Андрусаўскае замірэньне

Андрусаўскае замірэньне
Андрусаўская дамова аб замірэньні 1667 году
Тып дамовы Мірная дамова
Падпісаная 30 студзеня 1667
 ·  месца в. Андрусава (Смаленскае ваяводзтва)
Набыла моц 1667
 ·  умовы перадача Масковіі Кіева, левабярэжнае Ўкраіны, Севершчыны ды Смаленскага ваяводзтва
выплата Рэчы Паспалітай 1 млн злотых
Тэрмін дзеяньня 13,5 год
Страціла моц 30 ліпеня 1680
Падпісанты Апанас Ордын-Нашчокін
Юры Глябовіч
Бакі Масковія
Рэч Паспалітая
Статус нядзейная

Андрусаўскае замірэньне — мірная дамова, падпісаная паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай тэрмінам на 13,5 гадоў. Скончыла вайну Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг.

Пагадненьне было заключанае 30 студзеня 1667 г. ў вёсцы Андрусава (на мяжы Мсьціслаўскага і Смаленскага ваяводзтваў). З боку Рэчы Паспалітай дамову падпісаў Юры Глябовіч, з боку Маскоўскага царства — Апанас Ордын-Нашчокін.

Умовы

  • Замірэньне было заключанае на 13,5 год, цягам якіх бакі павінныя былі выпрацаваць умовы вечнага міру.
  • Да Масковіі перайшлі Смаленскае ваяводзтва зь местамі Дарагабуж, Белая, Красны, Невель, Вяліж і Себеж, Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам і Левабярэжная Ўкраіна. Агулам тэрытарыяльныя страты Рэчы Паспалітай склалі блізу паловы яе тэрыторыі.
  • Рэчы Паспалітай заставаліся Правабярэжная Ўкраіна і Беларусь, у тым ліку акупаваныя маскавітамі гарады Віцебск, Полацак, Дзьвінск; іх насельніцтву гарантавалася свабода праваслаўнага веравызнаньня і недатыкальнасьць праваслаўных япархіяў.
  • Кіеў быў перададзены Масковіі на 2 гады, але так і ня быў вернуты. У 1686 годзе па ўмовах «вечнага міру» канчаткова перайшоў пад уладу Маскоўскай дзяржавы, якая сплаціла за яго 146 000 рублёў.
  • Запароская Сеч апынулася пад агульным пратэктаратам абедзьвюх дзяржаваў, якія абавязаліся ва ўзаемнай дапамозе дзеля здушэньня там хваляваньняў. Гэта разьвеяла спадзевы запарожцаў на стварэньне ўласнае дзяржавы, і казацкі гетман Пятро Дарашэнка пачаў шукаць дапамогі ў туркаў.
  • Рэч Паспалітая і Масковія абавязаліся супольна выступіць супраць крымскага хана і Асманскае імпэрыі ў выпадку татарскіх набегаў на Ўкраіну.
  • Было гарантаванае права вольнага гандлю між абедзьвюма краінамі.
  • За землі Левабярэжнай Украіны Масковія сплаціла Рэчы Паспалітай 1 000 000 злотых (каля 200 000 рублёў).