Сакрат
Сакрат | |
па-старажытнагрэцку: Σωκράτης | |
Дата нараджэньня | 469 да н. э.[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 15 лютага 399 да н. э.[3] |
Месца сьмерці | |
Аказалі ўплыў | Анаксагор, дасакратыкі[d] і sophist[d] |
Вучні | Плятон, Ксэнафонт[d], Антысфен[d], Арыстып[d], Ісакрат[d], Эўклід з Мэгары[d], Федан з Эліды[d], Aeschines of Sphettus[d], Chaerephon[d], Simmias of Thebes[d], Cebes[d], Menexenus[d], Apollodorus[d] і Алькібіяд[d] |
Сакра́т (па-грэцку: Σωκράτης; 470 да н. э. — 399 да н. э.) — адзін з найбольш знаных антычных філёзафаў, а таксама найбольш загадкавая асоба з усёй гісторыі філязофіі. Ён не напісаў ані радка, аднак належыць да тых, хто зрабіў самы вялікі ўплыў на разьвіцьцё заходняй філязофскай думкі. Вядомы галоўным чынам дзякуючы пасьмяротным творам клясычных аўтараў, асабліва ягоных вучняў Плятона і Ксэнафона. Гэтыя творы напісаныя ў форме дыялёгаў, дзе Сакрат і ягоныя суразмоўцы дасьледуюць тэмы ў стылі пытаньняў і адказаў. Яны сталі грунтам літаратурнага жанру сакратычных дыялёгаў. Супярэчлівыя апісаньні Сакрата робяць рэканструкцыю ягонай філязофіі амаль немагчымай, што вядома як «сакратава праблема».
Сакрат зрабіў моцны ўплыў на філёзафаў у позьняй Антычнасьці, а таксама працягвае ўплываць да сёньня. Яго вывучалі сярэднявечныя і ісламскія навукоўцы, а таксама Сакрат адыграў важную ролю ў мысьленьні італьянскага Адраджэньня, асабліва ў межах гуманістычнага руху. Інтарэс да яго не згасаў і пасьля, што адлюстравана ў творах Сёрэна К’еркегора і Фрыдрыха Ніцшэ. Вобразы Сакрата ў мастацтве, літаратуры і папулярнай культуры зрабілі яго шырока вядомай фігурай у заходняй філязофскай традыцыі.
Жыцьцё
Зьвесткі пра Сакрата можна знайсьці ў яго сучасьнікаў: у дыялёгах, напісаных Плятонам, адным з вучняў Сакрата; у працах Ксэнафона; у творах Арыстафана і Арыстотэля (гл. Узгадкі пра Сакрата). Аднак Арыстафан узгадвае Сакрата ў кантэксьце сатырычнай атакі на філёзафаў і фактычна не адлюстроўвае жыцьця Сакрата.
Будучы філёзаф нарадзіўся ў 470 або 469 годзе да н. э. у атэнскім дэме Аляпэке. Бацькамі філёзафа былі скульптар Сафронік і павітуха Фэнарэта. Сакрат быў атэнскім грамадзянінам, бо нарадзіўся ў адносна заможнай атэнскай сям’і[4][5]. Ён жыў з сваякамі бацьковай лініі і, паводле звычаяў, атрымаў у спадчыну частку бацькавай маёмасьці, што, як мяркуецца, забясьпечыла яму жыцьцё без асаблівых фінансавых турботаў[6]. Тым ня менш, застаецца незразумелым, як Сакрат зарабляў на жыцьцё. Згодна з творам Ксэнафона «Сымпозіюм», Сакрат нібыта сказаў, што ён прысьвяціў сябе таму, што лічыць найбольш важным заняткам, а менавіта абмеркаваньню філязофіі. Адукацыя хлопчыка адпавядала законам і звычаям Атэнаў. Ён засвоіў асноўныя навыкі чытаньня і пісьма, а таксама, як і большасьць заможных атэнцаў, браў дадатковыя ўрокі ў розных галінах, як то гімнастыцы, паэзіі і музыкі[7]. У Сакрата была жонка Ксантыпа[8], якая нарадзіла яму трох сыноў: Лямпокла, Сафроніка і Мэнэксэна. Традыцыйна, Ксантыпа лічыцца зласьлівай мэгерай, у асноўным дзякуючы ейнай характарыстыцы ў Ксэнафона. Сакрат прайшоў вайсковую службу за часам Пэляпанэскай вайны і, паводле Плятона, вызначыўся ў трох кампаніях[9].
