Альпійская складкавасць
Альпійская складкавасць — эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі.
Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў.
Да вобласці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія горы, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія горы, Таўр, Туркмена-Харасанскія горы, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх астравоў; у Паўночнай Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўднёвай Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з усхода, у т.л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкавасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Заходняй Еўропе, паўночную частку гор Атлас у Паўночнай Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўднёва-заходнія адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усходнюю частку Скалістых гор у Паўночнай Амерыцы, Антарктычны паўвостраў у Антарктыдзе і інш.
На тэрыторыі Альпійскай складкавасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.
Літаратура
- Альпійская складкавасць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).