Магдалена Рудэншольд
Магдалена Рудэншольд | |
---|---|
Род дзейнасці | фрэйліна |
Дата нараджэння | 3 студзеня 1766[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 5 сакавіка 1823[1] (57 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Carl Rudenschöld[d][1] |
Маці | Christina Sofia Bielke[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Графіня Магдалена Рудэншольд (шведск.: Magdalena Rudenschöld, поўнае імя Magdalena Charlotta Rudenschöld[2]; 1766—1823) — шведская прыдворная дама, фрэйліна, мастачка[3].
Была ключавым удзельнікам змовы Густава Армфельта, лічыцца першай зняволенай жаночай турмы Långholmens spinnhus .
Біяграфія
Нарадзілася 1 студзеня 1766 года ў Стакгольме ў сям’і тайнага саветніка графа Карла Рудэншольда і яго жонкі графіні Крысціны Сафіі Білке , якая была ўнучкай знакамітай Крысціны Піпер.
У 1784 годзе Магдалена стала фрэйлінай прынцэсы Сафіі Альберціны, сястры Густава III і апісвалася як прыгожая і разумная жанчына. Пры двары яе называлі Мала або Малін. Яе прыхільнасці дамагаліся брат караля герцаг Карл XIII і дваранін Густаў Армфельт, фаварыт караля; Магдалена горача закахалася ў Армфельта. У 1785 годзе Армфельт ажаніўся з Хедвігай Ульрыкай Дэлагардзі, а Магдалена была яму палюбоўніцай. Лічыцца, што яна таемна нарадзіла з ім дваіх дзяцей, якія памерлі неўзабаве пасля нараджэння.
Удзел у змове
У 1793 годзе Армфельт, які пражываў у той час за мяжой, распрацаваў планы скінуць Густава Рэйтэрхольма , які валодаў вялікай уладай у перыяд рэгенцтва пры наследным прынцу (пасля забойства Густава III). Густаў Армфельт прымусіў Магдалену Рудэншэльд дзейнічаць у якасці свайго саўдзельніка, і яна стала яго прадстаўніком у Швецыі як цэнтральная фігура змоўшчыкаў. Армфельт таксама абяцаў ажаніцца на Магдалене, калі вернецца ў Швецыю пасля паспяховага перавароту. Перапіска Армфельта і Рудэншольд трапіла Рэйтэрхольму шляхам подкупу паштмайстра ў Гамбургу, праз які праходзіла ўся пошта ў Швецыю. Магдалена Рудэншольд была арыштаваная адной з першых 18 снежня 1793 года.
22 верасня 1794 года Магдалена Рудэншольд была асуджаная і прысуджаная да смяротнага пакарання за здраду, разам з Армфельтам (тым часам быў за мяжой) і двума іншымі саўдзельнікамі — Юханам Эрэнстромам і Юханам Амінафам. Яе пакаранне было заменена на ганебны слуп на плошчы Birger Jarls torg з наступным пажыццёвым зняволеннем у турме Långholmens spinnhus . Яна была пазбаўленая свайго прозвішча і статусу дваранкі.
Наступнае жыццё
Магдалена Рудэншольд была вызвалена ў лістападзе 1796 года з першым урадавым дакументам, падпісаным Густавам IV Адольфам і была высланая ў Готланд, дзе яна атрымала ферму Стэнстугу ў якасці кампенсацыі за страту здароўя і пенсіі. Яна таксама вярнула сабе імя. Першыя гады яна не пакідала востраў, але затым яна стала цалкам свабоднай у перамяшчэнні.
5 чэрвеня 1798 года ў яе нарадзіўся сын Эрык Экмансдорф Карлсан (Eric Ekmansdorff Karlsson, 1798—1848), пазней стаў афіцэрам і служыў у Лапеенранце. Па прапанове і за кошт Густава Армфельта, адказнага за яе нялёгкі лёс, Магдалена пераехала ў 1801 годзе ў Швейцарыю; таксама па рэкамендацыі Армфельта яе сына адправілі выхоўвацца ў Санкт-Пецярбург. У 1813 годзе яна вярнулася ў Швецыю, дзе дапамагала ў выхаванні дзяцей яе брата Тура Габрыэля Рудэншольда . У рэшце рэшт яна пераехала ад брата ў Стакгольм, дзе памерла 5 сакавіка 1823 года.
Магдалена Рудэншольд была адной з гераінь рамана «Kärleks ljuva plåga : En roman om Magdalena Rudenschöld» (1974) пісьменніка Пера-Марціна Хамберга .
Зноскі
- ↑ а б в г д Magdalena C Rudenschöld — 1917.
- ↑ Rudenschöld(недаступная спасылка)
- ↑ Magdalena Charlotta Rudenschöld
Літаратура
- Carl-Johan Kleberg. Långholmen — den gröna ön. Monografier utgivna av Stockholms stad. ISBN 91 7031 0 19 X.
- Svenskt konstnärslexikon del IV sid 551, Allhems Förlag, Malmö. Libris 8390296.