Маецца выпадак, які адлюстроўвае павагу Сакрата да закона, павязаны з арыштам Лявона Салямінскага. Як апісвае Плятон у «Апалёгіі», Сакрата і яшчэ чатырох чалавек выклікалі ў Талёс і прадстаўнікі Трыццаці тыранаў, якія пачалі кіраваць у 404 годзе да н. э., загадалі ім арыштаваць Лявона дзеля пакараньня сьмерцю. Сакрат быў адзіным, хто адмовіўся рабіць гэта, рызыкнуўшы ўласным жыцьцем, але ўнікнуў таго, што ён лічыў злачынствам[10][8].
Сакрат прыцягваў вялікую цікавасьць атэнскага грамадзтва, асабліва моладзі[11]. Ён быў вядомы сваёй непрывабнасьцю, бо меў пляскаты і кірпаты нос, выпуклыя вочы і вялікі жывот. Ягоныя сябры часта жартавалі зь ягонага выгляду[12]. Сакрат быў абыякавы да матэрыяльных задавальненьняў, грэбуючы сваім выглядам і асабістай выгодай. Ён унікаў асабістай гігіены, толькі зрэдку мыўся, хадзіў басанож і меў толькі адзіны зношаны плашч[13]. У ежы, пітве і плоцевых стасунках ён выяўляў мернасьць, але не практыкаваў поўнага ўстрыманьня[13]. Не зважаючы на тое, што Сакрат шмат часу бавіў з моладзьдзю, як гэта было звычайным і прымальным у Старажытнай Грэцыі, ён здолеў пераадолець сваю жарсьць да маладых мужчынаў, бо, паводле Плятона, яго больш цікавіла выхаваньне іхных душ[14]. Сакрат не імкнуўся да інтымных адносінаў з сваімі вучнямі, як гэта часта здаралася ў адносінах паміж старэйшымі і маладымі мужчынамі ў Атэнах.
У палітычным пляне Сакрат не схіляўся ані да аднаго боку ў суперніцтве паміж дэмакратамі і алігархам, крытыкуючы абодва лягеры[15]. Характар Сакрата, апісаны ў «Апалёгіі», «Крытоне», «Фэдоне» і «Сымпозіюме», у значнай ступені супадае зь іншымі крыніцамі, што дазваляе давяраць Плятонаваму вобразу Сакрата ў гэтых творах як прадстаўніку рэальнага Сакрата. Але ў сувязі з тым, што пра ўсё, што датычыць Сакрата, мы можам меркаваць выключна са словаў яго сучасьнікаў, вельмі цяжка аддзяліць погляды Сакрата ад пазыцыі аўтараў твораў.
Суд і сьмерць
У 399 да н. э. Сакрат быў абвінавачаны ў тым, што ён стварае новых багоў, а таксама псуе моладзь.
Згодна з вэрсіяй прамовы Сакрата перад судом, якую ў сваёй «Апалёгіі Сакрата» падае Плятон, філёзаф стаў «сьлепнем» для Атэнаў пасьля таго, як яго сябар Хэрэфон запытаў Дэльфійскага аракула, ці існуе хтосьці разумнейшы за Сакрата. Аракул адказаў, што такіх людзей няма. Сакрат, зразумеўшы гэта як загадку, вырашыў знайсьці чалавека, разумнейшага за сябе. Ён апытаў мужчын у Атэнах аб іх ведах пра дабро, прыгажосьць і годнасьць. Вызначыўшы, што яны нічога ня ведаюць, але ж думаюць, што ведаюць шмат, Сакрат прыйшоў да наступнай высновы: ён сам можа лічыцца разумным, бо «ведае», што нічога ня ведае. Інтэлектуальная перавага Сакрата прымушала знакамітых атэнцаў, зь якімі ён прылюдна размаўляў, адчуваць сябе дурнямі, што безумоўна настроіла іх супраць філёзафа і прывяло да абвінавачаньня яго ў злачынствах.
