Вальфраму карбіды — хімічныя злучэнні вальфраму з вугляродам. Вядомыя вальфраму карбіды: монакарбід (WC) і гемікарбід (W2C, існуе толькі пры высокіх тэмпературах).
Монакарбід вальфраму — крышталічнае рэчыва шэрага колеру, тэмпература плаўлення 2776°С, шчыльнасць 15600 кг/м³. Мае высокую цвёрдасць, кіслотаўстойлівы, у паветры пры тэмпературы >430°С акісляецца. Атрымліваюць узаемадзеяннем вальфраму з вугляродам пры тэмпературы 1430-1630°С у атмасферы вадароду, аднаўленнем аксіду (WO3) вугалем.
Выкарыстоўваюць як аснову металакерамічных цвёрдых сплаваў, для легіравання хуткарэзных сталяў, нанясення зносаўстойлівых наплавачных пакрыццяў на металічных паверхнях.
Літаратура
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).