Інкуб (фільм)
Інкуб | |
---|---|
Incubus | |
Жанр | фільм жахаў[2][3] |
Рэжысёр | |
Сцэнарыст | |
У галоўных ролях |
|
Аператар | |
Кампазітар | |
Кінакампанія | Contempo III Productions |
Працягласць | 78 хвілін |
Бюджэт | каля $125 000[1] |
Краіна | ЗША |
Мова | Эсперанта |
Год | 1966 |
IMDb | ID 0059311 |
Інкуб (лац.: Incubus) — амерыканскі фільм жахаў 1966 года. Зняты Леслі Стывенсам, рэжысёрам серыяла «За мяжой магчымага». У галоўнай ролі зняўся Уільям Шэтнер, які потым набыў вядомасць дзякуючы здымкам у серыяле «Зорны шлях». Аператарам фільма стаў Конрад Хол, будучы лаўрэат трох «Оскараў» за фільмы «Бутч Кэсідзі і Сандэрс Кіт», «Прыгажосць па-амерыканскі» і «Пракляты шлях».
Для стварэння атмасферы таямнічасці «Інкуб» быў цалкам зняты на мове эсперанта[6], рэжысёр забараніў дубляванне на іншыя мовы.
На працягу многіх гадоў фільм лічыўся страчаным, паколькі арыгінал загінуў падчас пажара, а копіі не захаваліся. У 2001 годзе фільм быў адноўлены з ацалелай французскай копіі і выпушчаны на DVD.
Сюжэт
Дзеянне фільма адбываецца ў вёсцы пад назвай Nomen Tuum (лац.: тваё імя), дзе ёсць крыніца, якая дае здароўе і прыгажосць. Шмат людзей наведвае вёску, каб ацаліцца і набыць знешнюю прыцягальнасць. Вёска карыстаецца нядобрай славай як месца жыхарства цёмных сілаў і дэманаў. Сукубы, якія жывуць у вёсцы, спакушаюць грэшныя душы каб прывесці іх да смерці і аддаць Богу Цемры. Маладой і амбіцыйнай жанчыне-сукубу Кіа (Элісан Эймх) надакучыла адпраўляць у пекла звычайных грэшнікаў. Яна лічыць, што дарэмна растрачвае свае сілы і шукае больш сур'ёзную ахвяру — чыстую і бязгрэшную душу. Яе сястра Амель (Элаіз Хардт) папярэджвае, што чыстыя душы нясуць страшную небяспеку — каханне. Не паслухаўшыся папярэджвання, Кіа прадпрымае спробу завабіць у пекла святара. Да яе расчаравання, святары аказваюцца такімі ж разбэшчанымі людзьмі як і ўсе звычайныя грэшнікі.
Аднойчы Кіа знаходзіць тое, што так доўга шукала: гэта малады салдат Марк (Уільям Шэтнер), які са сваёй сястрой Арндзіс (Эн Этмар) прыязджае да святой крыніцы, каб ацаліць баявыя раны. Кіа сустракаецца з братам і сястрой і завязвае знаёмства, прыкінуўшыся, што не можа знайсці дарогу. Між Кіа і Маркам узнікае ўзаемная сімпатыя.
Бязгрэшная душа Марка супраціўляецца таму, каб уступіць з Кіа ў блізкія адносіны, не асвечаныя вузамі шлюбу. Калі Кіа засынае, Марк прыносіць яе ў вясковую царкву. Убачыўшы выявы Хрыста і святых, Кіа пачынае панікаваць і ўцякае. Чыстае каханне Марка пужае яе таксама як і выявы святых.
Сёстры задумваюць адпомсціць Марку за тое, што ён «апаганіў» Кіа каханнем. Амель выклікае інкуба (Мілаш Мілошавіч), які спрабуе забіць Марка і згвалціць Арндзіс. Марк звяртаецца да Бога з малітвай за сястру, пры гэтым ён перахрышчваецца, чым наганяе жах на дэманаў. Абараняючыся ад інкуба Марк забівае яго, і Амель кажа Марку, што цяпер на ім ляжыць грэх забойства. Сам Марк атрымлівае ў схватцы цяжкія раненні і знаходзіцца пры смерці, Кіа суправаджае яго ў царкву, дзе прызнаецца яму ў каханні. Уваскрэслы інкуб умешваецца ў іх размову і заяўляе, што Кіа належыць Богу Цемры. У адказ Кіа выклікае яго на бой і нечакана для сябе перахрышчвае яго.
Пасля схваткі яна абвяшчае, што належыць Богу Святла. Марк абдымае яе. У фінальнай сцэне Марк і Кіа з трывогай глядзяць з царквы надвор, дзе іх чакае дземан, які нагадвае велізарнага казла.
Акцёры
Акцёр | Роля |
---|---|
Уільям Шэтнер | Марк |
Элісан Эймс | Кіа |
Элоіз Хардт | Амель |
Роберт Фарцье | Олін |
Эн Этмар | Арндзіс |
Мілаш Мілошевіч | Інкуб |
Джэй Эшварт | манах |
Форэст Батлер | манах |
Тэд Мосман | манах |
Паола Коса | апавядальнік (голас) |
Гісторыя фільма
Падрыхтоўка да здымкаў
Пасля таго, як у 1965 годзе тэлекампанія ABC Television Network спыніла прадзюсаванне фантастычнага серыяла Леслі Стывенса «За мяжой магчымага», Стывенс напісаў сцэнар фільма жахаў, каб працягнуць працу з той жа творчай групай кінематаграфістаў, уключаючы аператара Конрада Хола і кампазітара Дамініка Франц'ера.
