Блакітніца карлікавая (Cupido minimus) — мірмекафільны від дзённых матылькоў з сямейства Блакітніцы (Lycaenidae).
Распаўсюджанне
Палеарктычны від. Умераны пояс Еўразіі. Паўночная Еўразія, Каўказ, Малая Азія, Цянь-Шань, Алай, Манголія[1][2]. Сустракаецца ў Славакіі, Венгрыі і Румыніі. У Беларусі — вельмі рэдкі від, але ў характэрных месцах пражывання можа назірацца ў дастаткова вялікай колькасці. На Украіне распаўсюджаны месцамі ў Прыкарпацці і Закарпацці, нярэдкі ў лесастэпавай зоне, пранікаючы там-сям у лясную і стэпавую зоны. Сустракаецца таксама ў Горным Крыме[3].
Шырока распаўсюджаны ў еўрапейскай частцы Расіі, на поўначы дасягае Палярнага Урала, наваколля Мурманска, на поўдні — поўначы Астраханскай і Растоўскай абласцей. Вядомыя новыя знаходкі віду на Каўказе[3]: у ваколіцах Кіславодска і станцыі Падкумак (Стаўрапольскі край), а таксама ў субальпійскім поясе гор (Эльбрус, Тэгенеклі, Іткол) у Кабардзіна-Балкарыі. Вядомы ў наступных рэгіёнах: у Еўрапейскай частцы (у тым ліку Ленінградская вобласць, Рэспубліка Комі), Урал (да тундры паўночнага Урала), Сібір, Далёкі Усход (Магаданская вобласць, Камчатка, Прыамур’е, Хабараўскі і Прыморскі краі, Сахалін, Якуція)[4][5].
Этымалогія
Від быў упершыню апісаны ў 1775 годзе швейцарскім энтамолагам Іаганам Каспарам Фюслі і названы ім лац.: minimus (маленькі, малюсенькі) у сувязі з адносна дробным памерам[6].
Апісанне
Даўжыня 9-15 мм[4][7]. Крылы самца зверху бурага колеру (амаль чорныя). Самка бурая. Жылкі Sc (субкастальная) і R1 (Cs) на пярэднім крыле паасобныя (у блізкага віду Cupido osiris яны суцэльныя).
Яйкі
Вусень
Тыповы біятоп
Cupido minimus
Месцапражыванне
Засяляе сухія лугі, узлескі, прасекі, пусткі, старыя кар’еры на вапнавых глебах. На поўначы арэала засяляе лугавінныя і ернікавыя тундры. У сярэдняй паласе жыве ў сухіх лугах у далінах рэк. На поўдні засяляе рознатраўныя стэпы ў бэльках, зёлкава-рознатраўныя лугі ўрочышчаў. У Крыме сустракаецца на вільготных лясных палянах і на яйле.
Біялогія
На поўначы арэала развіваецца ў адным пакаленні, у Польшчы, Беларусі, на Украіне і ў больш паўднёвых раёнах Еўрапейскай часткі Расіі за год развіваецца два пакаленні. Час лёту імага — з сярэдзіны мая да сярэдзіны чэрвеня і з сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны жніўня. Самка адкладае адзінкавыя яйкі на кветкі кармавых раслін. Гусеніцы развіваюцца з восені па май і ў чэрвені-ліпені, сілкуюцца кветкамі і насеннем. Зімуе вусень апошніх узростаў (часам два сезоны) або кукалка. Вусені сілкуюцца кветкамі і лісцем такіх раслін, як астрагал (Astragalus), люцэрна (Medicago), вязель (Coronilla)[6] і іншых травяністых бабовых[4]. У год 1 або 2 пакаленні (май—чэрвень, ліпень—жнівень)[6], на поўначы адно пакаленне[8]. Зімуе кукалка[6]. Яйкі зеленаватыя, злёгку пляскатыя. Вусені светла-зялёныя з жаўтлявымі палоскамі[8].
Мірмекафільны від, вядомая яго сімбіятычная сувязь з мурашкамі наступных відаў: Lasius niger, Lasius alienus, Formica rufibarbis, Plagiolepis vindobonensis, Myrmica rubra і Formica fusca[9].
↑ абМоргун Д. В., Довгайло К. Е., Рубин Н. И., Солодовников И. А., Плющ И. Г. Дневные бабочки (Hesperioidea и Papilionoidea, Lepidoptera) Восточной Европы. CD определитель, база данных и пакет программ «Lysandra». — Минск, Киев, М., 2005.
↑ абвОпределитель насекомых Дальнего Востока России. Т. V. Ручейники и чешуекрылые. Ч. 5 / под общ. ред. П. А. Лера. — Владивосток: Дальнаука, 2005. — С. 373. — 575 с. — 500 экз. — ISBN 5-8044-0597-7.
↑Корб С. К., Большаков Л. В. Каталог булавоусых чешуекрылых бывшего СССР. — 2-е издание, перераб. и доп. — Тула: Гриф и К, 2011. — С. 79. — 124 с. — (Эверсмания. Энтомологические исследования в России и соседних регионах. Отд. вып. 2.)
↑ абвгМоргун Дмитрий Владимирович. Булавоусые чешуекрылые европейской России и сопредельных стран. Определитель-справочник. — М.: МГСЮН, 2002. — С. 145. — 208 с.
↑Львовский А. Л., Моргун Д. В. Булавоусые чешуекрылые Восточной Европы. — М.: Товарищество научных изданий КМК, 2007. — Т. 8. — С. 77. — 443 с.
↑ абТатаринов А. Г., Долгин М. М. Булавоусые чешуекрылые. — СПб.: Наука, 1999. — С. 144. — 183 с.
↑Tom Tolman, Richard Lewington. (1998). Die Tagfalter Europas und Nordwestafrikas. Franckh-Kosmos, Stuttgart 1998, ISBN 3-440-07573-7, S. 84.
Спасылкі
Cupido(англ.). Lepidoptera (Markku Savela). Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2012. Праверана 22 жніўня 2012.