Луі дэ Клермон

Луі дэ Клермон
фр.: Louis de Bussy d'Amboise
Род дзейнасці пісьменнік
Дата нараджэння 1549
Дата смерці 29 жніўня 1579
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Жак дэ Клермон д’Амбуаз[d]
Маці Кацярына дэ Баво[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Луі дэ Клермон, сеньёр дэ Бюсі д’Амбуаз (фр.: Louis de Clermont, seigneur de Bussy d'Amboise); (1549 — 1579) — французскі арыстакрат, паэт, ваеначальнік падчас французскіх рэлігійных войнаў. Праславіўся шматлікімі двубоямі і любоўнымі прыгодамі. Стаў адным з галоўных герояў у рамане Аляксандра Дзюма «Графіня дэ Мансаро», прычым яго літаратурная выява істотна адрозніваецца ад рэальнага гістарычнага персанажа. З'яўляецца ў некалькіх іншых менш вядомых літаратурных творах. Яго гісторыю Дзюма выкарыстаў таксама яшчэ ў сваёй ранняй п'есе «Двор Генрыха III».

Пражыў даволі бурнае жыццё: як афіцэр удзельнічаў у шматлікіх ваенных кампаніях свайго часу, затым быў губернатарам Шалона, камергерам герцага Алансонскага, а пазней — галоўным кіраўніком усіх яго валадарстваў.

Быў нядрэнным паэтам, пісаў любоўныя вершы, у якіх разважаў аб узвышаных пачуццях і неабходнасці захавання таямніцы любоўных адносін. Аднак у рэальным жыцці ён сам жа і парушаў сваю параду і ўвесь час выхваляўся сваімі любоўнымі перамогамі, чым скампраметаваў некалькіх дам. Быў вядомы як скандаліст, для якога «нагода для выкліку на двубой магла змясціцца на лапцы мухі». Меў рэпутацыю жорсткага і бязлітаснага суперніка. Сяброў у яго было вельмі мала, нядобразычліўцаў — значна больш.

У 1572 годзе, падчас Варфаламееўскай ночы, на чале ўзброенага атрада кіраваў забойствам свайго сваяка — гугенота Антуана дэ Клермона, маркіза дэ Рэнеля (стрыечнага брата бацькі), з якім яго бацька вёў цяжбу з-за маркізата. Пасля забойства справа ў судзе вырашылася на карысць Бюсі д’Амбуазаў, але па ўмовах эдыкта 1576 года тытул маркіза дэ Рэнэля быў вернуты сям'і забітага.

У 1573 годзе суправаджаў Генрыха Валуа ў Рэч Паспалітую, каралём якой той быў абраны. За час падарожжа яго неўтаймаваныя паводзіны некалькі разоў рабіліся прычынай скандалаў з мясцовымі жыхарамі: у адным з нямецкіх гарадоў Бюсі спрабаваў згвалтаваць гаспадыню гатэля — скандал з цяжкасцю замялі.

Пасля вяртання ў Францыю стаў палюбоўнікам каралевы Маргарыты Наварскай, па пратэкцыі якой паступіў на службу да малодшага брата караля, Франсуа, герцага Алансонскага (з 1576 года — Анжуйскага), фаварытам якога неўзабаве стаў. Пры поўнай ухвале Франсуа і Маргарыты актыўна ладзіў сваркі з людзьмі Генрыха Наварскага, нярэдка якія прыводзілі да ўзброеных сутыкненняў, у тым ліку масавых.

Прызначаны ў 1576 годзе губернатарам Анжу, разбураў правінцыю паборамі. У 1578 годзе суправаджаў герцага Анжуйскага ў ягоным паходзе ў Нідэрланды, адным з найбольш актыўных ініцыятараў якога быў. Як палкаводзец праявіў сябе не лепшым чынам: пры ім у французскім лагеры ў Нідэрландах панаваў беспарадак, акрамя таго, сам Бюсі выклікаў на паядынак віконта дэ Цюрэна — бацьку знакамітага французскага палкаводца, штандар якога яму не спадабаўся.

У лісце ў Парыж Бюсі пахваліўся чарговай любоўнай перамогай над Франсуазай дэ Мерыдор — жонкай графа Шарля дэ Мансаро, галоўнага лоўчага Францыі. Пісьмо трапіла да герцага Анжуйскага, ад яго — да караля. Той, у сваю чаргу, паказаў ліст Мансаро, які прымусіў жонку адправіць палюбоўніку запрашэнне на спатканне. Бюсі, які прыйшоў на спатканне, трапіў у пастку. Упарта змагаючыся за сваё жыццё, ён адбіў атаку дзясятка слуг графа, якія накінуліся на яго, калі зачынілася брама, забіўшы чатырох з іх, зламаў шпагу і кінуўся да акна. Там ён і ўпаў ад кінжала мужа Франсуазы, графа дэ Мансаро.

Мансаро не хаваў сваёй ролі ў гібелі Бюсі, адкрыта заяўляючы, што забіў злодзея, які пракраўся ўначы ў яго замак. Учынак графа дэ Мансаро выклікаў у грамадстве не асуджэнне, а толькі адабрэнне. Сваякі Бюсі, у тым ліку малодшы брат, не пажадалі помсціць за яго.