Тым ня менш Сакрат быў прызнаны вінаватым і вырачаны на сьмерць. Філёзаф выпіў атруту зь фіялы і памёр у прысутнасьці сваіх сяброў. У дыялёгу «Фэдон» апісваецца, што Сакрат сустрэў сьмерць спакойна, мужна прыняўшы вырак суда.
Згодна з Ксэнафонам і Плятонам, у Сакрата была магчымасьць зьбегчы, бо яго прыхільнікі зьбіраліся даць хабар ахове турмы. Аднак пасьля гэтага Сакрат быў бы вымушаны пакінуць Атэны. І ён адмовіўся ад пабегу.
Сакратаў мэтад
Напэўна, найбольш важкім Сакратавым укладам у заходнюю культуру лічыцца ягоны дыялектычны мэтад дасьледваньня, ведамы таксама як Сакратаў мэтад. Упершыню гэты мэтад быў апісаны Плятонам у сакратычных дыялёгах. Філёзаф ставіў суразмоўцу шэраг пытаньняў, каб памагчы яму вызначыць сваю пазіцыю. Гэта дазваляла суразмоўцу спраўдзіць абгрунтаванасьць сваіх думак. Сакрат неяк сказаў, што “найвялікшае майстэрства чалавека — задаваць пытаньні сабе ды іншым”.
Сакратава этыка
Сакрат лічыў, што людзі мусяць сканцэнтравацца на самаразьвіцьці, а не на імкненьні да матэрыяльных выгодаў. На думку Сакрата, маральным чалавек можа быць толькі тады, калі ведае, што такое дабро. Веды і мараль для яго непадзельныя. «Таго, хто спазнаў добрае і благое, нішто ўжо не прымусіць дзейнічаць іначай, чым загадваюць гэтыя веды, і розум дастаткова моцны, каб дапамагчы чалавеку».
У Сакратавай этыцы выразна можна прасачыць рацыяналізм: добрае — гэта веды, благое — няведаньне. Важнейўыя добрыя якасьці, якія называе Сакрат, — гэта стрыманасьць, мужнасьць, справядлівасьць.
Узгадкі пра Сакрата
Плятон, Ксэнафон і Арыстотэль — гэта асноўныя крыніцы інфармацыі аб гістарычным Сакраце. Ксэнафон і Плятон былі вучнямі Сакрата, і верагодна, яны ідэалізуюць свайго настаўніка. Аднак яны напісалі адзінае пасьлядоўнае апісаньне Сакрата, якое захавалася да нашых часоў. Арыстэтэль часта ўзгадвае Сакрата ў сваіх творах, аднак толькі мімаходам. Сакрат зьяўляецца цэнтральнай фігурай амаль ва ўсіх дыялёгах Плятона. Аднак у сваіх позьніх творах Плятон, відавочна, укладае свае думкі ў вусны настаўніку.
Крыніцы
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #118615270 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ http://www.rubicon.hu/magyar/oldalak/kr_e_399_februar_15_szokratesz_kiissza_a_meregpoharat/
- ^ Ober 2010. С. 159—160.
- ^ Guthrie 1972. С. 58.
- ^ Ober 2010. С. 160—161.
- ^ Ober 2010. С. 161—162.
- ^ а б Guthrie 1972. С. 65.
- ^ Guthrie 1972. С. 59.
- ^ Ober 2010. С. 167—171.
- ^ Guthrie 1972. С. 78.
- ^ Guthrie 1972. С. 66—67.
- ^ а б Guthrie 1972. С. 69.
- ^ Guthrie 1972. С. 70—75.
- ^ Guthrie 1972. С. 92—94.
Літаратура
- Ober, Josiah Socrates and Democratic Athens // The Cambridge Companion to Socrates / Уклад. Donald R. Morrison. — University of Chicago Press, 2010. — ISBN 978-0-521-83342-4
- Guthrie, W. K. C. A History of Greek Philosophy: Volume 3, The Fifth Century Enlightenment, Part 2, Socrates. — Cambridge University Press, 1972. — ISBN 978-0-521-09667-6
Вонкавыя спасылкі
- Энцыкляпэдычны артыкул на Slounik.org
- Выслоўі Сакрата (рас.)