Дыяланкэ
Дыяланкэ (Yalunka) | |
Агульная колькасць | 214000 (2024 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Заходняя Афрыка: Гвінея — 128000 |
Мова | ялунка |
Рэлігія | анімізм, іслам |
Блізкія этнічныя групы | сусу, ваі |
Дыяланкэ́ (фр.: Dialonké), або ялунка (саманазва: Yalunka, літаральна «горцы») — афрыканскі народ, карэнныя жыхары горнай мясцовасці Фута-Джалон ў Заходняй Афрыцы. Жывуць у Гвінеі, Малі, Сьера-Леонэ і Сенегале. Агульная колькасць (2024 г.) — 128 000 чалавек[1].
Паходжанне
Дыяланкэ лічацца нашчадкамі выхадцаў з сярэднявечнай дзяржавы Гана, што мігрыравалі ў Фута-Джалон не раней за XI ст. У XVIII ст. яны былі заваяваны мусульманскімі валадарамі фулані, якія прымусова перасялялі горцаў на суседнія тэрыторыі. Акрамя таго, дабраахвотнае перасяленне па эканамічных прычынах з Фута-Джалон назіралася ў каланіяльны перыяд. У выніку гэта пашырыла арэал рассялення дыяланкэ.
Культура
Асноўны традыцыйны занятак — сельская гаспадарка. Вырошчваюць проса, рыс, бабовыя, кукурузу і іншыя культуры. Важны дадатковы занятак — жывёлагадоўля. Трымаюць кароў, коз, авечак, курэй. Фармальна за свойскую жывёлу нясуць адказнасць жанчыны. У рэчаіснасці, пастухамі звычайна з'яўляюцца дзеці, асабліва хлопчыкі. Прадукты жывёлагадоўлі складаюць не значную частку паўседзённага харчавання. Аднак свойская жывёла — сімвал сямейнага багацця. Да нашых дзён у сельскай мясцовасці яна выкарыстоўваецца для разлікаў паміж асобнымі гаспадаркамі.
У мінулым вылучаліся групы прафесійных рамеснікаў. У другой палове XX ст. традыцыйныя рамёствы прыйшлі ў заняпад. Многія дыяланкэ працуюць па-за межамі хатніх гаспадарак у гарадах або здабываюць дыяменты.
Асноўны від паселішча — вёска, якая складаецца з буйных сямейных дворагаспадарак. Найбольш старыя паселішчы месцяцца ў міжгорных далінах. Сельскія сем'і звычайна вялікія. Многія мужчыны маюць некалькі жонак, пры гэтым нясуць адказнасць за іх забяспечанасць. Першая жонка лічыцца старэйшай, яна і яе дзеці маюць перавагу над іншымі. Спадчына перадаецца ад бацькі да старэйшага сына. Пасля смерці гаспадара яго жонкі і дзеці, што не дасягнулі паўналецця, застаюцца ў сям'і спадчынніка. Шлюбу папярэднічаюць заручыны. Выкуп за нявесту выплочваецца свойскай жывёлай.
Традыцыйнае грамадства даволі распластаванае. Вылучаюцца высакародныя сем'і, што паходзяць ад правадыроў, звычайныя абшчыннікі і нашчадкі рабоў. Асобныя групы складаюць нашчадкі прафесійных рамеснікаў з нізкім сацыяльным статусам. Існуюць патаемныя таварыствы накшталт жаночага бандо. У мінулым яно займалася арганізацыяй абрадаў. У нашы дні часцей выступае як выхавацель дзяўчат, перадае ім вопыт старэйшых пакаленняў.
Мова
Родная мова дыяланкэ адносіцца да моўнай сям'і мандэ, вельмі блізкая да мовы сусу.
Рэлігія
На працягу сваёй гісторыі дыяланкэ некалькі разоў прымалі іслам. Апошняе гвалтоўнае навязванне ісламу з боку фулані адбылося ў 1884 г. Прапорцыя мусульман толькі расла ў перыяд каланіялізму. У нашы дні яна дасягае 95% ад колькасці вернікаў. Астатнія спавядаюць хрысціянства. І сярод мусульманскага, і сярод хрысціянскага насельніцтва захаваліся многія анімістычныя традыцыі, асабліва шанаванне духаў продкаў у выглядзе ахвяр барынкійна.
Зноскі
Спасылкі
Дыяланкэ на Вікісховішчы |