Бака (пігмеі)
Бака Baaka | |
Агульная колькасць | 60200[1] |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Камерун - 52000 Габон - 8200 |
Мова | бабаяка |
Рэлігія | анімізм, шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | гбая, нгбанды, банда, |
Ба́ка (саманазва: Baaka) — этнічная супольнасць пігмеяў. Жывуць пераважна ў Камеруне і Габоне. Агульная колькасць (2019 г.) — 60 200 чалавек.
Паходжанне
Бака маюць агульнае паходжанне з пігмеямі ака, што насяляюць землі на ўсход ад іх. Абодва народа прынята аб'ядноўваць агульнай назвай мбенга. Аднак ака размаўляюць на мове банту, у той час як бака — на дыялектах убангійскіх моў (часам іх аб'ядноўваюць у адзіную мову бака). Мяркуецца, што моўны падзел бака і ака адбыўся каля 500 гадоў таму.
Культура
У мінулым бака з'яўляліся ляснымі вандроўнікамі, якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем і рыбалоўствам, спыняліся каля вёсак земляробаў-банту для абмену прадуктамі або часовай працы на палетках за натуральную плату. Былі шырока распаўсюджаны сваяцкія і рытуальныя сувязі з банту.
У другой палове XX ст. з-за скарачэння лясоў і дзяржаўнай палітыкі адносна бака іх становішча значна змянілася. У нашы дні яны звычайна жывуць у невялікіх паселішчах на ўскраіне вёсак і гарадоў, займаюцца сельскай гаспадаркай, сезонна наведваюць лес для збору дзікага манга і іншых ядомых раслін. У Камеруне ім дазваляецца займацца традыцыйным паляваннем, у тым ліку на тэрыторыі запаведніка Джа.
Нягледзячы на змены ў ладзе жыцця і сувязі з банту, бака захоўваюць многія традыцыйныя звычаі, у тым ліку сацыяльную адасобленасць ад іншых плямён. Асновай грамадства з'яўляецца малая нуклеарная сям'я. Пашыраны манагамія, хаця няма забароны на палігінію і разводы. Усе сем'і і сталыя чальцы абшчыны лічацца роўнымі. Заахвочваюцца ўзаемадапамога, сумесныя паляванне і збіральніцтва. Асобы, што імкнуцца вылучыцца, падвяргаюцца астракізму.
Важную ролю ў яднанні бака адыгрываюць супольныя рытуалы. Бака вераць у духа леса мбенга, які быццам бы апякае саміх бака, духа комба — стваральніка сусвету і бацькоў ўсіх духаў. Арганізатарамі рытуалаў з'яўляюцца шаманы бангі. Яны маюць права на змены ў рытуальных дзеяннях, таксама лякуюць супляменнікаў, займаюцца магічнымі дзеяннямі. У перыяд сталення кожны хлопчык праходзіць праз абрад ініцыяцыі джэнгі. Папулярны абрад лума пасля паспяховага супольнага палявання. Ён суправаджаецца сумесным паяданнем дзічыны, песнямі і танцамі.
У другой палове XX ст. узнікла прафесійная культура бака, пераважна музычная. Існуюць прафесійныя музычныя калектывы, папулярныя ў тым ліку за межамі Цэнтральнай Афрыкі. Традыцыйны музычны інструмент — барабан.
Спасылкі
- About the Baka Tribe
- Baka - Survival International
- BAKA (PYGMY) PEOPLE: THE RENOWNED PYGMY PEOPLE OF CAMEROON, GABON AND EAST AFRICA KNOWN FOR THEIR ENCYCLOPEDIC KNOWLEDGE ON MEDICINAL PLANTS AND PORTIONS
- Facts about the Baka Tribe
- Life for the Baka Pygmies of Central African Republic
- Baka people in Cameroon