Берасцейскі езуіцкі калегіум
Берасцейскі езуіцкі калегіум — навучальная ўстанова каталіцкага манаскага ордэна езуітаў, якая працавала ў XVII—XVIII стст. y Берасці (Брэсце). Калегіум з’яўляўся сярэдняй навучальнай установай класічнага тыпу[1].
Гісторыя
Па запрашэнні луцкага біскупа П. Валуцкага з 1616 года езуіты пачалі ў Берасці місіянерскую дзейнасць. У 1629 г. быў заснаваны Берасцейскі калегіум. У 1620 г. берасцейскі ваявода А. Валовіч падараваў езуітам фальварак Адамкаў, які стаў іх рэзідэнцыяй. Віленскі ваявода і магілёўскі староста Л. Сапега ахвяраваў ім фальварак Дзераўна з в. Мольткі і Менявеж (Берасцейскі павет), a ў 1650 г. — фальварак і в. Паніквы (Камянецкі раён). У 1669 г. кароль Міхал Вішнявецкі перадаў езуітам в. Плоска і землі ў Прылуках (Брэсцкі раён)[2].
На працягу XVII—XVIII стст. ордэн езуітаў набываў тут новыя землі з вёскамі (Слаўкі, Студзіловічы, Ляскавічы і інш., Берасцейскі павет), аддаючы грошы пад залог маёнткаў, ператварыўся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў; меў бібліятэку, аптэку (з 1694 г.)[1][2]. Пры рэзідэнцыі існавала школа. Каля 1630 года працавала музычная бурса. У 1633 годзе рэзідэнцыя пераўтворана ў калегіум[3]. 3 пачатку XVIII ст. да 1755 вялося будаўніцтва новага будынка для калегіума[3].
Навучальная праграма Берасцейскага езуіцкага калегіума была тыповай для езуіцкіх калегіумаў[2]. Выкладаліся «сем вольных навук», багаслоўе, лацінская і грэчаская мовы. Як навучальная ўстанова спрыяў умацаванню пазіцый каталіцкай царквы і ўсталяванню еўрапейскай сістэмы адукацыі на Брэстчыне[1]. 3 1634 г. у калегіуме выкладалі толькі настаўнікі, якія мелі званне прафесараў[1][2]. У 1772/1773 навучальным годзе з 28 выкладчыкаў 17 былі святарамі, 3 — настаўнікамі пачатковых класаў[1], 8 — манахамі[1][2]. У 1696—1760-я гг. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр[4]. У бібліятэцы, якая налічвала каля 2 тыс. тамоў, былі кнігі на лацінскай, нямецкай, французскай і іншых мовах[1][2]. У 1731 годзе значны кнігазбор у 300 тамоў падараваў Ян Фрыдэрык Сапега[3].
Будынкі калегіума знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай крэпасці, не зберагліся[2].
Вядомыя выпускнікі
- Казімір Лышчынскі (1634—1689) — беларускі мысліцель-атэіст, педагог і грамадскі дзеяч.
- Ян Фрыдэрык Сапега (1680—1751) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч.
- Юльян Урсын Нямцэвіч (1757—1841) — польскі пісьменнік, палітычны дзеяч, гісторык.
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Брэсцкі езуіцкі калегіум // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- ↑ а б в г д е ё Брэсцкі езуіцкі калегіум // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- ↑ а б в ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Касцёл Ісуса і Святога Крыжа і калегіум езуітаў // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
Літаратура
- Брэсцкі езуіцкі калегіум // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Брэсцкі езуіцкі калегіум // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Берасцейскі езуіцкі калегіум // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Касцёл Ісуса і Святога Крыжа і калегіум езуітаў // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.