Беларусы ў грамадзянскай вайне ў Таджыкістане
Ураджэнцы Беларускай ССР, прызваныя ў 1990—1991 гадах у савецкія войскі, на працягу 1992—1993 гадоў вымушана знаходзіліся на тэрыторыі Таджыкістана і прымалі ўдзел ва ўнутраным канфлікце паміж цэнтральнай уладай і апазіцыяй. У наступным яны сутыкнуліся з праблемай атрымання пасведчанняў ветэранаў баявых дзеянняў, паколькі фармальна грамадзян Рэспублікі Беларусь у краіне не было. Гэтае пытанне прапрацоўвалася дзяржорганамі і запатрабавала паправак у Закон «Аб ветэранах».
Воінскія часці
Ваенныя камісарыяты ў снежні 2016 года апублікавалі наступны пералік воінскіх часцей, дзе служылі альбо маглі служыць грамадзяне рэспублікі[1]:
- 9998 — Упраўленне пагранічных войск Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Таджыкістан;
- 2066 — Пянджскі пагранічны атрад (г. п. Пяндж);
- 2033 — Маскоўскі пагранічны атрад (п. Маскоўскі);
- 2022 — Харогскі пагранічны атрад (г. Харог);
- 2111 — Калай-Хумскі пагранічны атрад (г. п. Калай-Хум);
- 9820 — Мургабскі пагранічны атрад (г. п. Мургаб);
- 2066 — Ішкашымскі пагранічны атрад (г. п. Ішкашым);
- 2421 — 17-ы вучэбны пагранічны атрад;
- 2014 — асобны батальён сувязі (г. Душанбэ);
- 9809 — авіяцыйны полк (г. Душанбэ);
- 9870 — асобны інжынерна-сапёрны батальён;
- 9855 — асобная будаўнічая рота;
- 2170 — тапаграфічны пагранічны атрад;
- 2445 — база забеспячэння і захоўвання;
- 2528 — ваенны шпіталь;
- 2591 — тэхнічная эксплуатацыйная часць;
- 2158 — асобная авіяэскадрылля (г. п. Маскоўскі);
- 2176 — асобная авіяэскадрылля (г. п. Пяндж);
- 2081 – асобная радыётэхнічная служба (п. Гісар);
- асобны кантрольна-прапускны пункт «Душанбэ» (АКПП «Душанбэ»).
Многія фарміраванні адсюль адносіліся да групы пагранічных войск Расіі.
У верасні 2019 года ў ліку падраздзяленняў з беларускімі салдатамі ваеннымі камісарамі названа 201-я мотастралковая дывізія[2].
Ваенная служба
У савецкі перыяд жыхары краіны накіроўваліся на ваенную службу ў Таджыкскую ССР, дзе пасля выконвалі задачы ва ўмовах надзвычайнага становішча і пры ўзброеным канфлікце. Яны дыслакаваліся на тэрыторыі прыгранічных раёнаў у перыяд з 1992 па 1993 год[1]. На момант пачатку баявых дзеянняў тут знаходзілася каля 700 беларусаў. Большую частку прызвалі ў 1990 і 1991 гадах. Пасля развалу СССР адклікаць усіх адразу дадому не атрымлівалася. Таму яны вымушаны былі працягваць службу і нават прыняць удзел у канфлікце[3].
Беларускія прызыўнікі трапілі галоўным чынам у пагранвойскі КДБ СССР і апынуліся на граніцы з ДРА. З пачаткам вайны яны ўдзельнічалі ў баявых аперацыях па перахопе караванаў са зброяй і прыкрывалі эвакуацыю мірнага насельніцтва (так, напрыклад, як пісаў вайсковы журналіст Сяргей Пцічкін, беларусы разам з іншымі задзейнічаны пры выратаванні 500 рускіх закладнікаў на чыгуначнай станцыі Душанбэ-2[4]). У гэты час у пагранатрадах, што ўжо не падпарадкаваліся савецкаму кіраўніцтву, але яшчэ не ўвайшлі ў склад УС РФ, заставалася блізу 60 % байцоў. Многія афіцэры, з’язджаючы ў адпачынак, не вярталіся на мяжу, а таму іх месца даводзілася займаць сяржантам з Беларусі[5]. Акрамя камандзіраў з іншых савецкіх рэспублік, свае часці пакідалі афіцэры і з ліку беларусаў, пра што пісаў у сваёй кнізе «Таджикистан 1992–2005. Война на забытой границе» Андрэй Мусалаў[6].
