Матэматычная эканоміка
Матэматычная эканоміка — сфера навуковай і практычнай дзейнасці, мэтай якой з’яўляецца матэматычна фармалізаванае апісанне эканамічных аб’ектаў, працэсаў і з’яў.
Асаблівасці
Эканоміка як навука аб аб’ектыўных прычынах функцыянавання і развіцця грамадства карыстаецца разнастайнымі колькаснымі характарыстыкамі, а таму ўвабрала ў сябе вялікую колькасць матэматычных метадаў. Сучасная эканоміка выкарыстоўвае метады, распрацаваныя ў ХХ ст. Л. В. Кантаровічам, В. В. Лявонцьевым, Е. Е. Слуцкім. У якасці матэматычных метадаў эканомікі разглядаюцца наступныя раздзелы матэматыкі: лінейнае праграмаванне, асновы фінансавай матэматыкі, элементы тэорыі рызык і эканаметрыка.
Эканоміка-матэматычнае мадэляванне з’яўляецца адным з эфектыўных метадаў апісання складаных сацыяльна-эканамічных аб’ектаў і працэсаў у выглядзе матэматычных мадэлей і адначасова ператвараецца тым самым у частку самай эканомікі: у сплаў эканомікі, матэматыкі і кібернетыкі. Пацвярджэннем станоўчай ацэнкі гэтай з’явы стала прысуджэнне Нобелеўскіх прэмій у галіне эканомікі ў апошняе дзесяцігоддзе ў асноўным толькі за новыя эканоміка-матэматычныя даследаванні.
Пранікненне матэматыкі ў эканамічную навуку звязана з пераадоленнем значных цяжкасцей, звязаных з прыродай эканамічных працэсаў, у спецыфіцы эканамічнай навукі. Большасць аб’ектаў, якія вывучаюцца эканамічнай навукай, можа быць ахарактарызавана як складаная сістэма. Найбольш распаўсюджана разуменне сістэмы як сукупнасці элементаў, якія знаходзяцца ва ўзаемадзеянні і ўтвараюць некаторую цэласнасць, адзінства. Важнай якасцю любой сістэмы з’яўляецца эмерджэнтнасць — наяўнасць такіх уласцівасцей, якія не ўласцівыя ні аднаму з элементаў, якія ўваходзяць у сістэму. Таму пры вывучэнні сістэм недастаткова карыстацца метадам падзялення іх на элементы з наступным вывучэннем гэтых элементаў паасобку. Адна з цяжкасцей эканамічных даследаванняў у тым, што амаль не існуе эканамічных аб’ектаў, якія можна было б разглядаць як асобныя (пазасістэмныя) элементы.
Складанасць сістэмы вызначаецца колькасцю элементаў, якія ў яе ўваходзяць, сувязямі паміж гэтымі элементамі, а таксама ўзаемаадносінамі паміж сістэмай і асяроддзем. Эканоміка краіны мае ўсе прыкметы вельмі складанай сістэмы. Яна аб’ядноўвае вялікую колькасць элементаў, адрозніваецца разнастайнасцю сувязей, як унутраных, так і з іншымі сістэмамі (прыроднае асяроддзе, эканоміка іншых краін і г.д.). У народнай гаспадарцы ўзаемадзейнічаюць прыродныя, тэхналагічныя, сацыяльныя працэсы, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары.
Патэнцыяльная магчымасць матэматычнага мадэлявання любых эканамічных аб’ектаў і працэсаў не азначае, зразумела, яе паспяховай ажыццявімасці на дадзеным узроўні эканамічных і матэматычных ведаў, наяўнай канкрэтнай інфармацыі і вылічальнай тэхнікі. І хоць нельга паказаць абсалютныя межы матэматычнай фармалізуемасці эканамічных праблем, заўсёды будуць існаваць яшчэ нефармалізаваныя праблемы, а таксама сітуацыі, дзе матэматычнае мадэляванне недастаткова эфектыўна.
У эканоміцы многія працэсы з’яўляюцца масавымі. Яны характарызуюцца заканамернасцямі, якія не выяўляюцца на аснове толькі аднаго або некалькіх назіранняў. Таму мадэляванне ў эканоміцы павінна абапірацца на масавыя назіранні. Пазнанне колькасных адносін эканамічных працэсаў і з’яў абапіраецца на эканамічныя вымярэнні. Дакладнасць вымярэння ў значнай ступені прадвызначае і дакладнасць канчатковых вынікаў колькаснага аналізу шляхам мадэлявання, таму неабходным умовай эфектыўнага выкарыстання матэматычнага мадэлявання з’яўляецца ўдасканаленне эканамічных вымяральнікаў.
У працэсе мадэлявання ўзнікае ўзаемадзеянне «першасных» і «другасных» эканамічных вымяральнікаў. Любая мадэль народнай гаспадаркі абапіраецца на пэўную сістэму эканамічных вымяральнікаў (прадукцыі, рэсурсаў, элементаў і г.д.). У той жа час адным з важных вынікаў народнагаспадарчага мадэлявання з’яўляецца атрыманне новых (другасных) эканамічных вымяральнікаў: эканамічна абгрунтаваных коштаў на прадукцыю розных галін, ацэнак эфектыўнасці рознаякасных прыродных рэсурсаў, вымяральнікаў грамадскай карыснасці прадукцыі. Аднак гэтыя вымяральнікі могуць адчуваць уплыў недастаткова абгрунтаваных першасных вымяральнікаў, што вымушае распрацоўваць адмысловую методыку карэкціроўкі першасных вымяральнікаў для гаспадарчых мэт.
З пункту гледжання «цікавасцей» мадэлявання эканомікі ў цяперашні час найбольш актуальнымі праблемамі ўдасканалення эканамічных вымяральнікаў з’яўляюцца: ацэнка вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці (асабліва ў сферы навукова-тэхнічных распрацовак, індустрыі інфарматыкі), пабудова абагульняючых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, вымярэнне эфектаў адваротных сувязей (уплыў гаспадарчых і сацыяльных механізмаў на эфектыўнасць вытворчасці).
Мадэлі, якія вывучаюцца ў рамках матэматычнай эканомікі, губляюць непасрэдную сувязь з эканамічнай рэальнасцю, яны маюць справу з выключна ідэалізаванымі эканамічнымі аб’ектамі і сітуацыямі. Пры пабудове такіх мадэлей галоўным прынцыпам з’яўляецца не столькі набліжэнне да рэальнасці, колькі атрыманне магчыма большай колькасці аналітычных вынікаў пры дапамозе эканамічных доказаў. Каштоўнасць гэтых мадэлей для эканамічнай тэорыі і практыкі заключаецца ў тым, што яны служаць тэарэтычнай асновай для мадэлей прыкладнога тыпу.
Прыклады матэматычных мадэлей
- Мадэль Лявонцьева — эканоміка-матэматычная балансавая мадэль, якая характарызуе міжгаліновыя вытворчыя ўзаемасувязі ў эканоміцы краіны.
Літаратура
- Грынберг, А. С. Эканоміка-матэматычныя метады і мадэлі / А. С. Грынберг. — Мінск: Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, 2005.
- Сідзін, Э. Ф. Эканоміка-матэматычнае мадэляванне / З. Ф. Сідзін. — Чарнігаў: 1999.
- Макараў, С. І. Эканоміка-матэматычныя метады і мадэлі / С. І. Макараў, Севасцьянава С. А. — Масква: Кнорус, 2008.
Спасылкі
- Кафедра эканамічнай кібернетыкі БДЭУ Архівавана 17 верасня 2010.