Марфеміка
Марфе́міка — раздзел мовазнаўства, які вывучае структуру слова, яго структурныя часткі — марфемы, іх віды, будову і спалучальнасць у слове ці словаформе.
Гісторыя марфемікі
У самастойную галіну навукі марфеміка вылучылася толькі ў 60-80-ыя гг. XX ст. Дагэтуль марфеміка ўкроплівалася ў марфалогію ці этымалогію.
Прадмет даследавання марфемікі
Прадмет даследавання — марфемная будова слова і структурныя часткі слова (марфемы). Пры гэтым марфемная будова слова вывучаецца адначасова і з фармальнага, і з семантычнага боку.
Задачы марфемікі
Задачы марфемікі:
- вывучэнне і даследаванне марфемнай будовы словаў;
- вывучэнне марфемы як структурнай часткі слова з пункту гледжання яе формы і зместу;
- вывучэнне іерархіі марфем: паслядоўнасць размяшчэння марфем у слове, іх набор у мове, статус марфем як моўных адзінак;
- асаблівасці спалучэння марфем у слове;
- даследаванне марфем з пункту гледжання прадуктыўнасці (частотнасці ўжывання) і рэгулярнасці іх у мове;
- даследаванне эмацыйна-стылістычнай афарбоўкі слоў.
Сувязь марфемікі з іншымі раздзеламі мовазнаўства
Сувязь са словаўтварэннем
Сувязь марфемікі са словаўтварэннем асабліва цесная. Сувязным звяном паміж імі з'яўляецца слова. Марфемы існуюць толькі ў складзе слова і выдзяляюцца толькі са словаў, а ўтварэнне новых словаў адбываецца на базе словаў і марфем.
Сувязь з лексікалогіяй
Кожнае новае ўтворанае слова ўключаецца ў лексічны слоўнік мовы, а лексічны слоўнік мовы — аб'ект даследавання лексікалогіі.
Сувязь з марфалогіяй
Кожнае слова належыць да пэўнай часціны мовы. Вывучэннем часцін мовы займаецца марфалогія. Кожная часціна мовы мае свае ўніверсальныя і спецыфічныя марфемы, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні новых словаў.
Сувязь з арфаграфіяй
Адзін з сучасных прынцыпаў беларускай арфаграфіі называецца марфалагічны. Ён патрабуе графічнай аднастайнасці перадачы марфем на пісьме незалежна ад іх вымаўлення.
Сувязь з фанетыкай
Спалучэнне марфем у слове заснаванае на фанетычных законах і суправаджаецца фанетычнымі з'явамі (чаргаванне).
Сувязь з этымалогіяй
У працэсе гістарычнага развіцця мовы марфемная структура словаў можа змяняцца (спрошчвацца).
Сувязь з сінтаксісам
На базе словазлучэнняў утвараюцца складаныя словы.
Сувязь з фразеалогіяй
Ад устойлівых выразаў утвараюцца словы (скаліць зубы — скалазуб).
Літаратура
- Беларуская граматыка: У 2 ч. — Мн: Навука і тэхніка. — Ч. 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск, 1985.
- Граматыка беларускай мовы. У 2 т. Т. 1. Мінск: Навука і тэхніка, 1962.