Канцыянал
Канцыяна́л (познелац.: cantional ад лац.: cantio — спевы, песня) — зборнік рэлігійных і свецкіх адна- і шматгалосых песнапенняў. Сярод жанраў у складзе канцыяналаў: літургічныя песнапенні і малітвы, пратэстанцкія харалы, псальмы і канты , гейналы і інш. Вядомы з першай палове XV ст. (Чэхія, Германія), асабліва пашыраны ў час Рэфармацыі.
Беларусь
На Беларусі ў XVI ст. друкаваліся мясцовыя пратэстанцкія, а таксама чэшскія, нямецкія, польскія канцыяналы. Першы ўзор нотадрукавання на Беларусі і адзін з самых ранніх ва Усходняй Еўропе — брэсцкі зборнік «Песні хвал боскіх», складзены і выдадзены Я. Зарэмбам (1558). Ён змяшчае каля 100 адна- і чатырохгалосых псальмаў і кантаў на польскай і лацінскай мовах, запісаных мензуральнай натацыяй на 5-лінейным нотным стане (захаваліся ў фотакопіі 10 мелодый і заканчэнне; 38 мелодый з яго перадрукаваны ў канцыянале Я. Секлюцыяна, 1559). Аўтары шэрагу музычных узораў — Вацлаў з Шамотул і Ц. Базылік. У 1562 годзе ў Нясвіжы М. Кавячынскі выдаў «Катэхізіс», у адну з частак якога уключыў канцыянал, дзе змешчаны 40 псальмаў, 110 песень і свецкіх кантаў з нотамі. У канцы XVI — пачатку XVII ст. нотныя канцыяналы выдаваліся ў Любчы, у т.л. зборнік аднагалосых песнапенняў 1620 (у аснове многіх псальмаў і кантаў мелодыі французскіх свецкіх, нямецкіх народных песень, гусіцкіх, гугеноцкіх, лютэранскіх, кальвінісцкіх гімнаў і харалаў, касцельных песень, лацінскія секвенцыі гімнаў і антыфонаў, заходне-еўрапейскіх і славянскіх песень і танцаў, усходне-славянскіх лірычных народных песень). Беларускія канцыяналы — помнікі кантавай культуры XVI—XVII стст[1].
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Касцюкавец Л. П. Канцыяналы // Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва. — Мн.: БелЭн, 1985. — Т. 2. — С. 672. — 702 с.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Костюковец Л. Ф. Кантовая культура в Белоруссии. — Мн.,Вышэйшая школа, 1975. С. 34—35
Спасылкі
- Татьяна Галуза Белорусская Реформация и протестантская хоровая культура XVI века(руск.) // Христианская культура. — 2007. — № 8. Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2007.
- Новик В. Н. История протестантской христианской музыки : Видеолекция на YouTube. (бел.)