Артыкульныя цэрквы

Артыкульная царква ў Кежмарку
Артыкульная царква ў Сьвятым Крыжы
Артыкульная царква ў Гронсеку
Артыкульная царква ў Лэшцінах

Арты́кульныя цэ́рквы (па-славацку: artikulárne kostoly) — група драўляных пратэстанцкіх цэркваў у Славаччыне, якія паўсталі напрыканцы XVII — на пачатку XVIII стагодзьдзяў паводле ўмоваў Шопранскага сойму 1681 року. На гэтым сходзе, скліканым Габсбурскім імпэратарам Леапольдам I, прыхільнікі Аўгсбурскага й кальвінскага вызнаньняў ўпершыню атрымалі дазвол на пабудову цэркваў у імпэрскіх уладаньнях. Паколькі пабудовы цэркваў датычыліся 25 і 26 артыкулы пастановаў, цэрквы атрымалі назву «артыкульных».

Мінуўшчына

На тэрыторыю Славаччыны (тагачаснай Верхняй Вугоршчыны) рэфармацыйныя плыні трапілі адносна рана галоўным чынам дзякуючы пасярэдніцтву асаднікаў нямецкага паходжаньня. Аднак аўстрыйскія Габсбургі, пад уладай якіх у час росквіту пратэстанцтва знаходзілася Вугоршчына, пасьля Трыдэнцкага сабору распачалі палітыку рэкаталізацыі гэтых абшараў.

Спробы дасягнуць пагадненьня між Рымам і пратэстантамі, да якіх яшчэ ў першай палове XVII стагодзьдзя сябе адносілі 90% вернікаў у Славаччыне, посьпеху ня мелі, і была ўведзеная жорсткая інквізыцыя. Рудольф II, у адрозьненьне ад свайго бацькі Максіміліяна II, катэгарычна адмаўляўся надаваць пратэстантам якую-кольвек свабоду, кажучы, што паколькі ні ў якой іншай дзяржаве яны рэлігійнай свабоды ня маюць, дык і ў Вугоршчыне для гэтага няма падставаў. Пасьля ўзыходу на імпэратарскі сталец Леапольда I, выхаванага езуітам, настала дзесяцірочча абсалютызму. Было адабрана 888 пратэстанцкіх цэркваў.

У 1678 выбухнула антыгабсбурскае паўстаньне куруцаў пад даводзтвам Эмэрыка Тэкэлі з Кежмарку, званага таксама «Каралём Верхняй Вугоршчыны», якую захапіў. Посьпех паўстаньня і пагроза з боку туркаў змусілі Леапольда I да саступак пратэстантам.

Умовы

Падчас сойму ў Шопране 8 кастрычніка 1681 была зацьверджаная рэзалюцыя, паводле якой эвангелісты атрымалі права пабудаваць храм у Браціславе. Гэтае рашэньне не задаволіла ні каталікоў, ні саміх пратэстантаў, таму кароль выдаў новую рэзалюцыю, артыкул 25 якой дазваляў пратэстантам будову цэркваў. Адсюль і паходзіць іхняя назва.

25-ы артыкул меў наступныя абмежаваньні пры пабудове артыкульных цэркваў:

  • у кожным камітаце маглі паўстаць толькі дзьве такія царквы;
  • сьвятыні мусілі быць збудаваныя па-за мескімі мурамі альбо на ўскрайку вёсак;
  • для пабудовы нельга было ўжываць ні каменьня, ні жалеза, толькі драўніну й іншыя нетрывалыя матэрыялы;
  • цэрквы не маглі мець ні вежаў, ні званоў;
  • выхад мусіў знаходзіцца з процілеглага боку ад вуліцы.

Артыкул 26-ы дакумэнту, прынятага Шопранскім соймам, пастанавіў вярнуць пратэстантам адабраныя цэрквы, якія былі збудаваныя да пачатку ганеньняў, пры ўмове, што яны яшчэ не былі асьвечаныя ў каталіцкім абрадзе. Такая фармулёўка дакумэнту азначала, што замест вяртаньня 888 храмаў пратэстанты мелі права пабудаваць толькі 38 новых малітоўных дамоў у адзінаццаці незанятых туркамі камітатах Вугоршчыны.

Падчас пабудовы храмаў габсбурскія ўраднікі імкнуліся зрабіць усё магчымае, каб яшчэ зьменшыць трываласьць пратэстанцкіх пабудоваў. Адвольныя трактаваньні Шопранскіх артыкулаў зрабілі і так няпростыя ўмовы яшчэ больш жорсткімі. Толькі праз 100 гадоў, калі Ёзэф II выдаў Талеранцыйны патэнт, эвангелісты атрымалі магчымасьць узводзіць мураваныя цэрквы, хоць і бязь вежаў і званоў.

Цэрквы

Да цяперашняга часу ў Славаччыне з 38-мі захаваліся пяць артыкульных цэркваў:

У 2008 року цэрквы ў Кежмарку, Гронсеку і Лэшцінах былі занесеныя ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў складзе аб’екту Драўляныя цэрквы славацкіх Карпатаў.

Глядзіце таксама

Літаратура

  • Pramene k dejinám Slovenska a Slovákov. — Literárne informačné centrum, 2005. — Т. VII — Turci v Uhorsku I. — 365 с. — ISBN 80-89222-00-5
  • Janka Krivošová a kolektív. Evanjelické kostoly na Slovensku. — Tranoscius, 2001. — 287 с. — ISBN 80-7140-213-3

Вонкавыя спасылкі