Юры Радзівіл (біскуп)

Юры Радзівіл
лац. Jury Radzivił
Юры Радзівіл, партрэт XVII ст.
Юры Радзівіл, партрэт XVII ст.

Герб Трубы
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 31 траўня 1556
Памёр 21 студзеня 1600(1600-01-21) (43 гады)
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Мікалай Радзівіл «Чорны»
Альжбета з Шыдлавецкіх
Дзейнасьць дыплямат, каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Ю́ры Радзіві́л[a] (31 траўня 1556, в. Лукішкі, цяпер у межах Вільні — 23 студзеня 1600, Рым) — царкоўны і дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай.

Юры Радзівіл — першы каталіцкі кардынал зь Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія

Біскуп і яго герб, 1840 г.

Паходзіў зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў, сын Мікалая «Чорнага», канцлера вялікага літоўскага, і Альжбеты з Шыдлавецкіх. Меў братоў Альбрэхта, Мікалая Крыштапа і Станіслава, а таксама сясьцёр Ганну Магдалену, Крыстыну, Соф’ю Агнешку і Альжбету.

Выхоўваўся ў духу кальвінізму. Навучаўся ў кальвінскіх школах у Вільні і Нясьвіжы, працягваў адукацыю ў Ляйпцыскім унівэрсытэце (1571—1573). Разам з братам Мікалаем Крыштапам Радзівілам Сіроткам езьдзіў у Францыю па абранага караля Генрыка Валезу. У 1576[1] годзе пры Пятру Скарзе перайшоў у каталіцтва. Вывучаў філязофію і тэалёгію ў Рымскім калегіюме.

Быў каад’ютарам (памочнікам-намесьнікам) біскупа Валяр’яна Пратасевіча (1574—1581). У 1577—1578 гадох зьдзейсьніў пілігрымку ў Сант’яга-дэ-Кампастэля. У 1581—1591 гадох біскуп віленскі, у 1583 годзе атрымаў годнасьць кардынала.

У 1581—1584 гадох быў намесьнікам караля (губэрнатарам) у Інфлянтах, зь цяжкасьцю выконваў абавязкі. Далучыў да Рэчы Паспалітай Пільтэнскую воласьць у Курляндыі ў 1583—1585 гадох. Спрыяў запрашэньню ў Рыгу нямецкіх езуітаў, стварэньню там калегіюму і пачатку вяртаньня Каталіцкага касьцёла ў былую Лівонію. Асабіста браў удзел у перамовах у часе каляндарных хваляваньняў у Рызе, будучы на яе замку ў 1585 годзе, і Інфлянцкай рэвізіі 1594 году[2].

Дзейна змагаўся супраць Рэфармацыі, у 1581 годзе ўвёў у сваёй дыяцэзіі цэнзуру друку. У 1582 годзе на ўласныя сродкі адкрыў Віленскую духоўную сэмінарыю.

Па сьмерці Стафана Баторыя на элекцыйным сойме 1587 году падтрымліваў выхадца з аўстрыйскае дынастыі Габсбургаў Максіміліяна, аднак каралём і вялікім князем абралі Жыгімонта Вазу. Па збліжэньні ў 1589 годзе з Габсбургам павялічыў свой уплыў пры двары. У 1589 годзе разам з ваяводам кракаўскім Мікалаем Фірлеем езьдзіў з пасольствам да Рудольфа ІІ Габсбурга, у 1591 годзе — у Рым, на зваротным шляху рэпрэзэнтаваў папу Клімэнта VIII. З 1591 году стаў біскупам кракаўскім. Спрыяў шлюбу Жыгімонта Вазы з эрцгэрцагіняй з дому Габсбургаў Ганнай у 1592 годзе. Быў адным з найбліжэйшых дарадцаў караля, у 1596—1597 гадох вёў перамовы пра далучэньне Рэчы Паспалітай да антытурэцкае каталіцкае лігі[1].

Браў удзел у канклавах, на якіх абіралі папамі рымскімі Інакенцыюса IX (1591 год) і Клімэнта VIII (1592 год). Браў удзел у падрыхтоўцы Берасьцейскай уніі. Памёр у Рыме, куды яго запрасілі для ўдзелу ў юбілеі 1600 году. Спачыў у касьцёле Іль Джэзу.

Аўтар напісаных на лаціне дзёньніка паездкі ў Італію 1575 годзе (выйшлі з друку ў 1935 годзе пад назвай «Dziennik podrozy do Wloch w 1575 roku») і ўспамінаў пра Інфлянты (надрукаваныя ў 1899 годзе).

Галерэя

Малярства

Графіка

Дадатковыя зьвесткі

Фарны касьцёл у Нясьвіжы набыў свой манумэнтальны барокавы выгляд дзякуючы Юрыю Радзівілу. Менавіта ён ініцыяваў разборку муроў папярэдняга касьцёла, закладзенага ў 1581 годзе і збудаванага ў іншым, састарэлым на той час стылі. Апроч таго, першы будынак меў меншыя памеры, над ім не было купала[3].

Заўвагі

  1. ^ лац. Georgius Radzivil, польск. Jerzy Radziwiłł

Крыніцы

  1. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 499.
  2. ^ Urzędnicy inflanccy XVI—XVII wieku. Spisy / Opracowali K. Mikulski, А. Rachuba. — Kórnik, 1994. S. 36.
  3. ^ Тамара Г. Святыня незвычайнага лёсу // Наша Вера. № 2 (5), 1998 г.

Літаратура