Нарвэжцы
Нарвэжцы | |
Рэгіёны пражываньня | |
---|---|
Рэлігіі | лютэранства |
Нарвэ́жцы, часам сустракаецца нарвэ́гі, — народ у Паўночнай Эўропе, асноўнае насельніцтва Нарвэгіі. Агульная колькасьць — больш за 5 мільёнаў чалавек, у тым ліку ў Нарвэгіі — каля 4,3 мільёнаў, яшчэ больш за 500 тыс. чалавек у ЗША, больш за 150 тыс. у Канадзе, па некалькі дзясяткаў тысячаў ва ўсіх скандынаўскіх краінах-суседзях Нарвэгіі.
Мова і рэлігія
У нарвэскай мове, што належыць да скандынаўскай падгрупы германскай групы індаэўрапейскай моўнай сям’і, значны дыялектны падзел. Існуюць дзьве літаратурныя нормы: нюношк і букмол.
Веравызнаньне нарвэжцаў пераважна лютэранскае, ёсьць прадстаўнікі іншых плыней пратэстантызму і каталікі.
Гісторыя
Лічыцца, што нарвэжцы — патомкі германскіх плямёнаў жывёлаводаў і земляробаў, што пасяліліся ў Скандынавіі ў канцы 3-га тысячагодзьдзя да н. э. Даўнейшыя ўзоры нарвэскай пісьменнасьці — рунічныя надпісы (не пазьней за VIII ст.).
Тэрмін «нарвэжац», менавіта нордман («паўночны чалавек») упершыню фіксуецца ў стараангельскіх крыніцах IX стагодзьдзя.
Стварэньне ў X—XI стагодзьдзях раньнефэадальнай дзяржавы і хрысьціянізацыя (з канца X ст.) спрыялі фармаваньню нарвэскага народа.
У часы вікінгаў (IX—XI ст.) нарвэскія перасяленцы заснавалі калёніі на астравах Паўночнай Атлянтыкі і Ісьляндыі, дзе зьмяшаліся зь іншымі этнасамі, ствараючы новыя этнасы — ісьляндцы і фарэрцы.
У канцы XIV ст. нарвэжцы трапляюць пад уладу Даніі і адбываюцца працэсы данізацыі, якія яшчэ ўзмацніліся пасьля Рэфармацыі 1536 году.
У 1814 годзе заключаная швэдзка-нарвэская унія. Зь яе разарваньнем у 1905 годзе Нарвэгія здабывае незалежнасьць.
Сёньня Нарвэгія — адна з найбольш разьвітых дзяржаваў сьвету. Разам з нарвэжцамі ў Нарвэгіі цяпер жыве і працуе шмат эмігрантаў зь іншых краінаў сьвету.
Традыцыйная культура
Фальклёр
Ад эпохі сярэднявечча да нас дайшлі ісьляндскія сагі, якія апавядаюць пра падзеі ў розных кутах скандынаўскага сьвету, у тым ліку ў Нарвэгіі. Збольшага народная творчасьць захоўваецца ў выглядзе шматлікіх чарадзейных казак і харавых і сольных песень. Папулярныя музычныя інструмэнты — скрыпка, арфа, рог, акардэон.
У старажытнасьці танец лічыўся часткай рытуальнага рэлігійнага досьведу. Але ўжо ў сярэднявеччы з Ангельшчыны і Францыі ў Нарвэгію трапілі танцы, якія дазвалялі супольна бавіць час і зьяўляліся прыемнай формай сацыяльных кантактаў. У Нарвэгіі шырока распаўсюджаныя парныя танцы і карагод рынгданс. Парныя народныя танцы: кадрыль рэлендэр, танец-гульня халінг і запаволеная нарвэская форма мазуркі.
Нарвэжцы
Сярод выдатных нарвэжцаў былі:
- клясык нарвэскай літаратуры Б’ёрнстэрнэ Б’ёрнсан
- матэматык Нільс Гэнрык Абэль
- кампазытар Эдвард Грыг
- дасьледнікі Руаль Амундсэн, Фрыцьёф Нансэн і Тур Хэердал
- пісьменьнік, клясык нарвэскай літаратуры Кнут Гамсун
- паэт і драматург Гэнрык Ібсэн
- мастак Эдвард Мунк
- шмат спартоўцаў, у прыватнасьці зімовых відаў спорту, і зорак шоў-бізнэсу.