Крэўская аперацыя

Крэўская аперацыя
Асноўны канфлікт: Абарона Смаргоні (Усходні фронт Першай сусветнай вайны)
Касцёл і замак Крэва да і пасля баёў.
Касцёл і замак Крэва да і пасля баёў.
Дата з 6 (19) ліпеня вялася артпадрыхтоўка; наступальныя дзеянні з 9 (22) па 13 (26) ліпеня 1917
Месца тэрыторыя сучаснага Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі
Вынік перамога немцаў
Праціўнікі
 Расійская імперыя  Германская імперыя

Крэўская аперацыя — наступленне расійскіх войск на ўчатску КрэваСмаргонь падчас Першай сусветнай вайны.

Сітуацыя

Аперацыя рыхтавалася ў сувязi з наступленнем англiйскiх войск пад Іпрам, каб не даць магчымасці немцам перакiнуць частку сваiх войск з усходу на захад. Напярэдадні расійская армія правяла аперацыю на Паўднева-Заходнім фронце, але яна правалілася. Дакладны план наступлення быў распрацаваны загадзя, яшчэ ў студзені 1917 года, але па розных прычынах тэрмiн яго правядзення неаднаразова адкладваўся i карэктыраваўся.

За некалью дзен да аперацыi адбыўся iнцыдэнт у 10-й арміі, які атрымаў шырокi рэзананс. Салдаты 2-й Каўказскай грэнадзёрскай дывiзii моцна збілі прысланага да iх камандзіра. Гэта стала вядома кiраўнiку Часовага ўрада Аляксандру Керанскаму, па патрабаванню якога былi прыняты строгiя меры да вінаватых, а таксама да камандуючага 10-й армiяй Мікалая Кісялеўскага. У вынiку, камандуючы 10-й армiяй, якая павiнна была вырашыць лёс усей аперацыі, быў папярэджаны, што ён у хуткiм часе будзе зняты са сваёй пасады. Бясспрэчна, што, знаходзячыся ў такой сітуацыі, Кiсялеўскi не мог узяць на сябе паўнавартае кiраўнiцтва ходам аперацыi.

План і сілы бакоў

Меркавалася, што 10-я расійская армiя пасля магутнага артабстрэлу варожых пазiцый будзе прарываць германскую лiнiю абароны ў раёне Крэва, авалодае населеннымi пунктамi Солы, Жупраны, Граўжышкі i ў ходзе далейшага наступлення выйдзе на подступы да горада Вільня. Згодна з планам, пад Крэва была дастаўлена вялiкая колькасць артылерыі. Па некаторых звестках, да месца прарыву было сцягнута 900 гармат самага рознага калiбру. Гэтыя гарматы ў асноўным былi зроблены на заводах Вялікабрытаніі i ЗША і мелi дальнабойкасць звыш 20 кіламетраў. Больш магутную артылерыю, чым пад Крэва, расійская армiя дагэтуль яшчэ не збiрала. Камандаванне планавала правесці аперацыю ў тры этапы: спачатку нанесці магутны ўдар артылерыяй, затым распачаць iмклiвыя наступальныя дзеяннi, пасля чаго замацавацца на новых адваяванных у немцаў пазiцыях. Меркавалася задзейнічаць усю 10-ю расiйскую армію (3-i, 38-ы, 1-ы Сiбiрскi, 2-гi Каўказскі корпусы), а таксама некаторыя суседнiя фармiраванні Заходняга фронту (каля 17 тысяч салдат i афіцэраў). Акрамя таго, для барацьбы з самалëтамi немцаў былi створаны спецыяльныя супрацьпаветраныя батарэi i перадыслацыраваны пад Крэва тры авiяцыйныя атрады.

У сваю чаргу, працiўнiк прыкладаў усе намаганнi, каб як можна лепш падрыхтавацца да абароны i ўтрымаць свае пазiцыi. Нямецкая абарона налічвала тры лiнii, была па-майстэрску ўмацаваная i добра прадуманая. Вайскоўцы ўзвялi на сваiх абарончых рубяжах магутныя бетонныя доты. Пры чым шматлiкiя доты i кулямётныя гнёзды былi ўмела ўбудаваны i замаскiраваны непасрэдна ў самiх сценах Крэўскага замка i блiжайшых да яго яго пабудовах. Фактычна ўсе каменныя пабудовы ў мястэчку Крэва былі прыведзены ў абарончы стан і значна павялічвалі абароназдольнасць нямецкіх пазіцый. З германскага боку ў раёне прарыву займала абарону не болей за 8 тысяч чалавек.

