Садружнасьць нацыяў
Садружнасьць нацыяў | |
анг. Commonwealth of Nations | |
Дата ўтварэньня | 19 лістапада 1926 (97 гадоў таму) |
---|---|
Тып | міжурадавая |
Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
Штаб-кватэра | Мальбара-гаўс, Лёндан, Вялікабрытанія |
Сяброўства | 56 дзяржаваў (2023) |
Афіцыйныя мовы | ангельская |
Старшыня | Карл III |
Сайт | thecommonwealth.org |
Садружнасьць нацыяў (па-ангельску: The Commonwealth) — садружнасьць заснаваная ў 1931 годзе Вялікабрытаніяй і ейнымі дамініёнамі — Канадай, Аўстраліяй, Паўднёва-Афрыканскім Зьвязам, Ньюфаўндлэндам і Ірляндыяй. Першапачаткова арганізацыя называлася як Брытанская Садружнасьць нацыяў, але з 1947 году назва зьмянілася на сучасную.
Пасьля Другой сусьветнай вайны ў складзе Садружнасьці засталася большасьць колішніх калёніяў Вялікабрытаніі — каля 50 краінаў з агульнай тэрыторыяй больш за 30 млн км² і насельніцтвам звыш 1,2 млрд чалавек ва ўсіх частках сьвету.
Садружнасьць ня мае ўстаноўчых пагадненьняў, канстытуцыяў, афіцыйных атрыбутаў. Дзяржавы валодаюць поўным сувэрнітэтам ва ўнутраных і зьнешніх справах. Агульныя праблемы вырашаюцца на канфэрэнцыях, рашэньні канфэрэнцыяў несапраўдныя для краінаў, якія прагаласавалі «супраць». Краіны Садружнасьці могуць быць рэспублікамі (Індыя, Гана, Замбія і інш.) ці манархіямі (Вялікабрытанія, Малайзія, Брунэй, Эсўатыні і інш.).
Паводле канстытуцыяў 16 краінаў юрыдычна зьяўляюцца манархіямі, якія фармальна ўзначальвае манарх Вялікабрытаніі, які прадстаўлены ў краінах сваімі генэрал-губэрнатарамі. Гэтыя краіны называюцца дзяржавамі ў складзе Садружнасьці (11 краінаў у Амэрыцы — Канада, Бэліз, Ямайка, Барбадас, Багамы і 6 краінаў разьмешчаных на Малых Антыльскіх выспах, 5 краінаў у Акіяніі — Аўстралія, Новая Зэляндыя, Папуа-Новая Гвінэя, Саламонавы астравы і Тувалу). Дзяржавы ў складзе Садружнасьці арыентуюцца на палітыку, прававую сыстэму і традыцыі Вялікабрытаніі.
Лучнасьць
Краіны Садружнасьці маюць шмат пазаўрадавых сувязяў, вялікай колькасьць няўрадавых арганізацыяў, якія дзеюць у галіне спорту, культуры, адукацыі, права і дабрачыннасьці, базуючыся на зьвязе Садружнасьці.
Сакратарыят Садружнасьці рэгулюе афіцыйную акрэдытацыю як арганізацыі Садружнасьці праз адмысловы камітэт. Асноўнымі крытэрамі таго, каб стаць арганізацыяў у рамках зьвязу, ёсьць захаваньне прыхільнасці Статуту Садружнасьці. У цяперашні час афіцыйную акрэдытацыю маюць каля 80 арганізацыяў[1]. Сюды ўваходзяць Асацыяцыя ўнівэрсытэтаў Садружнасьці, якая кіруе стыпэндыямі, што дазваляе студэнтам навучацца ў рохных краінах Садружнасьці, а таксама Парлямеэцкая асацыяцыя Садружнасьці, якая зьвязвае больш за 180 парлямэнтаў аб’яднаньня.
Фундацыя Садружнасьці
Адной з галоўных арганізацыяў аб’яднаньня ёсьць Фундацыя Садружнасьці. Гэтая міжурадавая арганізацыя, якая фінансуецца і падпарадкоўваецца ўрадам Садружнасьці і кіруецца каштоўнасьцямі і прыярытэтамі зьвязу. Ейны мандат скіраваны ва ўмацаваньне грамадзянзкай супольнасьці ў дасягненьні прыярытэтаў Садружнасьці, а менавіта дэмакратыі і добрага кіраваньня, павагі да правоў чалавека і гендэрнай роўнасьці, выкараненьню беднасьці, арыентацыі на чалавека і ўстойлівага разьвіцьця, а таксама садзейнічаньню разьвіцьця мастацтва і культуры[2].
