Глыбока
Пасёлак гарадскога тыпу
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Глыбока[1] (укр.: Глибока) — пасёлак гарадскога тыпу ў Чарнавіцкай вобласці Украіны, цэнтр Глыбоцкага раёна.
Гісторыя
Першае пісьмовае згадванне аб мястэчку датавана 1438 г. Яно згадваецца як запусцелая мясцовасць на «Чорнай паляне», а ў грамаце гэтага ж года Малдаўскі гаспадар Ілля I надзяліў мясцовасцю пад назвай Глыбокая прыдворнага суддзю Пятра Гудыма. Магчыма, тады і ўзнікла сяло, назва якога паходзіць ад месца, дзе яно размешчана — пасёлак ляжыць у глыбокай катлавіне. У 1490 г. у летапісах згадваецца пра тое, што царква Глыбокай ўвайшла ў Радавецкую епархію, а ў 1491 г. Малдаўскі гаспадар Стэфан III сваёй граматай пацвердзіў перадачу вёскі прыдворнаму Юдці.
На працягу доўгага часу Глыбока са сваімі прылеглымі землямі была ўласнасцю феадалаў і манастыроў. У 1774 г. Глыбока, як і ўся Букавіна, перайшла ад Асманскай імперыі пад уладу Аўстрыйскай імперыі як кароннае ўладанне — Герцагства Букавіна. У 1857 г. у вёсцы будуецца спіртавы завод, а ў 1869 г. пачынаецца будаўніцтва чыгункі Чарнаўцы — Сірэт — Сучава, якая прайшла праз мястэчка. Паводле перапісу 1910 г. у мястэчку налічвалася 5549 чал. Пераважная большасць з іх займалася сельскай гаспадаркай. З лістапада 1918 г. па 28 чэрвеня 1940 года Глыбока ўваходзіць у склад Румыніі.
Сельскі савет у Глыбокай быў створаны 5 ліпеня 1940 г. Першым сельскім старшынёй быў абраны Нестар Ткачук. У ліпені 1940 г. Глыбока стала раённым цэнтрам. У 1956 г. Глыбока была пераведзена ў катэгорыю пасёлка гарадскога тыпу.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»