Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (Мсціслаў)
Славутасць | |
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў | |
---|---|
54°01′26″ пн. ш. 31°43′37″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | |
Канфесія | Каталіцкая Царква |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | кармеліты |
Архітэктурны стыль | барока, ракако |
Архітэктар | Іаган Крыштоф Глаўбіц |
Будаўніцтва | 1614 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Г000504 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў — сакральны комплекс у г. Мсціславе. Помнік архітэктуры барока і ракако рэспубліканскага значэння.
Гісторыя
Першым у Мсціславе прывілеем караля Жыгімонта III Вазы ў 1614 г. быў заснаваны фарны касцёл ля падножжа Замкавай гары, пры якім ў 1637 г. быў заснаваны кляштар кармелітаў[1]. Касцёл пры манастыры першапачаткова быў драўляным і непрыкметным.
Аб даце будаўніцтва Успенскага кляштара і мураванага касцёла кармелітаў у Мсціславе можна меркаваць толькі па ўскосных даных, а дакладней, толькі па спасылках на ўжо не існуючыя дакументы XVII і XVIII стст. Закладзены касцёл у 1-й палове XVII ст. на месцы старога драўлянага храма, узводзіўся Караля Якуба Мадалінскага. З 1648 года Мсціслаў быў ахоплены казацкімі хваляваннямі, у 1654 годзе пасля ўзяцця Мсціслава маскоўскімі войскамі манахі-кармеліты былі перабіты, гэтай падзеі прысвечаны дзве цэнтральныя фрэскі храма. Дабудоўваўся касцёл значна пазней, праз некалькі дзесяцігоддзяў, у другой палове XVII ст[1].
Касцёл фундаментальна перабудаваны ў 1746—1750 гг. архітэктарам І. К. Глаўбіцам (перайначаныя форма даху, дэкор галоўнага фасада і інтэр'ера, завяршэнні трох'ярусных вежаў) і часткова ў 1887 г.
Архітэктура
Касцёл
Касцёл — мураваная трохнефная шасцістаўповая базіліка з дзвюхвежавым фасадам і пяціграннай алтарнай апсідай, да якой з поўдня прылягае кляштар — двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр'еры збераглася размалёўка XIX ст.). Сцены касцёла атынкаваныя і аздобленыя пілястрамі. Драўляныя скляпенні ўнутры больш познія.
Інтэр'ер
Інтэр'ер багата аздоблены лепкай і фрэскамі (сярэдзіна XVIII ст.), якія размешчаныя на паўднёвай, паўночнай і алтарнай сценах галоўнага нефа і на скляпеннях бакавых нефаў. Збераглося каля дваццаці кампазіцый, з якіх найбольшую мастацкую каштоўнасць маюць партрэт фундатара і сюжэты на гістарычную тэматыку: «Узяцце Мсціслава маскалямі ў 1654 г.» і «Забойства ксяндзоў». Гістарычную цікавасць мае панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каляровая гама размалёвак на рэлігійныя тэмы мяккая, пабудаваная пераважна на жоўта-карычневых і шэра-блакітных колерах. Сцэны на гістарычныя сюжэты маюць больш разнастайную каляровую гаму. У кампазіцыі адчуваецца перспектыўна-прасторавы план, аб'ём.
-
Забойства ксяндзоў
-
Узяцце Мсціслава маскалямі ў 1654 г.
-
Галоўны алтар у 1913 годзе
-
Галоўны алтар у наш час
-
Інтэр'ер у наш час, выгляд з хораў
Брама
Каля касцёла пабудаваная цагляная брама, якая вырашаная ў выглядзе рознавялікіх паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невялікія пінаклі. Над шырокай цэнтральнай аркай размешчаны ступеньчаты атык.
Святары[2]
- Спірыдон Стаюр;
- 1887—1896 — Пётр Язэпавіч Аўгло;
- 1903—1916? — Антоні Вікенцевіч Матусевіч;
- 1916? — Уладзіслаў Гжэбала;
- 1917—1928? — Віктар Янавіч Валентыновіч;
- 1936—1937 — Міхал Ігнатавіч Варнас.
Зноскі
- ↑ а б Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- ↑ Маракоў, Л. Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі (1917—1964) / Леанід Маракоў. — Мінск: Смэлтак, 2009. — С. 567. — 776 с. — ISBN 978-985-6917-12-0.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (Мсціслаў)
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (Мсціслаў) на сайце Radzima.org
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (Мсціслаў) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (Мсціслаў) на сайце Catholic.by (бел.)