Кніга Выхад
Выхад (שְׁמוֹת) | |
---|---|
Майсей, які разбівае Скрыжалі Запавету, 1659 Рэмбранта. | |
Раздзел: | Пяцікніжжа |
Мова арыгінала: | яўрэйская |
Мясцовасць: | Егіпет, Сінайскі паўвостраў |
Папярэдняя (праваслаўе): | Кніга Быцця |
Наступная: | Кніга Левіт |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кніга «Выхад», кніга «Зыход» (іўр.: שְׁמוֹת, Шмот — «Вось імёны»; лац.: Exodus ад грэч. Ἔξοδος — выхад, зыход) — другая кніга Старога Запавету. Паводле зместу з'яўляецца працягам кнігі «Быццё». Яе асноўная тэма — выхад ізраільскага народа з егіпецкай няволі і яго вандраванне ў пустыні на чале з Майсеем[1].
У кнізе «Выхад» апісваецца лёс 12 кален яўрэйскага народа. Паказваюцца надзвычай жорсткія ўмовы іх паднявольнага жыцця ў Егіпце пасля смерці Іосіфа і прыходу да ўлады новага фараона, які, незадаволены хуткім ростам яўрэйскага насельніцтва, выдаў загад для павівальных бабак, каб яны, прымаючы роды ў цяжарных ізраільцянак, бязлітасна знішчалі яўрэйскіх немаўлят мужчынскага полу. Галоўны герой гэтай кнігі — Майсей. У «Выхадзе» падаецца надзвычай складаная, поўная прыгод і драматызму гісторыя яго жыцця ад нараджэння і да таго часу, калі ён стаў правадыром свайго народа і вывеў яўрэяў з егіпецкай няволі. Толькі на другі год іх блуканняў па пустыні, апавядаецца ў Бібліі, Бог на адной з гор Сінайскага паўвострава даў ім праз Майсея свой закон, паводле якога яны павінны былі жыць і ўсталёўваць свае ўзаемаадносіны з богам. Захаванне гэтага дагавору-запавету стала ўмовай заступніцтва ўсявышняга за яўрэяў, іх будучага лёсу і выратавання. Майсей з гэтага часу стаў фактычным заканадаўцам свайго народа, складальнікам маральнага кодэкса, асноўная сутнасць якога сфармулявана ў славутых 10 запаведзях. Далей у творы падаецца падрабязны пералік самых разнастайных і дэталёвых настаўленняў і правіл, якія датычаць быту яўрэяў, іх звычаяў і рэлігійных абрадаў. Кніга «Выхад» завяршаецца апісаннем будаўніцтва свяцілішча і асвячэннем яго па даручэнню бога заканадаўцам Майсеем.[2]
Кніга «Выхад» скарынаўскага друку пачынаецца тытульным аркушам, на якім змешчана ілюстрацыйная тэматычная гравюра з надпісам: «Дщера фараонова знашла отроча Моисея у воде». На яго адвароце пачынаецца прадмова Скарыны. Пасля яе ідзе тлумачальны тэкст наступнага зместу: «Кто бы пак межи простыми людми братии моей захотел яснее разумети, яковым обычаем был храм уделан, кивот, стол, требник и ризы жреческии, тое все вымалеваное нижей знайдеть». Перад самім тэкстам кнігі «Выхад» Скарына падае застаўку, якая ўжо была ім выкарыстана ў кнізе «Песня песняў». Апрача гэтых гравюр у кнізе пададзена яшчэ пяць ілюстрацый: у раздзеле 25 на л. 45 адв. з подпісам — «Взор кивота или скрини завета господьня», на л. 46 адв. — «Взор стола, на нем же бѣ хлеб посвященый», на л. 47 адв. — «Взор светилника златого с ветием его», у раздзеле 27 на л. 50 адв. — «Взор требинка, на нем же приношаху жертвы» і на л. 52 адв. — партрэтная гравюра Аарона з надпісам «Взор риз жреческих, еже быша на Ароне». Апошнія дзве гравюрныя ілюстрацыі Францыск Скарына паўтарыў у наступнай кнізе «Левіт» з некаторымі адрозненнямі тэксту да гэтых ілюстрацый і асобных дэталей фону ў малюнку Аарона. Кніга «Выхад» скарынаўскага выдання захавалася ў 17 асобніках.[2]
Пераклады
- Кніга Выхад (Скарына)
- Другая кніга Масеява - Выхад у перакладзе Яна Станкевіча і Майсея Гітліна
- Выхад у перакладзе Васіля Сёмухі
- Кніга Выхаду ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага
- Выхад у перакладзе Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь
- Выхад у перакладзе Антонія Бокуна
Зноскі
- ↑ catholic.by
- ↑ а б Скарына Ф. Творы:... С. 162—163.
Літаратура
Кніга Выхад на Вікісховішчы |
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 162—163. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.