Аляксандр Фёдаравіч Гільфердынг
Аляксандр Фёдаравіч Гільфердынг | |
---|---|
Дата нараджэння | 2 (14) ліпеня 1831[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 чэрвеня (2 ліпеня) 1872[1] (40 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Фёдар Іванавіч Гільфердынг[d] |
Род дзейнасці | мовазнавец, пісьменнік, дыпламат, гісторык |
Навуковая сфера | славістыка і філалогія |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Аляксей Сцяпанавіч Хамякоў[d] |
Вядомыя вучні | Адольф Павінскі[d] |
Член у |
|
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аляксандр Фёдаравіч Гільфердынг (руск.: Александр Фёдорович Гильфердинг; 2 [14] ліпеня 1831, Варшава, Мазавецкае ваяводства, Царства Польскае, Расійская імперыя — 20 чэрвеня [2 ліпеня] 1872, Каргапаль, Аланецкая губерня, Расійская імперыя) — расійскі фалькларыст, славяназнаўца, адзін з найбуйнейшых збіральнікаў і даследчыкаў былін, член-карэспандэнт Імператарскай Санкт-Пецярбургскай Акадэміі навук (1856). Правадзейны стацкі саветнік.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Варшаве, у сям’і абруселага немца Ф. І. Гільфердынга, дырэктара канцылярыі пры намесніку Царства Польскага; унук І. Ф. Гільфердынга. Прапрадзед яго паходзіў з венгерскіх дваран каталіцкага веравызнання і перасяліўся ў Расію пры Лізавеце Пятроўне.
У 15-гадовым узросце перайшоў у праваслаўе. Атрымаў добрую дамашнюю адукацыю, вывучыўшы некалькі моў, а таксама пазнаёміўшыся са славянскімі гаворкамі. У 1848 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Курс славістычных дысцыплін праходзіў у В. М. Бадзянскага. Далучыўся да кружку славянафілаў. У 1852 годзе скончыў Маскоўскі ўніверсітэт са ступенню кандыдат. Пачаў займацца санскрытам і змясціў у 1853 годзе ў «Известия II отдела Академии Наук» артыкул «О сродстве языка славянского с санскритским». Абараніў у Маскоўскім універсітэце дысертацыю на ступень магістр па тэме «Об отношениях языка славянского к другим родственным» (1853). Паступіў на службу ў Міністэрства замежных спраў, вывучаў гісторыю і побыт паўднёвых славян[3].
У 1854 годзе ў газеце «Московские ведомости», а затым у часопісе «Русска беседа» надрукаваў «Лісты пра гісторыю сербаў і балгараў», у якіх упершыню даў навуковы выклад старажытнай гісторыі гэтых народаў. У 1854 годзе Гільфердынг здзейсніў паездку па Паўночнай Германіі, пасля чаго выдаў у часопісе «Москвитянин» першую частку сваёй «Гісторыі балтыйскіх славян», дзе развіў славянафільскі погляд на гісторыю замежных славян. Гільфердынг сцвярджаў, што ўсе славяне маюць агульныя самабытныя пачаткі і рысы. Галоўную рысу агульнасці славян Гільфердынг бачыў у праваслаўі, якое лічыў спрадвечнай рэлігіяй усіх славянскіх народаў. Пры гэтым лічыў, што ў ходзе гісторыі адбылося «скажэнне» зыходных славянскіх пачаткаў. Так, пад уплывам каталіцтва са славянскай сям’і «вырваны» палякі, якія «змянілі сваім самабытным пачаткам»[3].
Консул у Босніі (1856—1859). Выдаў сачыненне: «Паездка па Герцагавіне, Босніі і Старой Сербіі» (СПб., 1859), у якой апісаў усе агледжаныя ім мясцовасці, цэнтры адукацыі, гарады і вёскі, прывёў шмат звестак аб сучасным становішчы славян[4].
У Свята-Траецкім Плеўскім манастыры ён пачаў збіраць рукапісы, што працягнуў і падчас паездкі ў канцы 1860-х гадоў у Македонію. У 1858 годзе выдаў на французскай мове брашуру «Les slaves occidentaux».
Аўтар працы аб Кашубскім Памор’і, кашубах, славінцах і іх мовах — «Рэшткі славян на паўднёвым беразе Балтыйскага мора» (Санкт-Пецярбург, 1862).
Пасля вяртання з Босніі Гільфердынг служыў у Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў (1859—1861). У 1861 годзе перайшоў на службу ў Дзяржаўную канцылярыю. У 1863 годзе па ўказанні М. А. Мілюціна пісаў розныя праекты рэформаў у Царстве Польскім, у тым ліку праект пераўтварэння ведамства народнай асветы. Публікуючы свае артыкулы ў выданнях «День» і «Русский инвалид», знаёміў публіку са становішчам спраў у Польшчы. Тады ж з’явілася яго англамоўная ананімная брашура: «The Polish Question».
31 снежня 1865 (12 студзеня 1866) года ганараваны чына правадзейнага стацкага саветніка. Да кацна жыцця займаў пасаду памочніка статс-сакратара Дзяржаўнага Савета і малодшага цэнзара Санкт-Пецярбургскага паштамта.
Значным укладам у развіццё славянафільскага вучэння стала праца Гільфердынга «Сельская абшчына» (1866), у якой ён раскрытыкаваў негатыўную ацэнку сельскай абшчыны ў Расіі, выступіўшы супраць сцвярджэння аб яе неэфектыўнасці і неабходнасці ліквідацыі[5].
У 1867 годзе ўзначаліў толькі што створанае Пецярбургскае аддзяленне Славянскага дабрачыннага таварыства, узначальваў таксама і этнаграфічнае аддзяленне Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства.
Распачаў з 30 чэрвеня па 27 жніўня 1871 года паездку па Аланецкай губерні, за час якой ім было сабрана 318 былін і праслухана 70 казачнікаў (у іх ліку быў Васіль Шчагалёнак).
Улетку 1872 года ён у другі раз адправіўся ў паездку па Аланецкай губерні, але раптоўная смерць перашкодзіла планам. Прыехаўшы ў горад Каргапаль Гільфердынг захварэў і, ва ўзросце 40 гадоў, памёр ад тыфу.
Крыніцы
- ↑ а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #104344822 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 20 снежня 2014.
- ↑ а б Императорский Московский университет 2010.
- ↑ Императорский Московский университет 2010, с. 164.
- ↑ Попов А. А. Гильфердинг Александр Фёдорович Архіўная копія ад 1 красавіка 2016 на Wayback Machine // Русская философия. Энциклопедия. Изд. второе. — М., 2014. С. 133-134.
Літаратура
- Лаптева Л. П. ГИЛЬФЕРДИНГ Александр Фёдорович // А. Ю. Андреев, Д. А. Цыганков Императорский Московский университет: 1755—1917 : энциклопедический словарь. — М.: Российская политическая энциклопедия (РОССПЭН), 2010. — С. 163—164. — ISBN 978-5-8243-1429-8.