Увесь 1992 год беларусы працягвалі несці службу ў краіне і паступова невялікімі партыямі вярталіся на радзіму. Апошняя група ў складзе 100 чалавек пакінула «гарачую кропку» ў лістападзе[5]. Ураджэнцы рэспублікі заставаліся ў Таджыкістане і пасля гэтага, але 3 лістапада 1992 года быў прыняты Закон «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь», пасля чаго ўсе беларусы, якія служылі за межамі краіны, апынуліся вайскоўцамі замежных армій[7].
Ветэранскі статус
У адрозненне ад беларусаў, якія ваявалі ў Афганістане, удзельнікі вайны ў Таджыкістане не атрымалі статус ветэранаў, бо фармальна грамадзян рэспублікі там не было. Вайскоўцы спрабавалі выправіць гэтую сітуацыю. Яны доўгія гады наведвалі дзяржаўныя ведамствы з запытамі даць ім патрэбны статус. На звароты прыходзілі падобныя адказы: «Беларусь з 1.01.1992 года заявіла аб сваім суверэнітэце і не прымала ўдзелу ў падпісанні Мемарандума аб супрацоўніцтве па ахове таджыкска‑афганскай мяжы». Газета «СБ. Беларусь сегодня» спасылалася на прыклад Расіі, дзе падобную юрыдычную праблему выправілі ў 2011 годзе, унёсшы неабходныя змены ў закон «Аб ветэранах». Дзякуючы гэтаму каля 23 тысяч расіян прызналі ўдзельнікамі баявых дзеянняў[5][3].
У снежні 2016 года ў сувязі з прапрацоўкай пытання аб унясенні змяненняў у Закон «Аб ветэранах» іх запрашалі звярнуцца ў ваенныя камісарыяты. У той момант пачаліся работы па распаўсюджванню статусу ветэранаў. Чыноўнікам неабходна было ўдакладніць колькасць магчымых удзельнікаў вайны ў Таджыкістане[1]. У 2019 годзе пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны стварылі міжведамасную групу па прапрацоўцы канцэпцыі і структуры новай рэдакцыі Закона «Аб ветэранах». Чыноўнікі пачалі мерапрыемствы па вызначэнні колькасці ўдзельнікаў канфлікту. Для гэтага яны зноў прасілі былых вайскоўцаў прыбыць у ваенныя камісарыяты[3]. Пад увагай знаходзіліся тыя, хто быў у Таджыкістане ў верасні–кастрычніку 1992 года[8].
Вядомыя асобы
- Сяргей Сыч (Рэчыца), служыў на 12-й памежнай заставе. Загінуў у ліпені 1993 года ў баі з маджахедамі і апазіцыянерамі[3].
- Уладзімір Самборскі (Гомель), таксама служыў на 12-й памежнай заставе (снежань 1991—снежань 1992[9]), але дэмабілізаваўся за некалькі месяцаў да атакі баевікоў[3].
- Генадзь Смолікаў (Мінск), пагранічнік[3]. Пакінуў Таджыкістан у лістападзе 1992 года[5].
Гл. таксама
Заўвагі
- ↑ а б в Игорь Нисловский. В военкомате уточняют информацию о количестве военнослужащих, направлявшихся в 90-е годы в Таджикскую ССР Архівавана 25 чэрвеня 2023. // Дняпровец : газета. — 15 декабря 2016.
- ↑ Наталья Королькевич. «Горячим» был не только Афган: разыскиваются червенцы, служившие в Таджикистане Архівавана 25 чэрвеня 2023. // Раённы веснік : газета. — 10 верасня 2019.
- ↑ а б в г д е Ян Жур. «Не мог и слова вымолвить»: белорус поехал на машине в опасное место, чтобы побывать там, где когда-то служил. Чем это закончилось? // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 11 октября 2019.
- ↑ Сергей Птичкин. Поезд живых // Независимая газета : газета. — 28 декабря 2012.
- ↑ а б в г Роман Рудь. Закон «О ветеранах»: О долге и последствиях // СБ. Беларусь сегодня : газета. — № 100. — 3 июня 2013.
- ↑ Андрей Мусалов «Таджикистан 1992-2005: Война на забытой границе», страница 4
- ↑ Белорусам, которые осенью 1992-го года служили в Таджикистане, могут дать статус ветерана боевых действий
- ↑ Сяргей Жабенак. Солдат, служивших в Таджикистане в 1992 году просят зайти в военкомат // Мёрскія навіны : газета. — 6 верасня 2019.
- ↑ Архив новостей газеты «Контингент». Публикация 17 ноября 2019