Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Магілёўскае паўстаньне.
Магілё́ўскае паўста́ньне 1618 году — выступленьне месьцічаў Магілёва супраць прымусовага ўвядзеньня царкоўнай уніі.
9 кастрычніка 1618 году полацкі ўніяцкі архіяпіскап Язафат Кунцэвіч прыбыў да Магілёва з намерам зачыніць праваслаўныя цэрквы. Магістрат Магілёва на чале зь Міронам Собалем (бацькам друкара Сьпірыдона Собаля) адмовіўся падпарадкавацца ўніяцкай мітраполіі. Пры набліжэньні Кунцэвіча месьцічы замкнулі браму і ўсталявалі на гарадзкім вале гарматы. Тады Кунцэвіч зьехаў у Варшаву (Польскае каралеўства) да вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы, які 22 сакавіка 1619 году выдаў унівэрсал аб выраку на сьмерць 20 удзельнікаў выступленьня і накладаньні на месьцічаў спагнаньня[1]. Сярод вырачаных на сьмерць былі Л. Ісаеў, М. Пуцята, К. Шаўнін і Я. Шульха[2].