Аперацыя «Мяшок Мерыда»
Аперацыя «Мяшок Мерыды» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі | |||
Дата | 20—24 ліпеня 1938 | ||
Месца | Ла-Серэна, Бадахос, Іспанія | ||
Вынік | перамога нацыяналістаў | ||
Праціўнікі | |||
| |||
Камандуючыя | |||
| |||
Сілы бакоў | |||
| |||
Страты | |||
| |||
![]() |
Аперацыя «Мяшок Мерыды», таксама вядома як «Зацягванне мяшка Мерыды» (ісп.: Cierre de la bolsa de Mérida) — бітва падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў ліпені 1938 года ў раёне Ла-Серэна правінцыі Бадахос. Хуткая і рашучая аперацыя на акружэнне, спланаваная і праведзеная нацыяналістамі, скончылася разгромам і паланеннем рэспубліканскіх войскаў.
Планы і сілы бакоў
«Мяшок Мерыды» на Эстрэмадурскім фронце быў самай заходняй тэрыторыяй Іспанскай Рэспублікі ў 1938 годзе. Ён выступаў на захад у напрамку Мерыды, горада, які быў захоплены сіламі паўстанцаў у 1936 годзе. Выступ уяўляў сабой клін рэспубліканскай тэрыторыі паміж раёнамі нацыяналістаў на паўночным захадзе і паўднёвым захадзе. Існавала небяспека, што рэспубліканская армія з гэтай пазіцыі магла лёгка атакаваць стратэгічны горад Мерыда і нават разрэзаць напалам нацыяналістычную зону. Таму, пасля таго, як узброеныя сілы паўстанцаў дасягнулі на ўсходзе Міжземнага мора, у маі 1938 года вярхоўнае камандаванне франкістаў распрацавала план захопу гэтай тэрыторыі пад назвай «Зацягванне мяшка Мерыды». Наступленне павінна было адбыцца ў перыяд з 20 па 24 ліпеня шляхам акружэння і захопу рэспубліканскіх войскаў.
Войскі нацыяналістаў, прызначаныя для акружэння, нашмат пераўзыходзілі сілы рэспубліканцаў. На поўначы тры дывізіі (11-я, 19-я і 74-я) і кавалерыйская брыгада палкоўніка Альдэкоа (Цэнтральная арміі генерала Салікета), павінны былі наступаць пад камандаваннем генерала Мухікі. На поўдні чатыры дывізіі (22-я, 102-я, 112-я і 122-я) і андалузская кавалерыйская брыгада (Паўднёвая армія генерала Кейпа дэ Льяна) павінны былі наступаць пад камандаваннем генерала Луіса Саланса.
Рэспубліканскія войскі (31 401 чалавек), разгорнутыя ў гэты час у мяшку, уваходзілі ў VII армейскі корпус: 36-я дывізія прыкрывала фронт Таха, 29-я дывізія размяшчалася ў раёне Гвадыяны. У выступе знаходзіліся брыгады 37-й дывізіі. Злева ад яе — 38-я дывізія. Усе гэтыя войскі доўга бяздзейнічалі, былі дрэнна скаардынаваны і прыкрывалі вельмі шырокі фронт, якім было цяжка эфектыўна кіраваць.
Ход бітвы
Наступленню папярэднічаў адцягваючы ўдар 19 ліпеня на плацдарме Эль-Пуэнтэ-дэль-Арсабіспа, куды палкоўнік Рыкарда Бурылья, камандуючы Эстрэмадурскай арміі рэспубліканцаў, вымушаны быў паслаць частку сваіх рэзерваў.
20 ліпеня, на досвітку, рэспубліканскія лініі абароны былі прарваны з поўначы і поўдня. На поўдні выступу франкісты (24-я, 102-я і 122-я дывізіі) прарвалі фронт ад гор Месегара і Трапера ў напрамку Мантэрубіа, у той час як кавалерыя перасекла раку Зухар у тым жа кірунку, пакуль не падышла да Мантэрубіа.
На поўначы выступу 74-я дывізія прарвала фронт праз горад Мадрыгалеха, дасягнуўшы ракі Гаргалігас, дзе ёй давялося спыніцца, таму што рэспубліканцы падпалілі палі і гаі ў басейне ракі. Баі за гарадок Аседэра, які да вечара абаранялі два рэспубліканскіх батальёна 25-й брыгады, даходзілі да рукапашных сутычак.
