Мікалай Капернік
Мікалай Капернік | |
---|---|
Дата нараджэння | 19 лютага 1473[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 24 мая 1543[1][2] (70 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Ніклас Капернік[d] |
Маці | Барбара Капернік[d] |
Род дзейнасці | астраном, юрыст, эканаміст, матэматык, правазнавец, фізік, філосаф, перакладчык, урач, дыпламат, пісьменнік, канонік, canon |
Навуковая сфера | астраномія, матэматыка, механіка і эканоміка |
Месца працы | |
Альма-матар |
|
Навуковы кіраўнік | Domenico Maria Novara da Ferrara[d][9] і Leonhard von Dobschütz[d] |
Вядомыя вучні | Georg Joachim Rheticus[d] |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мікалай Капернік (польск.: Mikołaj Kopernik, лац.: Nicolaus Copernicus; 19 лютага 1473, Торунь — 24 мая 1543, Фромбарк) — вучоны польскага паходжання, астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету.
Біяграфія
Раннія гады
Нарадзіўся ў Торуні у купецкай сям’і, рана застаўся без бацькоў. Торунь увайшоў у склад Польшчы усяго за некалькі гадоў да нараджэння Каперніка, да гэтага ж горад насіў імя Торн і быў часткай Прусіі, якая належала Тэўтонскаму Ордэну.
Пытанне пра этнічную прыналежнасць Каперніка дагэтуль застаецца прадметам дыскусіі. Маці яго была немкай, нацыянальнасць бацькі няясная, аднак вядома, што ён быў выхадцам з Кракава. Тым самым, этнічна Капернік быў немцам ці напалову немцам, хоць сам ён, магчыма, лічыў сябе палякам (па тэрытарыяльна-палітычнай прыналежнасці). Пісаў ён на лацінскай і нямецкай, ніводнага дакумента на польскай мове, напісанага яго рукой, не выяўлена; пасля ранняй смерці бацькі ён выхоўваўся ў нямецкай сям’і маці і дзядзькі. Нікола Камнена Пападаполі пашырыў недаказаную — і, на думку сучасных гісторыкаў, ім жа самім выдуманую — гісторыю пра тое, што Капернік нібы запісаўся ў Падуанскім універсітэце палякам. Трэба адзначыць, што паняцце нацыянальнасці ў тыя гады было значна больш размытае, чым у нашы дні, і частка гісторыкаў прапануе лічыць Каперніка палякам і немцам адначасна[10][11].
У сям’і Каперніка, апроч Мікалая, было яшчэ трое дзяцей: Андрэй, пасля канонік у Варміі, і дзве сястры: Барбара і Кацярына. Барбара пайшла ў манастыр, а Кацярына выйшла замуж і нарадзіла пяцярых дзяцей, да якіх Мікалай Капернік быў вельмі прывязаны і клапаціўся пра іх да канца свайго жыцця.
Страціўшы 9-гадовым дзіцём бацьку і застаўшыся на апецы дзядзькі па маці, каноніка Лукаша Ватцэнродэ[12], Капернік у 1491 годзе паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, дзе з аднолькавай стараннасцю вывучаў матэматыку, медыцыну і багаслоўе, але асабліва яго прыцягвала астраномія.
Па заканчэнні ўніверсітэта (1494) Капернік не атрымаў ніякага навуковага звання, і сямейны савет вырашыў, што яму трэба выбраць духоўную кар’еру. Важкім довадам на карысць такога выбару было тое, што дзядзька-апякун якраз быў у сане біскупа.
Для працягу адукацыі Капернік паехаў у Італію (1497) і паступіў у Балонскі ўніверсітэт. Апроч багаслоўя, права і старажытных моў, ён меў там магчымасць займацца і астраноміяй. Цікава адзначыць, што адным з прафесараў у Балонні быў тады Сцыпіён дэль Фера, з адкрыццяў якога пачалося адраджэнне еўрапейскай матэматыкі. Тым часам, дзякуючы старанням дзядзькі, у Польшчы Каперніка завочна абралі канонікам у епархіі Варміі.
