Антон Неманцэвіч
Антон Неманцэвіч | |
---|---|
![]() | |
Адукацыя | |
Дзейнасць | каталіцкі святар |
Месца працы | |
Нараджэнне |
8 лютага 1893[1] |
Смерць |
6 студзеня 1943 (49 гадоў) |
Пахаванне | |
![]() | |
![]() |
Антон Неманцэвіч (8 лютага 1893, Санкт-Пецярбург — 1 красавіка 1943; Псеўданімы: Злучэнец) — беларускі каталіцкі святар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, педагог, публіцыст. Адзін з ініцыятараў беларускага уніяцкага руху ў Заходняй Беларусі.
Біяграфія
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a7/Anton_Niemancevi%C4%8D._%D0%90%D0%BD%D1%82%D0%BE%D0%BD_%D0%9D%D0%B5%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D1%86%D1%8D%D0%B2%D1%96%D1%87_%281910-17%29.jpg/220px-Anton_Niemancevi%C4%8D._%D0%90%D0%BD%D1%82%D0%BE%D0%BD_%D0%9D%D0%B5%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D1%86%D1%8D%D0%B2%D1%96%D1%87_%281910-17%29.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/52/%D0%A3%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%96%D0%BA%D1%96_%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0_%D0%B3%D1%83%D1%80%D1%82%D0%BA%D0%B0_%D1%9E_%D0%A0%D1%8B%D0%BC%D0%B0-%D0%BA%D0%B0%D1%82%D0%B0%D0%BB%D1%96%D1%86%D0%BA%D0%B0%D0%B9_%D0%B4%D1%83%D1%85%D0%BE%D1%9E%D0%BD%D0%B0%D0%B9_%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D0%B4%D1%8D%D0%BC%D1%96%D1%96_%D1%9E_%D0%9F%D0%B5%D1%86%D1%8F%D1%80%D0%B1%D1%83%D1%80%D0%B3%D1%83_%D0%BD%D0%B0_%D0%BF%D0%B0%D1%87%D0%B0%D1%82%D0%BA%D1%83_1917_%D0%B3.jpg/220px-thumbnail.jpg)
Антон Неманцэвіч нарадзіўся ў Пецярбургу ў сям’і выхадцаў з в. Парчэўцы Сакольскага павета Гродзенскай губерні. Першапачаткова вучыўся ў Сестржанцэвіцкім павятовым вучылішчы, якое скончыў у 1909. З 1910 — студэнт каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра тэалогіі. Падчас вучобы прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвячоны ў святары 27.9.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Колпіне недалёка ад Петраграда.
З прыходам да ўлады бальшавікоў пераследаваўся за рэлігійную дзейнасць. Першы раз арыштаваны 25.5.1919 і асуджаны на 6 месяцаў турмы. Пасля 1920 служыў вікарыем у Маскве. Арыштаваны 31.05.1921 за «антысавецкую дзейнасць». Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу ў выніку абмену палітычнымі вязнямі. У 1925-27 г. вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю. Працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законавучыцелем у школах Любліна. У 1928-29 г. вёў заняткі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры ўніяцкай парафіі ў Сынкавічах. Арганізаваў рэстаўрацыю і аднаўленне помніка абарончай архітэктуры з элементамі готыкі — царквы ў Сынкавічах. У 1932-37 г. рэдагаваў і выдаваў беларускі ўніяцкі часопіс «Да злучэння». З 1934 — прафесар фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (Заходняя Украіна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 рэдагаваў часопіс «Злучэнне». 17.9.1939 мітрапалітам А. Шаптыцкім прызначаны Беларускім экзархам Грэка-Каталіцкай Царквы. Увёў беларускую мову як афіцыйную ў царкоўнае справаводства і рэлігійнае жыццё.
У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў дзейнасць па арганізацыі адміністрацыйных структур новастворанага Беларускага экзархата. Заснаваў Апостальства Малітвы за Беларусь, да якога спачатку належалі толькі святары, а потым далучыліся і свецкія.
Пасля паездкі ў Львоў па царкоўных справах да мітрапаліта Шаптыцкага 4 ліпеня 1942 Беларускі экзарх ГКЦ а. Антон Неманцэвіч быў арыштаваны гестапа ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне і дастаўлены ў Мінск.
Да пачатку 1990-х г. дата, месца і акалічнасці смерці беларускага ўніяцкага экзарха заставаліся невядомымі. Лічылася, што ён памёр у Берліне ў вязніцы (згодна з польскімі крыніцамі). Аднак у 2004 годзе, сярод архіўных дакументаў Генеральнага камісарыяту Беларусі, у справе «Перапіска з акружнымі камісарыятамі і служыцелямі рэлігійнага культу пра ідэалагічнае выхаванне мясцовага насельніцтва і па пытаннях царквы» быў выяўлены дакумент, у якім сцвярджаецца, што Неманцэвіч памёр «ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці, якая наступіла пасля сыпнога тыфу»[2]. Прычына смерці экзраха ад тыфу, якую назвалі ў СД, выклікае сумнеў. Святар меў на яго імунітэт, бо перахварэў ім раней, яшчэ ў дзяцінстве. Таму праўдзівай інфармацыяй у дакуменце СД гісторыкі ўважаюць толькі дату, месца смерці і пахавання экзарха. Падобна, ён памёр 6 студзеня 1943 як пакутнік, знясілены турэмнымі ўмовамі ў Мінскай вязніцы СД ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці.[3] Быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Мінску святаром мясцовай праваслаўнай Царквы[4].
Цяпер у БГКЦ прыкладаюцца намаганні для таго, каб распачаць працэс беатыфікацыі ў Каталіцкай Царкве айца Антона Неманцэвіча як вязня і пакутніка фашызму.
Зноскі
- ↑ NIEMANCEWICZ Antoni // https://www.jezuici.krakow.pl/cgi-bin/rjbo?b=enc&q=NIEMANCEWICZ&f=1
- ↑ Я. Усошын. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. «Царква», 2004, № 3 (42), с. 3, 15.
- ↑ 65-ая гадавіна смерці Экзарха Антона Неманцэвіча // Царква № 3 (58), 2008 Архівавана 20 лістапада 2011.
- ↑ Я. Усошын. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. «Царква», 2004, № 3 (42), с. 3, 15
Літаратура
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
Спасылкі
- дыякан Яўген Усошын, архім. Сяргей Гаек. Экзарх Антон Неманцэвіч — верны сьведка Евангельля. Roczniki Teologiczne, Tom LIII-LIV, zeszyt 7 — 2006—2007.
- Слоўнік Маракова Архівавана 20 лістапада 2011.
- Дзе і калі загінуў Экзарх айцец Антон Неманцэвіч. Радыё Ватыкана
- Дзе і калі загінуў айцец Антон Неманцэвіч (2 частка). Радыё Ватыкана
- Сяргей Чыгрын. Па слядах Антона Неманцэвіча // Ніва № 39 (2472), 28 верасня 2003 г. Архівавана 10 жніўня 2010.