Легалас
Легалас | |
---|---|
англ.: Legolas сінд.: | |
Бацька | Трандуіл |
Род заняткаў | лучнік |
Удзельнічаў у | the Council of Elrond[d][1] |
Член у |
|
Стваральнік твора | Джон Рональд Руэл Толкін |
Выканаўца/артыст | Арланда Блум |
Прадстаўлена ў працы | Валадар Пярсцёнкаў, Хобіт: Спусташэнне Цмока, Хобіт: Бітва пяці войскаў, Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне караля, Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка і Уладар пярсцёнкаў: Дзве вежы |
З мастацкага твора | легендарыум Толкіна[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ле́галас (сінд.: Legolas) — адзін з галоўных герояў легендарыума Толкіна, дзеючая асоба ў трылогіі «Уладар Пярсцёнкаў».
Пра персанажа
Легалас — эльф, сын Трандуіла, караля эльфаў Паўночнага Цемналесся. У 3018 годзе Трэцяй Эпохі ён прыбыў у Раздол, дзе прыняў удзел у савеце. Пазней далучыўся да Брацтва Пярсцёнка, дзе ён быў адзіным прадстаўніком эльфаў. За час падарожжа ён пасябраваў з гномам Гімлі (на працягу ўсяго паходу ў іх доўжылася спаборніцтва «хто заб'е больш оркаў»). Вострае вока Легаласа і яго майстэрства валодання лукам і стрэламі аказалі неацэнную дапамогу Звязу.
Пасля смерці Бораміра і распаду Звяза Легалас і Гімлі рушылі ўслед за Арагорнам і суправаджалі яго да заканчэння Вайны Пярсцёнка. Разам з ім яны пусціліся ў пагоню за оркамі Сарумана, якія выкралі Мэры і Піпіна. Падарожнічаючы па Фангорне, яны сустрэлі Гандальфа ў белых адзеннях, які пераканаў іх суправаджаць яго ў Эдарас. Там яны далучыліся да арміі Рохана на час вайны з Саруманам. Арагорн, Легалас і Гімлі ваявалі разам з рахірым у бітве ў Хельмавай Падзі. Пасля бітвы яны суправаджалі караля Тэадэна ў Ізенгард, і там Легалас знаходзіўся сярод тых, хто вёў перамовы з Саруманам.
Неўзабаве пасля гэтага Легалас і Гімлі, ідучы за Арагорнам, прайшлі Шляхам Мёртвых да Каменя Эрэха, каб прывесці войска зданяў-клятвапарушальнікаў да Пеларгіра і прыплысці ў каралеўства Гондар ад марскіх берагоў, тым самым споўнішы старажытнае прароцтва. Легалас і Гімлі былі поплеч, калі адбылася Бітва на Пеленорскіх Полях.
У Гондары Легалас упершыню ўбачыў мора і пачуў крыкі чаек, і з тых часоў жаданне адплысці на Захад, у Валінор, не адпускала яго, як і прадказвала яму Галадрыель. Некаторы час (да смерці Арагорна) ён з'яўляўся правадыром невялікай колькасці эльфаў Цемналесся на зямлі Ітыліэна са згоды Арагорна. Пасля смерці Арагорна ў 120 годзе Ч. Э. ён пабудаваў карабель і, спусціўшыся па Андуіне, адплыў за мора (магчыма, разам з Гімлі).
Паходжанне
Легалас, хоць яго імя належыць да лясных эльфаў, паходзіць не з лясных эльфаў (нандар), а са Змрочных (сіндар), як і яго бацька. Сын Трандуіла нарадзіўся, калі той ужо валадарыў у Цемналессі, і, такім чынам, атрымаў імя лясных эльфаў.
Легалас — позні паводле паходжання герой (ён з'яўляецца ў першай частцы «Уладара Пярсцёнкаў»), але Толкін надаў яму мала ўвагі. Вядома толькі імя яго бацькі Трандуіла, але нідзе не згадваецца ні яго маці, ні яго браты і сёстры.
Імя
Легалас (Legolas) — імя на дыялекце сіндарына, прынятым у лясных эльфаў. На чыстым сіндарыне яго імя будзе гучаць Лаэгалас (Laegolas). Паводле правіл фанетыкі эльфійскіх моў, націск прыпадае на трэці ад канца склад.
Імя «Легалас» складаецца з дзвюх частак: «лег» — «зялёны» (дыялектная форма, правільна «лаэг») і «голас/олас» — «лісце». Форма «олас» ужываецца, каб пазбегнуць паўтору «г». Такім чынам, імя значыць «зялёнае лісце».
У форме «голас/олас» частка «лас» (сіндарын) з'яўляецца дэрыватывам «ласэ» на квэнья, а «лаэг» — дэрыватывам «лайква». Такім чынам, на квэнья яго імя будзе гучаць як «Лайкваласэ». Як казаў сам Толкін, гэта вельмі добрае імя для ляснога эльфа.
Выгляд
У главе «Савет у Элранда» сказана, што Легалас насіў адзенне лясных эльфаў (зялёны і карычневы колеры). Гэта адпавядае апісанням ліхалескіх эльфаў у «Хобіце». У сутнасці, гэта адзіныя словы, якія апісваюць яго выгляд, выключаючы яшчэ «зіхатлівыя вочы». Вядуцца спрэчкі наконт колеру яго валасоў, але, хутчэй за ўсё, ён золатавалосы, паколькі яго бацька апісваецца як «золатавалосы кароль эльфаў».
Узрост
У Толкіна нідзе не згадваецца дата яго нараджэння. Але Легалас на момант дзеяння «Уладара Пярсцёнкаў» не можа быць старэйшым за тры тысячы гадоў, паколькі ён не ўдзельнічаў у Вайне Апошняга Саюза. Акрамя таго, у лесе Фангорн ён кажа: «З тых часоў пяцьсот разоў абляцела лісце ў маім лесе, але для нас, эльфаў, гэта дробязі». Гэта значыць можна зрабіць выснову, што яму больш чым пяцісот гадоў. Калі ж абапірацца на «Законы і звычаі Эльдар», дзе сказана, што для нараджэння дзіцяці абодва бацькі павінны па-сапраўднаму яго захацець, захацець прынесці новае жыццё на зямлю, то ў Цемналессі эльфы павінны былі амаль перастаць нараджацца дзесьці з 1200 года Трэцяй Эпохі (менавіта тады Эрын-Гален накрыў Цень Саўрана, і ён стаў звацца Таўр э-Ндаэдэлас). Такім чынам, ён павінен быць прыкладным аднагодкам Арвен, якой 2901 год (гл. Трэцяя эпоха).
Спасылкі
- Legolas Greenleaf — Энцыклапедыя Арды