Кішка (страва)
Кішка | |
---|---|
![]() | |
![]() |

Кішка — старадаўняя традыцыйная беларуская страва.
Апісанне
У адвараныя або сырыя крупы (як правіла грэчку, радзей ячныя або рысавыя) дадаюць тлушч, скваркі, прыправы і свежую свіную кроў, перамешваюць і кладуць (або наліваюць) у тоўстыя кішкі, пякуць на бляхах або абварваюць, а потым падпякаюць. Часам замест круп кладуць муку. Свежая кроў у хатніх умовах даступная толькі пад час забіцця свінні, таму гэта сезонная страва. Прамысловасць магла б рабіць яе цэлы год, але тая крывяная кілбаса, якая прадаецца ў крамах, мае мала агульнага са шматвекавой беларускай традыцыяй. Зусім не так у Польшчы, дзе традыцыйная крывяная кілбаса (там яе называюць кашанка) даступная ўсюды і заўсёды. Яна мае дыяметр каля 5 см і даўжыню з далонь, чорна-фіялетавага колеру.
Гісторыя
Паводле падання, страву прыдумаў кухмістр каралевы Альжбеты — Пятрашка Струміла, кішку ўпадабала каралева і прыдворныя, а Пятрашка атрымаў мянушку Кішка, якая перайшла ўжо як прозвішча яго нашчадкам — магнацкаму роду Кішак.
Літоўцы называюць яе vėdarai, што значыць «кішкі» — зрэшты, множны лік як варыянт назвы нярэдкі і ў Беларусі. Вядомы варыянт кішкі з грэцкімі крупамі, але без крыві — з варанай свінінай.
У XIX ст., калі распаўсюджанне бульбы стала пераваротам у харчаванні беларусаў, з’явіўся новы тып кішкі — кілбаса з таркаванай бульбы са свінымі скваркамі. Паступова словам кішка пачалі называць пераважна такі тып кілбасы, а традыцыйную з крыві і грэчкі — болей крывянка, хаця нельга сказаць, што такі падзел быў паслядоўны. Новы тып кішкі шырока распаўсюдзіўся ў Беларусі і Літве, ад нас трапіў і ў Польшчу — як тыповая «крэсовая» страва. У старажытным Супраслі, калісьці цытадэлі беларускай культуры, штогод у маі—чэрвені праводзіцца Чэмпіянат свету ў прыгатаванні бульбяной кішкі і бульбяной бабкі.
Літаратура
- Белы А. Кішка // Праект «Наша ежа»