Эсперанта
Для таго, каб зрабіць фільм унікальным, Стывенс і прадзюсар Энтані Тэйлар вырашылі зняць яго на эсперанта. Сцэнар быў перакладзены з англійскай мовы, за 10 дзён акцёры вывучылі на слух свае рэплікі, але ніводны з іх не прадэманстраваў падчас здымкаў задавальняючага вымаўлення[1].
«Інкуб» быў другім эсперанта-фільмам у гісторыі кіно. Першым на два гады раней стаў фільм «Трывогі». Знаўцы эсперанта былі расчараваныя вымаўленнем акцёраў, занятых у «Інкубе»[6].
Нягледзячы на тое, што фільм зняты на эсперанта, арыгінальная назва фільма («Incubus» эспер.: Inkubo) узята з лацінскай мовы.
Здымкі
Асноўныя здымкі былі праведзены за 18 дзён у маі 1965 года ў прыбрэжным раёне Біг-Сюр і ў місіі Сан Антоніа де Падуа паблізу ад форта Хантэр-Лігет у графстве Мантэрэё (шт. Каліфонія). Мяркуючы, што ўлады не дазволяць здымаць фільм жахаў у місіі, Стывенс прыдумаў легенду, што фільм называецца «Рэлігійныя дзеячы старога Мантэрэя», дэманструючы сцэнар на эсперанта і апісанні сцэнаў з удзелам манахаў і фермераў[1].
Пракат
Першы паказ «Інкуба» адбыўся на кінафестывалі ў Сан-Францыска 26 кастрычніка 1966 года. Падчас прэм'еры, як расказваў Тэйлар, група з 50 ці 100 энтузіястаў-эсперантыстаў смяялася і здзеквалася над няправільным вымаўленнем акцёраў[1]. Часткова з-за таго, што фільм быў зняты на незразумелай большасці гледачоў мове, часткова з-за скандала, звязанага з гібеллю аднаго з акцёраў фільма і яго дзяўчыны[1], Тэйлар і Стывенс не змаглі вывесці фільм у пракат, за выключэннем Францыі, дзе яго прэм'ера адбылася у лістападзе 1966 года[7].
«Праклён» фільма
Няўдачны пракат «Інкуба» парадзіў шматлікія легенды, што на фільме ляжыць праклён:
- Акцёр Мілаш Мілошэвіч, серб па нацыянальнасці, выканаўца ролі інкуба, забіў сваю сяброўку Барбару Энн Томасон-Руні (англ.: Barbara Ann Thomason Rooney), пятую жонку вядомага акцёра Мікі Руні (якая жыла асобна ад мужа), а затым пакончыў жыццё самагубствам у 1966 годзе за 9 месяцаў да прэм'еры[1][8].
- Актрыса Эн Атмар здзейсніла самазабойства за 12 дзён да прэм'еры фільма[1][8].
- Трэцяя жонка Уільяма Шэтнера патанула ў басейне.
- Рэжысёр Леслі Стывенс і актрыса Элісан Эймс развяліся, а прадзюсарская кампанія Стывенса «Daystar Productions» збанкруцілася[8].
Рэліз для хатняга відэа
Калі прадзюсар Энтані Тэйлар у 1993 годзе паспрабаваў выпусціць рэліз фільма для хатняга відэа, высветлілася, што негатыў і копіі страчаны, верагодна, знішчаны падчас пажару. Праз тры гады копія кепскай якасці з французскімі субтытрамі была выяўлена ў архіве Cinematheque Francaise у Парыжы. Амерыканскі канал кабельнага тэлебачання Sci Fi Channel фінансаваў рэстаўрацыю фільма. Новы арыгінал быў створаны спосабам пакадравай апрацоўкі копіі, англійскія субтытры былі наддрукаваны на чорных палосках зверху французскіх[1]. У 2001 годзе адноўлены фільм выйшаў на DVD.
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з Miller, John M. "Incubus" (TCM article)
- ↑ а б http://www.imdb.com/title/tt0059311/ Праверана 15 красавіка 2016.
- ↑ http://www.filmaffinity.com/en/film522586.html Праверана 15 красавіка 2016.
- ↑ а б http://www.filmaffinity.com/es/film522586.html Праверана 15 красавіка 2016.
- ↑ а б http://www.imdb.com/title/tt0059311/fullcredits Праверана 15 красавіка 2016.
- ↑ а б Esperanto and cinema
- ↑ IMDB Release dates
- ↑ а б в г Leonard, Greg. en feugo magazine. «Evil, Tragedy and Esperanto». Retrieved August 20, 2006.
Літаратура
- Tom Weaver, Video Watchdog #53 (1999) «Raising the Incubus»
Спасылкі
- «Incubus» на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- «Incubus» (англ.) на сайце Turner Classic Movies.
- Incubus на сайце «AllMovie» (англ.)
- «Incubus» (англ.) на сайце Rotten Tomatoes
- Cara Jepsen Curse of the «Incubus» Архівавана 17 ліпеня 2011. (англ.)
- Review (англ.) на сайце The Daily Show