Нарадзіўся ў штаце Кентукі ў сям’і фермера і вырас на баваўняных плантацыях брата ў Місісіпі і Луізіяне. Скончыў Ваенную акадэмію ЗША ў Вест-Пойнце; шэсць гадоў служыў у званні лейтэнанта ў войску, пазней вярнуўся туды добраахвотнікам для ўдзелу ў Амерыкана-мексіканскай вайне, дзе камандаваў палком. Быў ваенным міністрам пры прэзідэнце Пірсе, а таксама сенатарам ад штата Місісіпі.
Дэвіс, уладальнік буйной баваўнянай плантацыі і значнай колькасці рабоў, быў добра вядомы як прыхільнік рабаўладання. Ён выступаў супраць сепаратызму, аднак падтрымліваў ідэю суверэннасці штатаў. 18 лютага 1861 года Дэвіс уступіў на пасаду прэзідэнта Канфедэратыўных Штатаў Амерыкі і займаў яе на працягу Грамадзянскай вайны ў ЗША аж да свайго арышту 10 траўня 1865 года. Быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, аднак так і не паўстаў перад судом і праз два гады быў вызвалены.