Са́йман Сьміт Кузьне́ц (нар. Шы́ман Абра́мавіч Кузьне́ц; 1901, Пінск, цяпер Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 1985, Кембрыдж, штат Масачусэтс, ЗША) — амэрыканскі эканаміст родам зь Беларусі. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы (1971) «за эмпірычнае абгрунтаванае тлумачэньне эканамічнага росту, якое прывяло да новага, больш глыбокага разуменьня эканамічнай і сацыяльнай структуры і працэсу разьвіцьця ў цэлым».
Нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў Пінску, дзе, як мяркуецца, навучаўся ў гарадзкім рэальным вучылішчы, пасьля чаго сям’я пераехала ў Роўна, а ў 1915 годзе, у сувязі з высяленьнем габрэяў з прыфрантавой зоны, у горад Харкаў. Тут Кузьнец вучыўся ў 2-м рэальным вучылішчы (26 кастрычніка 1915 — 16 траўня 1917 г.) і ў Харкаўскім камэрцыйным інстытуце.