21 ліпеня 74-я дывізія здзейсніла ўражлівае 22-кіламетровае прасоўванне і дасягнула берагоў Гвадыяны, якую з надыходам ночы перайшла ўброд. Хуткае прасоўванне мяцежнікаў з флангаў заспела рэспубліканцаў знянацку.
На поўдні 112-я дывізія пры падтрымцы 122-й (справа) і 102-й (злева), сустрэўшы моцны рэспубліканскі супраціў, усё ж змагла захапіць горны хрыбет Мантэрубіа і праход Лос-Рэйс.
22 ліпеня франкісцкія дывізіі працягвалі наступленне на поўдні: 102-я прайшла праз горны хрыбет Мантэрубіа, а 112-я заняла аднайменны горад, ударыўшы па ім з абодвух бакоў і звярнуўшы ва ўцёкі войскі 148-й рэспубліканскай брыгады. 122-я дывізія прасунулася направа, перарэзаўшы дарогу ад Кастуэры да Кабеса-дэль-Буэй, у той час як кавалерыя здзейсніла набег на Элечаль.
Наступаючыя з поўначы войскі генерала Мухікі дасягнулі горада Ла-Каранада.
Між тым Бурылья працягваў упарціцца і не надаваў значэння наступленню франкістаў. Ён не прадугледзіў вываду 20-й і 91-й брыгад з глыбіні выступу і спадзяваўся на дапамогу, якую адправіў яму камандуючы Цэнтральным фронтам Міяха (тры брыгады і ўся 68-я дывізія). Таксама ён вырашыў арганізаваць манеўраную дывізію, якую назваў «Дывізіяй Зухар». Яна павінна была прыкрыць пралом паміж двума яго вайсковымі карпусамі і пагражаць прарыву войскаў Паўднёвай групы Кейпа дэ Льяна з флангу.
23-га чысла нацыяналісты працягнулі наступленне з поўначы ў напрамку Магасела і Кампанарыа. З іншага боку, войскі Паўднёвай групы, пасля разгрому рэспубліканскіх спробаў ноччу вярнуць Мантэрубіа, занялі горы і горад Бенкерэнсія і ў прыцемках увайшлі ў важны горад Кастуэра.
Палкоўнік Бурылья неадкладна загадаў вярнуць Кастуэра, атакаваўшы звонку «Дывізіяй Зухар», а знутры — сіламі брыгад 37-й дывізіі. У кожнай з груп была танкавая рота. Атакі цалкам праваліліся, і, такім чынам, спробы процідзейнічаць прасоўванню 112-й дывізіі франкістаў да Кампанарыа апынуліся дарэмнымі.
Днём 24 ліпеня ў горадзе Кампанарыа адбылося аб’яднанне двух франкісцкіх калон, паўночнай і паўднёвай, тым самым быў зацягнуты «мяшок Мерыды».
Загад аб адступленні 20-й і 91-й брыгад паступіў вельмі позна. 24-га раніцай яны абедзве былі зачынены ўнутры мяшка, за выключэннем двух батальёнаў, якія ў апошні момант беглі праз Пуэрта-Урака. Абедзве брыгады, гэтак жа як і 109-я, што часткова апынулася па-за мяшка, былі цалкам знішчаны або палонены. Паводле крыніц франкістаў, толькі палонных налічвалася 4731 чалавек.
З падышоўшых рэзерваў Бурылья паспрабаваў стварыць новую лінію абароны, але 31 ліпеня быў зняты з пасады і заменены палкоўнікам Адольфа Прада.
Вынікі
37-й дывізія, паводле афіцыйных даных Эстремадурскай арміі, страціла пяць камандзіраў, уключаючы начальніка дывізіі і двух яе брыгад, 89 афіцэраў, 8 камісараў і 6086 радавых (з іх каля 1500—1600 параненых і каля 600—700 забітых у баі або знішчаных пры паланенні). Таксама было страчана 3588 вінтовак, 170 кулямётаў, 11 гармат і 10 танкаў.
Была страчана тэрыторыя плошчай каля 3 000 квадратных кіламетраў з насельніцтвам каля 100 000 чалавек.
Хуткая перамога дазволіла нацыяналістам прасунуцца на ўсход, дасягнуўшы рэгіёну Ла-Хара ў правінцыі Таледа.
Спасылкі
- Las operaciones militares de la bolsa de La Serena, durante su primera fase del mes de julio de 1938 según los historiógrafos franquistas, I [1]Архівавана 8 лістапада 2021.