Маланка Медыя
Маланка Медыя | |
---|---|
Краіна | |
Tып | прэса[d] і арганізацыя |
Уладальнік | Павел Марыніч |
Дата заснавання | 2020 |
Мова | руская |
Вэб-сайт | malanka.media |
Маланка Медыя (руск.: Маланка Медиа; англ.: Malanka Media) — беларускае інтэрнэт-выданне. Створана летам 2020 года для асвятлення сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне. У лютым 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прызнала Маланку экстрэмісцкім фарміраваннем.
Гісторыя
Праект быў задуманы ў чэрвені 2020 года на фоне беларускіх пратэстаў з мэтай асвятлення навін з Беларусі, а таксама распрацоўкі аналітычных праграм і дакументальных фільмаў[3][4]. Заснавальнікам медыя стаў Павел Марыніч. У першапачатковы склад каманды ўвайшлі пацярпелыя падчас падзей жніўня 2020 года, журналісты незалежных выданняў, навічкі ў галіне відэавытворчасці і спецыялісты з досведам працы ў дзяржаўных медыя[3].
У 2021 годзе штат супрацоўнікаў павялічыўся да 12 чалавек, а колькасць падпісчыкаў на YouTube-канале дасягнула 100 тысяч за першы год працы. Праект працаваў дзякуючы ахвяраванням чытачоў, сродкам беларускай дыяспары і грантам еўрапейскіх фондаў[4].
У верасні 2023 года «Маланка» абвясціла пра намер сумесна з Еўрарадыё стварыць тэлеканал пад працоўнай назвай «Belarus Today»[5].
У лістападзе 2024 года было абвешчана аб прыпыненні абнаўлення сайта і Telegram-канала. Гэта рашэнне было вымушаным і звязана са спыненнем фінансавання праекта з боку галоўнага донара. Фонд салідарнасці BYSOL паведаміў пра пачатак кампаніі па зборы сродкаў у памеры 20 тысяч еўра для аднаўлення працы выдання. Сабраныя сродкі планавалася накіраваць на забеспячэнне функцыянавання вэб-сайта цягам пяці месяцаў, а таксама на аплату працы чатырох супрацоўнікаў[6].
Палітычны пераслед
15 лютага 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прызнала «Маланку» экстрэмісцкім фарміраваннем. У матэрыялах праўладных выданняў гэтае рашэнне тлумачылася «публічнымі заклікамі да санкцый, арганізацыяй дзейнасці і падрыхтоўкай замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь[7]».
20 сакавіка 2024 года ў мінскай кватэры заснавальніка выдання Паўла Марыніча быў праведзены ператрус. Афіцыйная інфармацыя пра прычыны правядзення вобшуку не паведамлялася[8].
Крыніцы
- ↑ https://www.youtube.com/c/%D0%9C%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D0%B0%D0%9C%D0%B5%D0%B4%D0%B8%D0%B02020/about
- ↑ https://twitter.com/MalankaMedia
- ↑ а б Соўсь, Ганна. Былая вядоўца БТ Пытлева — пра Malanka Media, «карнікаў» у эфіры і перажытыя рэпрэсіі . Радыё Свабода (9 снежня 2020). Праверана 11 студзеня 2025.
- ↑ а б Ползик, Арина. Как работают белорусские медиа за границей (руск.). Deutsche Welle (1 лістапада 2021). Праверана 4 студзеня 2025.
- ↑ «Эўрарадыё» і «Malanka Media» плянуюць стварыць новы незалежны тэлеканал. Працоўная назва —Belarus today . Радыё Свабода (23 верасня 2023). Праверана 11 студзеня 2025.
- ↑ Левковец, Георгий. BySol объявил сбор на возобновление работы «Маланка медыя» (руск.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (29 лістапада 2024). Праверана 4 студзеня 2025.
- ↑ «Маланка Медиа» признали экстремистстким формированием (руск.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (15 лютага 2023). Праверана 4 студзеня 2025.
- ↑ Сілавікі прыйшлі зь ператрусам у менскую кватэру кіраўніка Malanka Media Паўла Марыніча . Радыё Свабода (20 сакавіка 2024). Праверана 11 студзеня 2025.