрынаў, якія трапляюць на рынак, уяўляюць сабою абпаленыя амэтысты. Пры радыяактыўным апраменьваньні першапачатковая афарбоўка аднаўляецца[1].
Як напаўкаштоўны камень выкарыстоўваецца ў ювэлірных і мастацкіх вырабах.
Адмены і назвы
На рынку каштоўных камянёў часта выкарыстоўваюць гандлёвыя найменьні, якія не адпавядаюць іхняй мінэралягічнай назве[1]:
- багемскі тапаз або залацісты, індыйскі, гішпанскі, саляманскі тапаз, мадэйра-тапаз, пальмэйра-тапаз, сьера-тапаз — цытрын (абпалены амэтыст)
- венскі амэтыст — фіялетавая шпінэль або фіялетавы карунд
- амэтыст заходні — уласна амэтыст
- амэтыст літавы — кунцыт (ружовая ці фіялетавая адмена спадумэну)
- амэтыст саксонскі — апатыт фіялетавага колеру
- амэтыст усходні, карунд — састарэлая назва фіялетавага карунду або гандлёвая назва празрыстай адмены карунду
- амэтыст падробны — які-кольвек камень, паводле колеру і бляску блізкі да амэтысту, зазвычай флюарыт
- амэтыст-сапфір (фіялетавая адмена карунду)
Паклады
Сустракаецца ў гранітных пэгматытах, кварцавых жылах і ў выглядзе друзаў(uk) у паражнінах вульканічных пародаў у асноўным на Ўрале, у Індыі, ЗША, Уругваі ды Бразыліі.
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Амэтыст — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў