«Палмэйрас» (па-партугальску: Palmeiras) — бразыльскі футбольны клюб з гораду Сан-Паўлу, заснаваны 26 жніўня 1914 году як «Палестра Італія» італьянскімі імігрантамі. Сваю сучасную назву атрымаў 14 верасьня 1942 году. Акрамя чэмпіянату Бразыліі выступае ў Лізе Паўліста, якая ёсьць першынством штату Сан-Паўлу. «Палмэйрас» ёсьць папулярным і пасьпяховым бразыльскім клюбам, які мае каля 18 мільёнаў прыхільнікаў і 126 тысячаў афіляваных прыхільнікаў[1], асабліва сярод бразыльцаў італьянскага паходжаньня. Не зважаючы на тое, што галоўнай зьяўляецца футбольная каманда, існуюць шэраг іншых камандаў клюбу ў розных відах спорту. Клюб 10 разоў станавіўся чэмпіёнам краіны, што робіць яго самым пасьпяховым клюбам Бразыліі.