Эвангельле паводле Лукі

Кніга Новага Запавету

Эвангельле паводле Лукі


Гістарычныя кнігі
Дыдактычныя кнігі
Прароцкія кнігі

Эвангельле паводле Лукі — адна з кнігаў Бібліі, якая ўвайшла ў сьпіс кніг Новага Запавету. Разьмяшчаецца пасьля Эвангельля паводле Марка перад Эвангельлем паводле Яна.

Аўтарства

Эвангеліст Лука на грэцкай выяве X стагодзьдзя

Нягледзячы на тое, што ў пачатку кнігі аўтар кажа свае мэты напісаньня кнігі, уласна ягонае імя нідзе ў творы не згадваецца. Згодна паданьням імя аўтара было Лука, — адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Паўла й ягоных бліжэйшых сяброў. У лісьце да каласянаў (Кал 4:14) Павал называе яго «шаноўны наш лекар Лука». Лічыцца, што суправаджаючы Паўла Лука вёў дзёньнік, які стаў падставай для напісаньня й іншай ягонай кнігі — Дзеі Сьвятых Апосталаў. Згодна з тымі жа паданьнямі, лічыцца, што Лука нарадзіўся ў Антыёхіі Сырыйскай й быў хутчэй за ўсё грэкам. Лука ня быў сьведкам эвангельскім апавяданьням, і ён сам піша ў пралогу, што апіраўся на створаныя да яго хрысьціянскія творы, на апавяданьні «сьведкаў Слова». Лука вельмі сур’ёзна падыходзіў да гэтых сьведчаньняў, старанна правяраючы крыніцы й удакладняючы храналягічную хаду падзеяў.

Месца і час напісаньня

Дакладны час напісаньня Эвангельля невядомы. Лічыцца, што яно зьявілася на сьвет паміж 70 і 90 гадамі. У ліку ягоных крыніц былі Эвангельле паводле Марка (каля 50% тэксту) і, магчыма, Эвангельле паводле Мацьвея ці гэтак званыя «лёгіі», напісаныя апосталам. Твор прызначаўся хрысьціянам з былых паганцаў і быў створаны ў Ахаі ці Бэотыі, дзе згодна з паданьнямі Лука жыў да самай сваёй сьмерці; аднак магчымым месцам напісаньня зьяўляецца таксама Кейсарыя ці Антыёхія Сырыйская.

Асаблівасьці твору

Канчатак Эвангельля паводле Лукі й пачатак паводле Яна ў Ватыканскім кодэксе.

Эвангельле знаходзіцца на трэцім радку ў сьпісе кнігаў Новага Запавету, яно самае вялікае зь іх паводле аб’ёму. Аўтар задумаў напісаць твор, у якім распавядалася пра дзеяньні Ісуса Хрыста, а таксама пра працяг Ягонага служэньня Царквой пад узьдзеяньнем Сьвятога Духа. Пазьней атрымалася так, што твор аказаўся падзеленым: першая частка стала Эвангельлем паводле Лукі, а другая — кнігай Дзеі Сьвятых Апосталаў. Эвангельле вылучаецца сярод астатніх сынаптычных Эвангельляў высокім літаратурным узроўнем, ягоны творца быў адораным пісьменьнікам і дасьведчаным гісторыкам.

Ключавымі словамі гэтага Эвангельля зьяўляюцца радасьць, мір і ўратаваньне. У ягоным цэнтры стаіць Хрыстос, Які прынёс выратаваньне ўсяму сусьвету. Нездарма Лука прагледжвае радавод Ісуса да першага чалавека — Адама, які названы сынам Бога. Гэтым падкрэсьліваецца ўнівэрсальны характар Радаснай весткі. Выратаваньне прызначана для ўсіх людзей, у тым ліку й для тых, каго лічылі самымі цяжкімі грэшнікамі: для зборшчыкаў падаткаў, для самарыцянаў, для паганцаў. Выратаваньне адчынена для людзей заўсёды, нават да апошніх хвілінаў жыцьця: гэтак збойца атрымоўвае выратаваньне перад самай сьмерцю на крыжы. Нягледзячы на тое, што ў мінулым жанчыны ўваходзілі ў лік бяздольных, аўтар Эвангельля выкарыстоўвае самае вялікую колькасьць жаночых імёнаў, а зьвесткі на дзяцінства Ісуса дадзены хутчэй за ўсё Марыяй, маці Ісуса.

