Кірыцімаці

Кірыцімаці
англ. Kiritimati
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча388,39 км²
Найвышэйшы пункт13 м
Насельніцтва5 115 чал. (2012)
Шчыльнасць насельніцтва13,17 чал./км²
Размяшчэнне
1°53′ пн. ш. 157°24′ з. д.HGЯO
АрхіпелагАстравы Лайн
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Кірыцімаці (Ціхі акіян)
Кірыцімаці
Кірыцімаці
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кірыцімаці (англ.: Kiritimati), або востраў Калядвостраў у Паўночнай групе астравоў Лайн. Уваходзіць у склад дзяржавы Кірыбаці. Плошча — 388,39 км². Насельніцтва (2012 г.) — 5115 чал.

Геаграфія і прырода

Кірыцімаці лічыцца найбуйнейшым і найстаражытнейшым у свеце каралавым атолам. Даўжыня — каля 53 км, шырыня — 31 км. Найвышэйшы пункт — 13 м. Паўночны захад займае прасторная лагуна (217,61 км²). Большую частку ўзбярэжжа атачае каралавы рыф.

Сфармаваны каля 10—16 тысяч гадоў таму. Пераважаюць мінералы кальцыт і вапняк. У многіх месцах ветрам і дажджом створаныя паглыбленні, якія з цягам часу запоўніліся вадою і ўяўляюць сабою невялікія азёры. Сталых вадацёкаў або крыніц пітной вады няма. Дажджавая вільгаць кандэнсуецца пераважна пад тоўстымі пясчанымі пластамі. У глебах Кірыцімаці заўважаны істотны недахоп калію, мікраэлементаў жалеза, цынку, марганцу і г. д.

Клімат засушлівы экватарыяльны. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 873 мм. У гады Эль-Ніньё болей. Цыклоны здараюцца рэдка. Нярэдкія засушлівыя гады, калі большасць паверхневых салёных азёр перасыхае, знікаюць запасы падземных прэсных вод. Сярэднегадавая тэмпература — 24° C — 30° C.

У мінулым на востраве меліся толькі гаі дрэваў Pisonia grandi (да 10 м), значную частку пакрывалі хмызнякі, сярод якіх пераважалі нізкарослыя зараснікі Scaevola taccada і Tournefortia argentea. У каланіяльную пару шырока распаўсюдзіліся какосавыя пальмы. Яны займаюць каля 5200 га, але яны растуць пераважна на пясчаных глебах.

Фаўна бедная, прадстаўлена марскімі птушкамі (усяго 37 відаў), яшчаркамі, казуркамі, крабамі, пацукамі, чарапахамі. Прырода мясцовага каралавага рыфу таксама бяднейшая, чым на суседніх астравах.

Кірыцімаці афіцыйна абвешчаны запаведнікам, аднак строга ахоўваюцца толькі некалькі зон.

Гісторыя

Археолагамі было выяўлена некалькі старажытных месцаў пасялення палінезійцаў. Яны стала насялялі Кірыцімаці паміж 1200 і 1600 гг. Мяркуецца, што пасяленцы пакінулі востраў з-за працяглай шматгадовай засухі або ў выніку экалагічнага крызісу, які пачаўся з-за неахайнай эксплуатацыі бедных мясцовых рэсурсаў.

24 снежня 1774 г. востраў быў адкрыты Джэймсам Кукам, які даў яму імя Калядаў (англ.: Christmas) у гонар надыходзячага свята. Сучасная назва Кірыцімаці з’яўляецца перакладам першапачатковай назвы на мову тунгару. Маракі Кука знайшлі на востраве некалькіх чарапах, але не здолелі адшукаць пітную ваду.

У 1856 г. на востраў выказалі прэтэнзіі ЗША ў сувязі з прадастаўленнем права амерыканскім кампаніям здабываць тут гуана. Аднак запасы гэтага выкапня былі вельмі абмежаванымі, і здабыча так і не пачалася. У 1882 г. брытанскімі прадпрымальнікамі былі створаны какосавыя плантацыі, увезены рабочыя для працы на іх. Але пад час моцнай засухі большасць пальмаў загінула. Рабілася яшчэ некалькі спроб стварыць сталыя паселішчы.

У 1888 г. Вялікабрытанія абвясціла аб анексіі Кірыцімаці. У 1919 г. востраў быў далучаны да калоніі Астравы Гілберт і Эліс.

У 19171939 гг. Кірыцімаці арандаваў француз Эмануіл Руж’е, які вырошчваў какосы і сістэматычна збіраў інфармацыю пра востраў. Пазней яна была перададзена навукоўцам і апублікавана.

Пад час II Сусветнай вайны на востраве высадзіліся амерыканскія і аўстралійскія войскі. Былі створаны ваенная база, аэрадром, метэаралагічная станцыя. Для абслугоўвання ваенных на востраў былі ўвезены рабочыя з іншых ціхаакіянскіх астравоў.

У 1957, 1958 гг. Вялікабрытанія праводзіла на востраве выпрабаванні ядзернай зброі. У 1962 г. іх праводзілі на востраве ЗША. Да 1975 г. ваенныя пакінулі Кірыцімаці, а на месцы амерыканскай ваеннай базы быў пабудаваны атэль "Джэймс Кук", самы вялікі на востраве.

У 1979 г. Кірыцімаці быў далучаны да Кірыбаці. Хаця востраў з’яўляецца запаведнікам, урад гэтай дзяржавы распрацоўвае некалькі праектаў, якія накіраваны на яго далейшае інтэнсіўнае асваенне.

Эканоміка і інфраструктура

На Кірыцімаці існуе 4 населеныя пункты. Адміністрацыйным цэнтрам і галоўным портам фактычна з'яўляецца паселішча Лондан. Міжнародны аэрапорт размешчаны на поўначы вострава. Чартарныя штотыднёвыя авіярэйсы ў Ганалулу. Працуе 2 школы.

Мясцовае насельніцтва — пераважна тунгару, выхадцы з астравоў Гілберта, — займаецца вырошчваннем какосаў і ловам рыбы. Мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць экалагічны турызм. Аднак з-за дарагіх пералёту і харчу (большасць прадуктаў завозіцца звонку) пакуль Кірыцімаці карыстаецца папулярнасцю толькі сярод невялікай групы сёрфераў.

Галерэя

Спасылкі

Kiritimati даведнік на сайце Wikivoyage