Вікіпедыя:Не чапляйцеся да пачаткоўцаў

Вікіпедыя развіваецца не толькі дзякуючы карпатлівай працы найбольш актыўных удзельнікаў праекта, але і дзякуючы ўнёску мноства зацікаўленых пачаткоўцаў, якія часта застаюцца ананімнымі. Кожны з нас калісьці быў пачаткоўцам, у тым ліку і тыя, хто быў досыць асцярожным і здолеў удала пазбегнуць тыповых памылак. Многія з нас нават пасля некалькіх месяцаў, а то і гадоў працы ўсё яшчэ лічаць сябе пачаткоўцамі.

Новае папаўненне аўтараў — гэта, у перспектыве, будучая частка супольнасці, і яны — наш найкаштоўнейшы здабытак. Мы маем ставіцца да новых удзельнікаў па-добраму і цярпліва, бо нішто не адпуджвае патэнцыйна каштоўных удзельнікаў так, як варожасць або элітарызм. Шматлікія пачаткоўцы хутка асвойваюцца ў Вікіпедыі і пачынаюць упэўнена працаваць, але некаторым не хапае ведаў пра Вікіпедыю або ўмення.

Калі ласка, не чапляйцеся да новых удзельнікаў!

  • Зразумейце: пачаткоўцы не проста патрабуюцца супольнасці — яны прыносяць карысць. Дапамагаючы пачаткоўцам у працы, мы спрыяем пашырэнню нашых ведаў, думак і перакананняў, тым самым павялічваем каштоўнасць Вікіпедыі, забяспечваючы яе нейтральнасць, непрадузятасць і цэласнасць як рэсурсу ведаў.
  • Помніце: наш дэвіз, наш заклік да пачаткоўцаў — праўце смела! Так, у нас ёсць збор правілаў, пэўныя стандарты і традыцыі, але пры іх ужыванні ні ў якім разе не варта дэманстраваць негатывісцкі падыход. Трэба сачыць за тым, каб яны не перашкаджалі дзеянням такіх пачаткоўцаў, якія маглі б успрыняць заклік да смеласці занадта літаральна. Бо цалкам магчыма, што новае папаўненне прынясе з сабой багаты досвед, набыты дзякуючы ўдзелу ў іншых праектах, і новыя ідэі і творчую энергію, якія дапамогуць развіць і палепшыць нашу супольнасць і вынікі яе працы, нават калі іх дзейнасць не зусім адпавядае дзейным правілам і нормам. Можа здарыцца, што гэта нашыя правілы і стандарты патрабуюць перагляду або дапаўнення, тады як сёе-тое з таго, што пачаткоўцы, як можа падацца на першы погляд, робяць няслушна, напраўду палепшыць і ўдасканаліць Вікіпедыю. Перш чым рабіць высновы пра тое, што новы ўдзельнік робіць штосьці не так або насуперак «норме», прасачыце за такім пачаткоўцам пэўны час, калі трэба, пагутарыце з ім і паспрабуйце зразумець яго намеры.
  • Калі вы сапраўды выявілі або шчыра ўпэўнены, што пачатковец памыліўся, напрыклад забыўся вылучыць назоў тлустым шрыфтам або паставіць карысныя спасылкі, — выпраўце памылку самі. Не крытыкуйце пачаткоўца незаслужана рэзка — помніце: у Вікіпедыі рэдагаваць артыкулы можа кожны, у самым літаральным сэнсе гэтых словаў, і таму асноўная праца кожнага — рэдагаваць, а не крытыкаваць або наглядаць за іншымі.
  • Калі вы адчуваеце, што абавязкова мусіце выказацца з нагоды дапушчанай пачаткоўцам памылкі, рабіце гэта так, каб дапамагчы. Перш за ўсё павітайце новага ўдзельніка на яго старонцы размоў, назавіцеся, дайце зразумець, што пачаткоўца тут чакаюць. А потым ужо выкладайце вашыя папраўкі спакойна і па-сяброўску, і паспрабуйце, калі магчыма, таксама паказаць і на тое, што пачатковец зрабіў добра, і вам спадабалася. Калі вы нічога гэтага не можаце зрабіць, то лепш зусім нічога не казаць.
  • Пэўныя пачаткоўцы, наадварот, нерашучыя пры рэдагаванні, асабліва калі гаворка ідзе пра такія значныя крокі, як наданне артыкулу нейтральнага выгляду або перайменаванне старонак: альбо праз боязь пашкодзіць штосьці ў Вікіпедыі, ці думаючы, што яны могуць абразіць кагосьці з удзельнікаў Вікіпедыі, ці праз боязь трапіць пад крытыку. Паспрабуйце растлумачыць такім пачаткоўцам прынцып Вікіпедыі «праўце артыкулы смела!» і не раздражняйцеся праз іх магчымую нясмеласць.
  • Калі вы бярэцеся даваць пачаткоўцам парады, паспрабуйце стрымаць свой павучальны запал і трымацца спакойнага тону, а лепей калі яшчэ і на некалькі паўтонаў ніжэй, чым звычайны для Вікіпедыі стрыманы стыль дыскусіяў. Новыя ўдзельнікі маюць адчуваць непадробленасць зычлівага прывітання, а ні ў якім разе не спробу нават намёку на тое, што ім можа спатрэбіцца чыйсьці літасцівы дазвол, каб уступіць у нейкі клуб для абраных. У кожнай галіне паглыбленай і спецыялізаванай чалавечай дзейнасці ёсць свае строгасці і свае правілы, на вывучэнне якіх трэба выдаткаваць час, але затое ад перыядычнага перагляду і пераацэнкі гэтых правілаў і абмежаванняў яны могуць стаць лепшымі.
  • Зыходзьце з сумленнасці новых удзельнікаў. Хутчэй за ўсё, яны хочуць дапамагчы, дык дайце ім гэтую магчымасць!
  • Помніце афарызм «Брытва Хэнлана»: «Ніколі не прыпісвайце шкодніцкім намерам тое, што цалкам можна растлумачыць нястачай ведаў». Паводзіны, якія могуць падацца дасведчаным удзельнікам Вікіпедыі шкодніцкімі, хутчэй за ўсё, тлумачацца няведаннем правілаў і таго, што чакаецца ад удзельнікаў Вікіпедыі. Нават калі вы на 100 % упэўнены, што хтосьці — абсалютна дарэмны, нікому не патрэбны прыблуда, інтэрнэт-троль і вандал, — паводзьце сябе, нібы гэта не так. Калі вы захоўваеце спакой, выяўляеце ўвагу і вядзеце сябе паважліва, вы тым самым умацоўваеце сваю ўласную годнасць, і ўжо гэта ідзе на карысць праекту.
  • Помніце, што і вы калісьці былі пачаткоўцам. Стаўцеся да іншых так, як бы вы хацелі, каб ставіліся да вас, калі вы толькі прыйшлі ў Вікіпедыю і былі новым удзельнікам (і калі магчыма, яшчэ лепей, чым так).

Гл. таксама