Фундацыя паўстала ў 1965 годзе з ініцыятывы кіраўнікоў урадаў аб’яднаньня. Прыём вольны для ўсіх сябраў Садружнасьці, гэтак паводле стану на сьнежань 2023 году ў арганізацыі налічвалася 48 краінаў з 56 краінаў, якія ўваходзяць у Садружнасьць. Для асацыяваных краінаў і заморскіх тэрыторыяў урадаў адкрыта асацыяванае сяброўства, якім скарыстаўся Гібральтар. У 2005 годзе адзначалася 40-годзьдзе фундацыі. Ейная сядзіба месьціцца ў лёнданскім Мальбара-гаўс. Паміж сакратарыятам і фундацыяй існуе рэгулярная сувязь і супрацоўніцтва. Фундацыя працягвае служыць шырокім мэтам, дзеля якіх ён быў створаны, што адлюстравана ў мэмарандуме аб узаемаразуменьні[2].
Гульні Садружнасьці
Сярод сябраў арганізацыі спраўна раз на чатыры гады ладзяцца Гульні Садружнасьці. Акрамя звычайных лёгкаатлетычных дысцыплінаў, якія можна пабачыць на летніх Алімпійскіх гульнях, у праграму гульняў улучаныя асабліва папулярныя ў краінах Садружнасьці віды спорту, як то боўлз, нэтбол і рэгбі-7. Гульні Садружнасьці паўсталі ў 1930 годзе як Імпэрскія гульні, якія базаваліся на мадэлі алімпійскага аматарства, але былі наўмысна распрацаваны як гульні таварыства[3] з мэтай садзейнічаньню разьвіцьцю дачыненьняў паміж рознымі часткамі Брытанскай імпэрыі і сьвяткавання іхных агульных спартовых і культурных адносінаў[4].
Гульні маюць прыкметную цікавасьць у краінах Садружнасьці[3][5]. На сёньня існуюць спрэчкі наконт таго, ці павінны гульні ды ўвесь спорт агулам уключацца ў больш шырокую палітычную каньюктуру Садружнасьці[4]. У 1977 годзе было складзенае Гленіглаўскае пагадненьне, якое абавязала краіны Садружнасьці змагацца супраць апартэіду праз абмежаваньне спартовых дачыненьняў з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, якая на той час была пазбаўленая сяброўства ў арганізацыі. У той жа час Гульні Садружнасьці 1986 году байкатавалі большасьць краінаў Афрыкі, Азіі і Карыбскага басэйна празь няўдачу іншых краінаў у забесьпячэньня выкананьня Гленіглаўскага пагадненьня[6]. Ангельшчына, Шатляндыя, Ўэйлз і Паўночная Ірляндыя бяруць удзел у спаборніцтвах як асобныя асацыяцыі.
Садружнасьць навучаньня
Садружнасьць навучаньня дзеіць як міжурадавая арганізацыя, створаная кіраўнікамі ўрадаў дзеля заахвочваньня разьвіцьця ды абмену ведамі, рэсурсамі і тэхналёгіямі адкрытага ці дыстанцыйнага навучаньня. Арганізацыя дапамагае разьвіваным краінам пашырыць дасяжнасьць да якаснай адукацыі і навучаньня[7].
Крыніцы
- ^ «Directory of accredited organisations». The Commonwealth.
- ^ а б «About Us». Commonwealth Foundation.
- ^ а б McKinnon, Don (02.2008). «A Commonwealth of Values: a Commonwealth of incomparable value». The Round Table. 97 (394): 19—28. — doi:10.1080/00358530801890561.
- ^ а б «Commonwealth Games and Art Festival». The Round Table. 91 (365): 293—296. 2002. — doi:10.1080/0035853022000010308
- ^ McDougall, Derek (07.2005). «Australia and the Commonwealth». The Round Table. 94 (380): 339—349. — doi:10.1080/00358530500175033.
- ^ Muda, Muhammad (04.1998). «The significance of the Commonwealth Games in Malaysia’s foreign policy». The Round Table. 87 (346): 211—226. — doi:10.1080/00358539808454416.
- ^ «About». The Commonwealth of Learning".