Канцэрагены, бластамагены — рэчывы або фізічныя агенты, здольныя выклікаць утварэнне злаякасных пухлін ці садзейнічаць іх узнікненню з нармальнай тканкі. Да канцэрагенаў адносяць розныя хімічныя злучэнні (азотфарбавальнікі, араматычныяаміны, азбест, нітразаміны), фізічныя фактары (іанізуючае выпраменьванне), некаторыя біялагічныя агенты (анкагенныя вірусы, метабаліты трэптафану, стэроідныя гармоны).
Канцэрагеннае ўздзеянне звязана з хімічнай актыўнасцю і электроннай структурай пэўнай часткі малекул, якая ўтварае комплексы з некаторымі кампанентамі клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі).
Канцэрагенны падзяляюцца на 3 групы:
канцэрагены мясцовага дзеяння,
канцэрагены арганатропныя (выклікаюць пухліны ў пэўных органах),
канцэрагены множнага дзеяння (выклікаюць розныя пухліны ў розных органах).
Эфект залежыць ад дозы, працягласці ўплыву, стану рэактыўнасці арганізма, здольнасці тканак ці органаў назапашваць (дэпаніраваць) рэчыва. Новаўтварэнні ўзнікаюць праз 1/5-1/7 працягласці жыцця арганізма (у чалавека 15-20 гадоў, у мышэй 4-6 месяцаў).
Многія канцэрагены маюць мутагенныя ўласцівасці. Папярэджанне ўздзеяння канцэрагенаў на арганізм заснавана на прадухіленні забруджвання паветра, вады, ежы, глебы прамысловымі адкідамі, недапушчэнні канцэрагенных прымесяў у ежы і пітной вадзе, ажыццяўленні прафілактычных мер у галіне прафесіянальнай, камунальнай і асабістай гігіены.