Хрыстос у Эвангельлі перш за ўсё Збаўца, поўны любові й ласкі. У ягоным твары Божае валадарства ўжо прыйшло да людзей. Вялікую ролю ў Эвангельлі гуляе малітва, асабліва падзячная, поўная радасьці й хвалы. У Эвангельлі значна часьцей за іншыя апавядаецца пра малітвы Ісуса. Таксама ў Эвангельлі самая вялікая колькасьць прыпавесьцей. Усе самыя вядомыя прыпавесьці: пра міласэрнага самарыцяніна, пра блуднага сына, пра малітвы фарысэя й зборшчыка падаткаў, — знаходзяцца ў гэтым Эвангельлі. Не зважаючы на тое, што Эвангельле прызначана для былых паганцаў, Лука ўвесь час падкрэсьлівае габрэйскія карані хрысьціянскай веры. Падзеі пачынаюцца ў Храме, дзе Анёл прадказвае сьвятару Захарыі аб нараджэньні сына Яна, і заканчваецца таксама ў Храме, дзе апасьля ўваскрасеньня й узьнясеньня Хрыста вучні Ісуса ўвесь час застаюцца ў малітве й радасьці.

Структура кнігі

Эвангельле складаецца з 24 разьдзелаў. Яно пачынаецца з пралогу, у якім Лука паведамляе пра падставу й мэту напісаньня твора, а таксама пра мэтады працы з крыніцамі. Ён прысьвячае сваю працу нейкаму хрысьціяніну пад іменем Тэафіл. У першых разьдзелах паведамляецца ня толькі пра нараджэньне Хрыста, але й пра нараджэньне Яна Хрысьціцеля. Далей апавяданьне вядзецца гэтак жа як і ў Марка, за выключэньнем некаторых тэкстаў (Мк 6:45-8:26), якую бібліязнаўцы назвалі «вялікім пропускам». Пасьля служэньня ў Галілеі Ісус накіроўваецца ў Ерусалім. Большая частка Эвангельля, то бок больш за 10 разьдзелаў, апавядае пра гэты шлях, таму часта кнігу называюць Эвангельлем Шляху. Таксама гэтым словам «Шлях» называла сабе першая Хрысьціянская Царква.

Кароткі плян

  • Пралёг (1:1-4)
  • Нараджэньне й дзяцінства Яна Хрысьціцеля й Ісуса Хрыста (1:5-2:52)
  • Прыгатаваньне да служэньня (3:1-4:13)
  • Служэньне ў Галілеі (4:14-9:50)
  • Шлях Хрыста ў Ерусалім (9:51-19:27)
  • Служэньне ў Ерусаліме (19:28-21:38)
  • Пакуты й сьмерць Хрыста (22:1-23:56)
  • Уваскрасеньне й узьнясеньне (24:1-53)

У культуры

  • «Ісус» (1979) — амэрыканскі фільм рэжысэра Пітэра Сайкса(en) (1939—2006)

Літаратура

  • Н. Т. Райт. Лука. Евангелие. Популярный комментарий. ББИ, 308 стр., 2008. ISBN 5-89647-190-4.
  • В.Н. Кузнецова. Евангелие от Луки. Комментарий. Фонд имени Александра Меня. 556 стр., 2004, ISBN 5-87507-267-9
  • Новый завет. Комментарий к Библии под ред. А. П. Лопухина. 2006. ISBN 978-5-9989-18087.
  • Аверинцев С. Собрание сочинений. Дух и литера, 2004, 500 стр. ISBN 9667888843.

Вонкавыя спасылкі