Калі нямецкім афiцэрам больш—менш удавалася падтрымлiваць у сваiх вайсковых фармiравннях дысцыплiну i парадак, то ў расiйскiх войсках з кожным днём дысцыпліна слабела, частымi сталi выпадкi дэзерцірства i невыканання загадаў. Улiчваючы вышэй адзначаныя абставіны, з мэтай падняцця маральнага баявога духу салдат, Часовым урадам у Петраградзе была створана «Першая жаночая ваенная каманда смерці», так званы «жаночы батальён смерцi» пад камандаваннем Марыi Бачкаровай. З 2-х тысяч добраахвотніц былi адсеяны «ненадзейныя» i тыя, хто не вытрымаў суровых умоў салдацкага жыцця. У вынiку ў батальёне засталося крыху болей двухсот найлепш падрыхтаванных да ваеннай справы жанчын. Менавiта пад Крэва, дзе распачалася падрыхтоука сур’ёзнай наступальнай аперацыі, i быў накiраваны гэты жаночы батальён.

Ход баявых дзеянняў

Аэрафотаздымка Крэва 1916 года. Тут выразна бачны замак і лініі акопаў.

Артылерыйская падрыхтоўка пачалася 6 (19) ліпеня 1917 года ў 5 гадзін ранiцы i доўжылася на працягу трох дзён. Германскiя пазіцыі абстрэльвалiся нават хiмiчнымi снарадамi. У выніку абстрэлаў на ўчастку запланаванага месца прарыва нямецкiя акопы i ўмацаваннi былi моцна пашкоджаны i часткова разбураны, у шматліх месцах прабiты праходы ў драцяной загародзе. Мноства драўляных збудаванняў, а таксама хат, што былi за нямецкай лiнiяй фронту, былi знiшчаны i зруйнаваны. Не вытрымалi артылерыйскага агню i мураваныя будынкі. Найбольш пацярпеў ад артабстрэлу Крэўскі замак. Ад самай прыгожай Княжацкай вежы засталiся толью рэшткi разбуранага першага паверха. Той жа лёс напаткаў Свята-Троiцкую царкву, моцна пашкоджанай таксама аказалася царква святога Аляксандра Неўскага. Увогуле, усё наваколле было зрыта шматлiкiмi варонкамi i завалена калючым дротам.

9 (22) ліпеня, пасля трохдзённай безперапыннай артпадрыхтоўкі, расiйская пяхота перайшла ў атаку. Ужо праз 20 хвілін пасля пачатку наступлення першая лінія германскiх акопаў была занята. Найбольш паспяхова развiваў наступленне 38-ы армейскі корпус пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Корпус змог авалодаць галоўнымi ачагамi супраціўлення ў мястэчку Крэва — замкам, касцёлам Перамянення Гасподняга i могілкамі. Вызначылася 175-я пяхотная дывiзiя пад камандаваннем генерал-маёра Смiрнова, якая, авалодаўшы крэўскiмi ўмацаваннямі, прасунулася наперад больш чым на 3 км ад першай германскай лiнii і змагла заняць вёску Тамасоўка.

Аднак на некаторых участках бой насіў пераменны характар: пазiцыi раз за разам пераходзілі то да рускіх, то да немцаў. У шматлікіх выпадках наступленне расiйскiх салдат захлыналася падчас пераадольвання перашкод з калючага дроту. Часта немцы расстрэльвалi расiйскую пяхоту ва ўпор з кулямётаў, схаваных у добра замаскiраваных i надзейна абароненых бетонных гнёздах, а таксама рабілі абстрэл снарадамi з удушаючымi газамi. Жаночы батальён смерці тым час займаў пазiцыю памiж Крэвам i Наваспаскам. Першапачаткова салдаткі праявілі сябе доблесна, але ад варожага артылерыйскага агню жанчыны адступілі. У выніку, дзве жанчыны загінулі, больш за 30 атрымалi раненні. Камандзiр батальёна Марыя Бачкарова пасля гэтага бою была шпiталiзавана. Маральны дух батальёна быў зломлены i ў далейшым у баявых дзеяннях ён удзелу не прымаў.

Першапачаткова паспяховае на большасці ўчастках прарыву наступленне расійскай пяхоты паступова пачало запавольвацца. Сказвалася разбалансаванасць падчас атакі, калi адныя наступалi, а другiя не заўсёды падтрымлiвалi, не было каардынацыі памiж рознымi родамi войск, адсутнасць добра прадуманага манеўру на мясцовасці, значныя страты i нежаданне ў сувязi з гэтым большасцi салдат рызыкаваць жыццём фактычна звялi да нуля выдатна спланаваную i паспяхова праведзеную артылерыйскую падрыхтоўку.

На чацвёрты дзень пасля свайго пачатку Крэўская аперацыя была канчаткова спынена. Расiйскiя войскi вымушаны былi адысцi на свае старыя пазiцыi.

Наступствы

Выканаць пастаўленыя мэты i задачы ў ходзе Крэўскай аперацыі ў iстотнай ступенi не удалося, а лiнiя фронту засталася на ранейшым месцы. Асноўную віну за правал усклалі на Кісялеўскага, які неўзабаве быў зняты з камандавання армiяй i накiраваны ў рэзерв. Тым не менш, аперацыя аказала iстотны ўплыў на германскае ваеннае камандаванне, якое так i не адважылася ў гэты перыяд перакiнуць з беларускіх земляў хоць адно якое-небудзь вайсковае фармiраванне на Заходнi фронт, што дапамагло англічанам пад Іпрам.

Літаратура