Вацлаў Пануцэвіч
Вацлаў Пануцэвіч лац. Vacłaŭ Panucevič | |
Вацлаў Папуцэвіч | |
Род дзейнасьці | беларускі палітычны і рэлігійны дзяяч, гісторык |
---|---|
Дата нараджэньня | 1911 |
Месца нараджэньня | в. Малая Альшанка, Гарадзенскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 25 жніўня 1991 |
Месца сьмерці | Чыкага, ЗША |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы |
|
Занятак | палітык |
Вацлаў Пануцэвіч, сапр. Вацлаў Папуцэвіч (1911, Малая Альшанка каля Горадні — 1991) — беларускі палітычны і рэлігійны дзяяч, гісторык.
Біяграфія
Паходзіў зь сям’і беларусаў-каталікоў. Навучаўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Быў выключаны зь ліку клерыкаў за беларускую дзейнасьць. З 1936 году навучаўся на юрыдычным факультэце Ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні. Браў удзел у працы «Акадэміцкага кола сяброў Беларусаведы» (1936—1939). Адзін з арганізатараў «руху маладых адраджэнцаў». З 1935 году сябра БХД. З 1 сьнежня 1935 году сябра рэдкалегіі «Студэнцкай Трыбуны», маладзёвага дадатку да «Беларускай Крыніцы». У 1935—1938 гадох быў рэдактарам часопіса «25 сакавіка» (лістапад 1936 — сакавік 1938). З 26 лютага 1936 году сакратар Віленскага аддзелу БІГІК. Па расколе БХД у 1936 годзе належаў да «Беларускага фронту» кс. Вінцэнта Гадлеўскага. Браў удзел у выданьні газэт «Беларускі фронт». За надрукаваны рэдакцыйны артыкул «Залежнасьць ці незалежнасьць» у № 3 «Беларускага фронта» за 30 жніўня 1938 году быў асуджаны на год турмы умоўна.
У верасьні 1939 году, з пачаткам Другой сусьветнай вайны, мабілізаваны ў 81-ы стралковы полк, які фармаваўся ў Горадні. 22 верасьня 1939 году, па заняцьці савецкімі войскамі Горадні, трапіў у палон. Быў вызвалены і жыў у Горадні. Паводле Б. Грабінскага, прыкладна ў 1940 году да В. Папуцэвіча ў Горадню ад варшаўскіх беларусаў (кс. В. Гадлеўскага, М. Шчорса ды іншых) прыбыў сувязны, які адначасна быў агентам НКВД, але В. Папуцэвіч «адразу западозрыў, што пасылаюць хлопца бальшавікі, і заявіў у НКВД».
Нейкі Пануцэвіч у 1940 годзе выкладаў у гарадзенскай школе № 1 беларускую мову і літаратуру. Увосень 1941 году В. Пануцэвіч жыў у Горадні пад адрасам: вуліца Паўночная, 5.
З пачаткам нямецкай акупацыі ў кастрычніку 1941 году разам з А. Русаком ездзіў у Вільню з мэтай наладзіць сувязь зь Віленскім БНК. Паводле Я. Малецкага, ягоная кандыдатура разглядалася мясцовымі нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Горадні. Вёў настаўніцкія курсы пры Гарадзенскім БНК. 27 кастрычніка 1941 году разам з Я. Малецкім сустракаўся з гарадзенскім епіскапам Антоніем у справе беларусізацыі праваслаўнай царквы і арганізацыі ў Горадні беларускай праваслаўнай сэмінарыі. У сярэдзіне лістапада 1941 году пераехаў з Горадні ў Баранавічы.
З 1944 году ў эміграцыі — спачатку ў Нямеччыне, у перасыльных лагерах, дзе займаўся арганізацыяй беларускага скаўтынгу. Па 1949 годзе — у ЗША. Жыў у Чыкага. Узначальваў «Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне». Кіраўнік скаўцкай дружыны «Арлы» ў Чыкага.
У 1950 годзе сакратар Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай рады, з траўня 1950 году — віцэ-старшыня Беларуска-амэрыканскага каталіцкага таварыства. У пачатку 1960-х гадох заснаваў выдавецтва «Беларуская выдавецкая сябрына». Выдаваў рэлігійна-гістарычныя часопісы: «Беларуская царква» (выдаваўся кірыліцай), «Літва» (лацінкай).