У 1500 годзе Капернік пакінуў універсітэт, ізноў не атрымаўшы ніякага дыплома ці звання, і паехаў у Рым. Ва ўспамінах Рэтыка гаворыцца, што Капернік выкладаў у рымскім універсітэце шэраг дысцыплін, уключаючы астраномію, аднак іншыя біёграфы сумняваюцца ў гэтым факце[13]. Потым, пасля кароткачасовага знаходжання на радзіме, выехаў у Падуанскі ўніверсітэт і працягнуў вывучэнне медыцыны.
У 1503 годзе Капернік, нарэшце, завяршыў сваю адукацыю, здаў у Ферары экзамены, атрымаў дыплом і навуковую ступень доктара кананічнага права. Ён не спяшаўся вяртацца і, з дазволу дзядзькі-біскупа, наступныя тры гады займаўся медыцынай у Падуі.
У 1506 годзе Капернік атрымаў вестку, магчыма, надуманую, пра хваробу дзядзькі. Ён пакінуў Італію і вярнуўся на радзіму. Наступныя 6 гадоў ён правёў у біскупскім замку Гейлсберг, займаючыся астранамічнымі назіраннямі і выкладаннем у Кракаве. Адначасна з’яўляўся лекарам, сакратаром і даверанай асобай дзядзькі Лукаша.
Станаўленне
У 1512 годзе памёр дзядзька-біскуп. Капернік пераехаў у Фромбарк, маленькае мястэчка на беразе Віслінскага заліва, дзе ён увесь гэты час лічыўся канонікам, і прыступіў да сваіх духоўных абавязкаў. Навуковыя даследаванні ён, аднак, не кінуў. Паўночна-заходняя вежа крэпасці стала абсерваторыяй.
Ужо ў 1500-я гады задума новай астранамічнай сістэмы склалася ў яго цалкам ясна[14].
Ён пачаў пісаць кнігу з апісаннем новай мадэлі свету, абмяркоўваючы свае ідэі з сябрамі, сярод якіх было нямала яго аднадумцаў (прыкладам, Тыдэман Гізе, біскуп Кульскі). У гэтыя гады (прыкладна 1503—1512) Капернік шырыў сярод сяброў рукапісны канспект сваёй тэорыі: Commentariolus, ці «Малы каментарый пра гіпотэзы, што адносяцца да нябесных рухаў»), а яго вучань Рэтык апублікаваў ясны выклад геліяцэнтрычнай сістэмы ў 1539 годзе. Відаць, чуткі пра новую тэорыю шырока разышліся ўжо ў 1520-х гадах. Работа над галоўнай працай — «Пра кручэнне нябесных сфер» — працягвалася амаль 40 гадоў, Капернік увесь час уносіў у яе ўдакладненні, рыхтаваў новыя астранамічныя разліковыя табліцы.
Чуткі пра новага выдатнага астранома шырыліся ў Еўропе. Існуе версія, не пацверджаная дакументальна, што Папа Леў X запрасіў Каперніка ўзяць удзел у падрыхтоўцы каляндарнай рэформы (1514, рэалізавана толькі ў 1582 годзе), але ён ветліва адмовіўся[15].
Калі было трэба, Капернік прысвячаў свае сілы і практычным работам: па яго праекце ў Польшчы была ўведзена новая манетная сістэма, а ў горадзе Фромбарку ён пабудаваў гідраўлічную машыну, што забяспечвала вадой усе дамы. Асабіста, як лекар, займаўся барацьбою з эпідэміяй чумы 1519 года. У час польска-тэўтонскай вайны (1519—1521) арганізаваў паспяховую абарону біскупства ад тэўтонаў. Па заканчэнні канфлікту Капернік браў удзел у мірных перагаворах (1525), якія завяршыліся стварэннем на ордэнскіх землях першай пратэстанцкай дзяржавы — герцагства Прусія, васала польскай кароны.
Апошнія гады жыцця
У 1531 годзе 58-гадовы Капернік аддаліўся ад спраў і засяродзіўся на завяршэнні сваёй кнігі. Адначасна ён займаўся медыцынскай практыкай (бясплатна). Верны Рэтык увесь час клапаціўся пра хуткае выданне працы Каперніка, але яно прасоўвалася павольна. У 1542 годзе стан навукоўца значна пагоршыўся, наступіў параліч правай паловы цела.
