Вупраж
Ву́праж[1][2] — збруя для коннай або валовай запрэжкі. Паводле прызначэння падзяляецца на транспартную (для перавозкі пасажыраў і грузаў), сярод якой вылучаецца выязная, і рабочую (для работ з земляробчымі прыладамі — сахой, бараной, плугам і інш.). Да вупражы не адносіцца амуніцыя для верхавой язды[3].
Вытворчасць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчым рамёствамі. Эвалюцыя вупражы адлюстроўвала ўзровень грамадскай вытворчасці, гістарычныя ўзаемасувязі і пераемнасць этнакультурных традыцый. Вынаходства машын паклала пачатак новым сучасным відам транспартных сродкаў. У наш час традыцыйная вупраж ужываецца пераважна ў асабістых гаспадарках[3].
Тыпы
Паводле канструкцыйных асаблівасцей вылучаюць тры тыпы (сістэмы) вупражы: хамутовую, шлейную і ярэмную[3].
Ярэмная
У сялянскіх гаспадарках Паўднёва-Заходняй Беларусі, дзе асноўнай рабочай жывёлай былі валы, амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышальнай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або пастронкавай запрэжцы. Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядома з часоў неаліту. Узоры яе сустракаюцца на антычных гравюрах і мініяцюрах[3].
Шлейная
Вынаходства шляі (прататып хамута) адкрыла новы этап у развіцці гужавога транспарту, дало пачатак шырокаму выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы.
Першыя формы коннай вупражы на ўзор сучасных праніклі ў Еўропу з усходу праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі, паводле археалагічных крыніц, вядомы з 11 ст., а дуга, падсядзёлак, папруга, набадры, лейцы — з больш позняй пары. На сярэдневяковых мініяцюрах конныя экіпажы паказаны найчасцей у пастронкавай запрэжцы з фурманам, які сядзіць верхам на кані[3].
Хамутовая
Хамутовая была пашырана на ўсёй Беларусі, але найбольш у паўночна-ўсходняй яе частцы, на тэрыторыі Паазер’я (Падзвіння) і Падняпроўя, дзе здаўна асноўнай цяглавай сілай быў конь. Асноўная частка гэтай вупражы — хамут у комплексе з іншымі элементамі. Пры запраганні ў аглоблі выкарыстоўваюцца дуга, падсядзёлак, папруга, церассядзёлак, набадры; пры запраганні ў пастронкі ў пасажырскіх, часцей мнагаконных экіпажах замест хамута персі і карак коней аблягае спецыяльна сшытая шляя ў выглядзе шырокага рэменя. Ва ўсіх тыпах вупражы неабходны аброць і лейцы. Кожны з састаўных элементаў вупражы мог адрознівацца вонкавай формай, матэрыялам (скура, пянька, валокны ліпавай кары і інш.), канструкцыйным спалучэннем асобных дэталяў і спосабамі ўпрыгожвання[3].
Упрыгожванне
Упрыгожвалі пераважна выязную вупраж, якая заўсёды мела адзнакі саслоўнай прыналежнасці і індывідуальнага мастацкага густу. Беларускія майстры-рымары валодалі рознымі спосабамі і навыкамі апрацоўкі элементаў вупражы з улікам іх узаемнага дапасавання і гармоніі, анатоміі і нораву жывёліны. Сродкі эстэтычнага выяўлення — колер, узорыстае шытво, шво, цісненне, дадатковыя дэкаратыўныя дэталі. Дугу маляўніча расфарбоўвалі, шляю аздаблялі ціснёным арнаментальным узорам, аброць, набадры — бліскучымі металічнымі накладкамі, некаторыя ўчасткі — махрамі і кутасамі. Часам мастацкі акцэнт пераносіўся на наспінную шляю з шырокай дэкарыраванай палоскі скуры з бліскаўкамі або аплікацыяй. У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі або чаплялі бразготкі ці званочкі пад размаляванай дугой, аздобленай кветкамі і каляровымі стужкамі. Выязная вупраж выконвала важную ролю ў беларускіх абрадах вяселля, масленіцы, у кірмашовых святах, гасцінах і інш[3].
Крыніцы
Літаратура
- Цітоў В. С. Ву́праж, збруя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 295. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
- Цітоў В. С. Ву́праж // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 118. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.
- Ву́праж; Ву́пражны // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Галоўная рэдакцыя Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1977. — Т. 1: А — В / [рэдактар М. П. Лобан]. — С. 513. — 604 с.
- У́пряжь, сбруя // Сельскохозяйственный энциклопедический словарь (руск.) / Редкол.: В. К. Месяц (гл. ред.) и др. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 557. — 565 с. — 100 000 экз.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вупраж