Быў жанаты з дачкой Эдварда Будзькі — Ірэнай.
Працы
Гісторык мовы Алесь Жлутка адзначае засяроджанасьць В. Пануцэвіча на гістарычных крыніцах і яго грунтоўную філялягічную падрыхтоўку[1]. Асноўныя працы:
- «Zamojdz і Litva: Roznyja krainy і narody» (Чыкага, 1953—1954),
- «З гісторыі Беларусі або Крывіччыны-Літвы» (Чыкага, 1965),
- «Крывіцкая этнаграфічная прастора»,
- «Зь гісторыі вышэйшых школ у Беларусі. 1. Віленская акадэмія»,
- «Пачаткі хрысьціянства на нашых землях»,
- «Плян Агінскага 1811 г.»,
- «Сьв. Афрасіньня Полацкая»,
- «З гісторыі Беларусі альбо Крывіччыны-Літвы»,
- «Вінцэсь Гадлеўскі…» («Спадчына», 1993),
- «Літва і Беларусь»,
- «Берасьцейская вунія»,
- «Сьвяты Язафат Кунцэвіч» (Чыкага, 1963; Полацак, «Сафія», 2000),
- «Паўстаньне 1863 на Беларусі»,
- «Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918—1919 гадах» («Бацькаўшчына», 1960-я; «Пагоня», 1994),
- «Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква» і інш.
Большасьць кніг выйшлі мізернымі накладамі і лічацца рарытэтамі. Шырока супрацаваў зь беларускім эмігранскім пэрыядычным друкам («Бацькаўшчына», «Беларус» ды іншымі). Большасьць прац аб’ёмныя і патрабуюць асобнага перавыданьня.
Творчасьць
Пануцэвіч пакінуў па сабе значную творчую спадчыну. Апрацоўваў і выдаваў казкі, чытанкі, пераклаў на беларускую мову «Падарожжа Гулівера да волатаў…» Дж. Свіфта (Swift, J. Падарожжа Гулівэра да волатаў у краіне Бробзынгнаг. Пераклаў В. П. [Вацлаў Пануцэвіч]. Фленсбург, 1949 год), напісаў некалькі кніжак пра беларускі скаўтынг. Зрабіў пераклад літургіі св. Іаана Залатавуста (Чыкага, 1958 год), якім карысталіся ў беларускай грэка-каталіцкай Спаскай царкве ў Чыкага.
Крыніцы
- ^ Жлутка А. Пра Вацлава Пануцэвіча // Наша Вера. № 2, 1998.
Літаратура
- Вашкевіч А. Яшчэ раз пра Вацлава Пануцэвіча // Куфэрак Віленшчыны. 2004, № 1(9). С. 99—100.
- Вашкевіч А. Вацлаў Пануцэвіч у Беларусі амаль невядома // Куфэрак Віленшчыны. 2002, № 2(7).
- Гарбінскі Ю. Папуцэвіч Вацлаў // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3.
- Жлутка А. Пра Вацлава Пануцэвіча // Наша Вера. № 2(5), 1998
- Казак П. Пануцэвіч Вацлаў // Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Менск: Голас Краю, 2001.
- Надсан А. Працягваючы справу сьвятых апосталаў славянаў // Беларусіка — Альбарутэніка. Беларускі кнігазбор, — Мн., 2001. С. 29—38.
- Юрэвіч Л. «Выбраныя працы» Вацлава Пануцэвіча // Кантакты і дыялогі. № 9, 2002
Вонкавыя спасылкі
- Пануцэвіч В. Польская мова ў ХІV — ХVІІІ стст. і Каталіцкі Касьцёл у Вялікім княстве Літоўскім // Наша Вера. № 2 (5), № 3 (6) 1998; № 1 (7), № 2 (8) 1999.
- Пануцэвіч В. Krytycnyja zaciemki pra nacyjanalny charaktar V.K.L. — artykul P.Urbana u ZAPISACH kn.3. // Navukovy casapis LITVA. Nr. 1, studzien-cervien 1967, Chicago USA.
- Пануцэвіч В. Сьвяты Язафат, архіяпіскап полацкі. — Полацак: «Сафія», 2000. — 274 с.