Мальтыйскі ордэн

Сувэрэнны рыцарскі Ордэн Гасьпітальераў сьвятога Яна Ерусалімскага, Родасу й Мальты
лац. Suverenny rycarski Orden Haśpitaljeraŭ śviatoha Jana Jerusalimskaha, Rodasu j Malty

Supremus Militaris Ordo Hospitalarius Sancti Ioannis Hierosolymitani Rhodiensis et Melitensis
Сьцяг Мальты Герб Мальты
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Мальты

Мальтыйскі ордэн на мапе Эўропы

Афіцыйная мова італьянская,
лацінская
Сталіца Мальтыйскі палац (Рым)
Форма кіраваньня выбарная манархія

Сувэрэ́нны ры́царскі О́рдэн Гасьпіталье́раў сьвято́га Я́на Ерусалі́мскага, Ро́дасу й Ма́льты (Мальтыйскі ордэн, Гасьпітальеры, Яаніты) — каталіцкі духоўны рыцарскі ордэн.

Гісторыя

Супольнасьць, якая потым зрабілася Мальтыйскім ордэнам, існавала ў Ерусаліме задоўга да афіцыйнага заснаваньня ордэну. Члены групы займаліся апякунствам хрысьціянскіх пілігрымаў, якія прыходзілі ў Сьвятую Зямлю, аказвалі ім мэдычную дапамогу.

Ордэн быў афіцыйна заснаваны ў пачатку 12 ст. пасьля Першага крыжовага паходу. Ордэн працягваў апеквацца пілігрымамі і паступова браў на сабе таксама функцыі па іх ахове.

Зь цягам часу ордэн набыў выразна ваенны характар, меў некалькі крэпасьцяў у Сырыі і Палестыне і граў вялікую ролю ў абароне заснаваных эўрапейцамі ў Палестыне хрысьціянскіх дзяржаваў ад мусульманаў. Ордэн валодаў вялікімі землямі на Ўсходзе і ў Заходняй Эўропе.

У 1291 годзе Ордэн быў выціснуты туркамі зь Ерусаліму, але замацаваўся на астравах Кіпр і Родас.

У 1530 годзе Ордэн атрымаў у падарунак ад імпэратара Сьвятое Рымскае Імпэрыі востраў Мальту (адтуль і сёньняшняя назва), яго рыцары-крыжакі абаранялі Міжземнае мора ад турак.

Падчас Рэфармацыі некаторыя структурныя адзінкі ордэна перайшлі ў пратэстантызм і існуюць дагэтуль як ордэны Сьв. Яна ў Нямеччыне, Вялікай Брытаніі і іншых краінах.

У час Вялікай Францускай рэвалюцыі Мальтыйскі ордэн страціў Мальту. Спачатку выспу захапіў Напалеон, потым ангельцы. Гэта скарыстаў расейскі імпэратар Павал I. Ён запрасіў рыцараў у Расею, абвесьціў сябе Вялікім магістрам Ордэна. Пасьля сьмерці Паўла I Мальтыйскі ордэн пакінуў Расею.

Сучаснасьць

Мальтыйская выратавальная служба ў Нямеччыне

Пасьля выгнаньня з Мальты цэнтральныя органы Ордэну абаснаваліся ў Рыме. З таго часу Мальтыйкі ордэн актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасьцю. У шэрагу краінаў пад эгідай Мальтыйскага ордэну існуюць валянтэрскія арганізацыі, якія аказваюць мэдычную дапамогу, займаюцца дапамогай пацярпелым ад прыродных катаклізмаў, дапамогай бяздомным, арганізацыяй гуманітарнай дапамогі ў разьвіваючыяся краіны і інш. (напрыклад, Мальтыйскія службы дапамогі ў Нямеччыне і Аўстрыі).

У Польшчы існуе нацыянальная асацыяцыя мальтыйскіх рыцараў і Мальтыйская мэдычная служба. У Літоўскай рэспубліцы дзейнічае Корпус валянтэраў Мальтыйскага ордэну[1].

Мальтыйскі ордэн устанавіў дыпляматычныя дачыненьні з больш як 100 краінамі сьвету і мае сваіх прадстаўнікоў у Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя і Радзе Эўропы. З 1994 году мае статус сталага наглядальніка ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Ордэн выпускае ўласныя паштовыя маркі і манэты.

Жыгімонт Караль Радзівіл

Мальтыйскі ордэн і Беларусь

17—18 стагодзьдзі

На тэрыторыі Беларусі Мальтыйскі ордэн існаваў на працягу больш за 200 гадоў.[2]

Заснавальнікамі ордэнскіх структураў на Беларусі былі Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» і ягоны сын Жыгімонт Караль Радзівіл. Жыгімонт Караль пазнаёміўся з ордэнам падчас вучобы ў Балёньні і ўступіў у ягоныя шэрагі ў 1612 г.

У 1616 г. Мікалай Радзівіл заснаваў камандаторыю ордэна ў Сталовічах, на чале якой стаў Жыгімонт Караль.

Былы касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Сталовічах — у мінулым адзіная царква Мальтыйскага ордэну на тэрыторыі Беларусі

У 1740—1746 гг. у Сталовічах быў пабудаваны касьцёл сьвятога Яна Хрысьціцеля, які зрабіўся галоўным касьцёлам мальтыйскіх рыцараў у Беларусі.

У 1817 годзе пасьля далучэньня да Расейскай імпэрыі дзейнасьць Мальтыйскага ордэну на тэрыторыі Беларусі спынілася.

Сучаснасьць

З канца 20 стагодзьдзя Мальтыйскі ордэн аказваў дабрачынную дапамогу Беларусі па розных кірунках. У 1996 г. паміж Беларусьсю й Мальтыйскім ордэнам былі ўсталяваныя дыпляматычныя стасункі[2]. У 2009 годзе было падпісана паштовае пагадненьне паміж Беларусьсю й Ордэнам.

Глядзіце таксама

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Мальтыйскі ордэнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў