Аляксандр Міхайлавіч Арлоў
Аляксандр Міхайлавіч Арлоў | |
---|---|
Нараджэнне |
7 (19) жніўня 1895 |
Смерць |
7 красавіка 1973[1] (77 гадоў) |
Імя пры нараджэнні | руск.: Лейба Лейзерович Фельдбин |
Партыя | |
Дзейнасць | разведка[2] і спецыяльная служба[d][3] |
Род войскаў | Інтэнацыянальныя брыгады |
Званне | маёр дзяржаўнай бяспекі[d] |
Бітвы | |
Узнагароды |
Аляксандр Міхайлавіч Арлоў, па нараджэнні Лейба-Ісаак Лейзеравіч Фельдбін (7(19) жніўня 1895[4], Бабруйск, Мінская губерня — 25 сакавіка 1973, Кліўленд, Агая, ЗША) — савецкі разведчык, маёр дзяржаўнай бяспекі (1935). Нелегальны рэзідэнт савецкай разведкі ва Францыі, Аўстрыі, Італіі (1933—1937), рэзідэнт НКУС і саветнік рэспубліканскага ўрада Іспаніі па бяспецы (1937—1938).
Бацькоўскае прозвішча Фельдбейн у запісе пра нараджэнні Лейбы-Ісаака скажона на Фельдбін[4]. У аддзеле кадраў НКУС улічаны як Леў Лазаравіч Нікольскі. У ЗША жыў па «дакументах прыкрыцця» на імя Аляксандра Міхайлавіча Арлова[4], Ігара Канстанцінавіча Берга.
Імаверна, найвядомейшы перабежчык сярод высокапастаўленых супрацоўнікаў НКУС. У ліпені 1938 года, падчас Вялікага тэрору, з сям’ёй з Францыі праз Канаду ўцёк у ЗША, дзе жыў да смерці. У ЗША Арлоў быў кансультантам ЦРУ. У ЗША падрыхтаваў шэраг публікацый, якія пазней склалі яго мемуарную кнігу «Гісторыя сталінскіх злачынстваў». Цяпер спецыялісты скептычна ацэньваюць мемуары Арлова, лічаць, што значная іх частка з’яўляецца яго вымыслам[4].
У СССР першая публічная згадка пра Арлова з’явілася толькі 20-21.12.1990 года, калі ў газеце «Труд» пра яго апублікаваны артыкул.
Фельдбін да эміграцыі і ўжо ў ЗША містыфікоўваў сваё жыццё. Шмат у біяграфіі Арлова вядома толькі з яго словаў. У зман быў уведзены нават біёграф Арлова, брытанскі гісторык Барыс Валадарскі . Асабліва гэта тычыцца ранняга жыцця, Валадарскі ў манаграфіі на амаль 800 старонак прысвяціў гэтым гадам літаральна адзін абзац, менавіта гэтыя звесткі распаўсюджаны ў Інтэрнэце. Барыс Валадарскі карыстаўся маскоўскімі архівамі, але па-за яго аглядам засталося 4 асабістыя справы Арлова-Фельдбіна, якія дазваляюць высветліць некаторыя моманты яго дарэвалюцыйнай біяграфіі[4].
Біяграфія
Бацька, мешчанін Эліэзер Сролевіч Фельдбейн, перабраўся ў Бабруйск з мястэчка Пагост Ігуменскага павета. Маці, Геля-Хана Ізраілеўна Зарэцкая, імаверна, ураджэнка Бабруйска[4].
Барыс Валадарскі называе сям’ю Лейбы «вельмі рэлігійнай». На праўдзе пра жыццё Лейбы нічога не вядома да пачатку Першай сусветнай вайны. Фактычна біяграфія пачынаецца ў верасні 1915 года, калі Фельдбін паступіў у дадатковы клас Чанстахоўскай мужчынскай гімназіі, эвакуіраванай у падмаскоўнае сяло Чаркізава. Там Фельдбін 17 мая 1916 года атрымаў атэстат[4].
Пасля школы Лейба меў цвёрды намер паступаць ва ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Аднак вакансій на факультэце не было, ён запісваецца на медыцынскі, каб ужо быць у «ведамстве ўніверсітэта», калі месца на патрэбным факультэце з’явіцца. Адначасова, для падстрахоўкі, у канцы ліпеня 1916 года Лейба паступіў у Лазараўскі інстытут усходніх моў. У жніўні 1916 года ён просіць дазволу вольнаслухачом наведваць заняткі ў Акадэміі жывапісу, скульптуры і дойлідства. Каб зэканоміць на транспарце, Лейба пасяліўся ў самым цэнтры Масквы, на Малой Броннай (37, пазней 20), ва ўлюбёным месцы студэнтаў[4].
Паводле біяграфіі ў кнізе Валадарскага, Фельдбін правучыўся ў Інстытуце два семестры, але на праўдзе ён сышоў адтуль ужо 28 верасня 1916 года, нават не прыступіў да заняткаў, як толькі з’явілася вакансія на юрыдычным факультэце. Лейба аказаўся на адным курсе са сваім будучым супрацоўнікам па НКУС, выхадцам з Гродна Сяргеем Шпігельгласам; пазней Фельдбін сцвярджаў, што менавіта Шпігельгласа прыслалі ў Антверпен для яго ліквідацыі, але ён ухіліўся ад сустрэчы[4].
Пасля года вучобы Фельдбін і Шпігельглас прызваны ў дзеючую армію. Фельдбін 2 чэрвеня 1917 года залічаны ў 2-ю Маскоўскую школу прапаршчыкаў. 5 кастрычніка 1917 года паспяхова скончыў курс і быў залічаны малодшым афіцэрам у 85-ы пяхотны запасны полк, раскватараваны ў Лефортава. Служба Фельдбіна, аднак, працягвалася толькі паўтара месяцы. Ужо пры бальшавіках салдаты не абралі яго на камандзірскую пасаду. Засмучаны Фельдбін 20 лістапада 1917 года падаў прашэнне пра перавод у рэзерв, а 9 сакавіка 1918 года звольнены з арміі па хваробе[4].
Ужо ў снежні 1917 года Фельдбін вярнуўся да вучобы і да мая 1918 года даздаў патрэбныя дысцыпліны за 1 курс. Далей пра яго біяграфію ёсць толькі фрагментарныя звесткі[4].
У анкеце Фёльдбін паказваў, што служыў у асобым аддзеле 12-й арміі, якая ў гэты час знаходзілася на Паўночным Каўказе. Пры гэтым у кароткі перыяд савецкай улады ў Крыме (красавік-чэрвень 1919) Фельдбін быў у Феадосіі. Затым, без указання даты, ідуць Архангельская губНК і асобы аддзел па ахове паўночнай мяжы Рэспублікі. У лютым 1920 года Фельдбін усё яшчэ лічыўся студэнтам і быў адлічаны па фармальнай прычыне — не падаў ва ўніверсітэт дакументы пра вайсковую службу[4].
Паводле афіцыйнай біяграфіі, у 1921—1924 гадах Фельдбін, тым часам следчы Вярхоўнага трыбунала УЦВК, вучыўся на юрыдычным аддзяленні факультэта грамадскіх навук МДУ, але на праўдзе ўжо ў ліпені 1922 года, пасля спробы аднавіцца на 2-гі курс, Фельдбін забраў дакументы з МДУ. У студэнцкай справе захавалася пяць розначасовых здымкаў Фельдбіна, напэўна, у маладосці ён любіў фатаграфавацца[4].
З 1924 года дзейнасць Фельдбіна звязана выключна з АДПУ/НКУС[4].
Творчасць
- Alexander Orlov: The Secret History of Stalin’s Crimes. Random House, 1953.
- Нямецкае выданне: Kreml-Geheimnisse. Marienburg-Verlag, Würzburg, 1956.
- Рускае выданне: Орлов А. Тайная история сталинских преступлений. — М.: Всемирное слово, 1991. — 352 с. — ISBN 5-86442-001-8. ISBN 978-5-86442-001-0
- Alexander Orlov: The Handbook of Intelligence and Guerrilla Warfare. Ann Arbor, University of Michigan Press, 1963.
- Alexander Orlov: The March of Time. St Ermin’s Press, 2004, ISBN 1-903608-05-8.
У літаратуры і мемуарах
- Згадваецца ў рамане Эрнэста Хэмінгуэя «Па кім звоніць звон» пад прозвішчам Варлоў[5].
- Згадваецца Оруэлам у Homage to Catalonia.
- Сустрэчу з Арловым у Іспаніі апісвае Кірыл Хенкін у сваёй кнізе «Паляўнічы ўверх нагамі».
- Дзейнасць Арлова ў часы Кастрычніцкай рэвалюцыі апісана па архіўных звестках і сведчаннях у кнізе Мікалая Стаўрова «„Вялікія“ ідэі XX стагоддзя».
- Дзейнасць Арлова ў Іспаніі з’яўляецца адной з сюжэтных ліній у рамане Максіма Кантара «Падручнік малявання».
Зноскі
- ↑ Library of Congress Authorities — Library of Congress. Праверана 1 ліпеня 2020.
- ↑ Národní autority České republiky Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ Národní autority České republiky Праверана 26 ліпеня 2024.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н Баринов 2022.
- ↑ Зубов Олег. Такой вот странный шпион Архівавана 29 жніўня 2013. // Новый мир. — 1996. — № 12.
Літаратура
- Абрамов В. Евреи в КГБ. — М.: Издатель Быстров, 2006. — С. 252—255. — 4 000 экз. — ISBN 5-9764-0015-9.
- Иванян Э. А. Орлов Александр // Энциклопедия российско-американских отношений. XVIII—XX века. — М.: Международные отношения, 2001. — 696 с. — ISBN 5-7133-1045-0.
- Зубов О. Такой вот странный шпион // Новый мир : журнал. — М.: 1996. — № 12.
- Петров Н. В., Скоркин К. В. Кто руководил НКВД, 1934—1941: справочник / под ред. Н. Г Охотина, А. Б. Рогинского. — Звенья. — М., 1999. — С. 112. — 3 000 экз. — ISBN 5-7870-0032-3.
- Рейфилд Д. Сталин и его подручные = Stalin and his hangmen. — Новое литературное обозрение. — М., 2008. — 500 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-5-86793-651-8.
- Судоплатов П. А. Спецоперации. Лубянка и Кремль. 1930—1950 годы. — М.: ОЛМА-ПРЕСС, 1997.
- Царёв О. И., Костелло Дж. Роковые иллюзии. — Международные отношения. — М., 1995. — 572 с.
- Boris Volodarsky. Stalin’s Agent: The Life and Death of Alexander Orlov. — N. Y.: Oxford University Press, 2015. 832 pages. ISBN 978-0-19-965658-5.
- Брук-Шеферд Гордон. Судьба советских перебежчиков. — Нью-Йорк—Иерусалим—Париж: Издательство «Время и мы». — 1983.
Спасылкі
- Баринов И. Александр Орлов: чекист из Бобруйска // Запісы беларусаведа, 22.07.2022.
- Аляксандр Арлоў, рускі разведчык: дасье на сайце радыёстанцыі «Рэха Масквы»
- Арлоў Аляксандр Міхайлавіч: Біяграфія на сайце інтэрнэт-праекта «Хронас»