Капернік сканаў 24 мая 1543 года ва ўзросце 70 гадоў ад інсульта. Некаторыя біёграфы (напрыклад, Тыдэман Гізе[16]) сцвярджаюць, што аўтар незадоўга да смерці паспеў убачыць сваю працу надрукаванаю. Але іншыя даводзяць[17], што гэта было немагчыма, бо апошнія месяцы жыцця Капернік знаходзіўся ў цяжкай коме.
Кніга Каперніка засталася як выдатны помнік чалавечай думкі.
Магіла
Месцазнаходжанне магілы Каперніка вельмі працяглы час заставалася невядомым, аднак у час раскопак у кафедральным саборы Фромбарка ў 2005 годзе былі выяўлены чэрап і косці ног. Параўнальны ДНК-аналіз гэтых астанкаў і двух валасоў Каперніка[18], выяўленых у адной з кніг, якія належалі яму, пацвердзіў, што знойдзены астанкі менавіта Каперніка.[19][20][21]. 20 мая 2010 года пачалася цырымонія перапахавання астанкаў Мікалая Каперніка. 21 мая труна была дастаўлена ў кафедральны сабор горада Фромбарка, дзе Капернік зрабіў свае самыя важныя адкрыцці. Па дарозе ў Фромбарк труна прайшла праз некалькі гарадоў Вармінска-Мазурскага ваяводства — Добрэ Мяста, Лідзбарк Варміньскі, Арнэту, Пяненжна і Бранева, з якімі Капернік быў звязаны ў час сваёй дзейнасці. 22 мая 2010 года астанкі вялікага навукоўца былі пахаваны ў кафедральным саборы Фромбарка. Урачыстую цырымонію правёў прымас Польшчы, архібіскуп Гнезненскі Юзаф Кавальчык. Пахаванне астанкаў таксама было прымеркавана да святкавання 750-годдзя горада.
Навуковая дзейнасць
Геліяцэнтрычная сістэма Каперніка
Разважаючы пра Пталемееву сістэму свету, Капернік здзіўляўся яе складанасці і штучнасці і, вывучаючы творы старажытных філосафаў, асабліва Нікіты Сіракузскага і Філалая, ён прыйшоў да высновы, што не Зямля, а Сонца павінна быць нерухомым цэнтрам Сусвету. Зыходзячы з гэтага дапушчэння, Капернік вельмі проста вытлумачыў усю ўяўную заблытанасць рухаў планет, але, не ведаючы яшчэ праўдзівых шляхоў планет і лічачы іх акружнасцямі, ён быў вымушаны захаваць эпіцыклы і дэферэнты старажытных для тлумачэння нераўнамернасці рухаў.
Ствараючы сваю геліяцэнтрычную сістэму, Капернік абапіраўся на матэматычны і кінематычны апарат тэорыі Пталемея, на атрыманыя апошнім пэўныя геаметрычныя і лікавыя заканамернасці. Так, у мадэлі Пталемея ўсе планеты падначальваліся агульнаму (хоць і незразумеламу ў рамках геацэнтрызму) закону: радыус-вектар кожнай планеты ў эпіцыкле заўсёды супадаў з радыус-вектарам Зямля — Сонца, а рух па эпіцыкле для верхніх планет (Марс, Юпітэр, Сатурн) і па дэферэнце для ніжніх (Меркурый, Венера) адбываўся з аднолькавым для ўсіх планет гадавым перыядам. У мадэлі Каперніка дадзены закон атрымаў простае і лагічнае тлумачэнне[22].
Галоўны і амаль адзіны твор Каперніка, плён больш чым 40-гадовай яго працы, — «Пра кручэнне нябесных сфер» (лац.: De revolutionibus orbium coelestium). Сачыненне выдадзена ў Нюрнбергу ў 1543 годзе; яно друкавалася пад наглядам найлепшага вучня Каперніка, Рэтыка.
У прадмове да кнігі Капернік піша:
Прымаючы ў меркаванне, якой недарэчнасцю павінна здацца гэта навука, я доўга не вырашаўся надрукаваць маю кнігу і думаў, ці не лепш будзе ўзяць прыклад з піфагарэйцаў і іншых, якія перадавалі сваю навуку толькі сябрам, шырачы яе толькі шляхам падання.
Нюрнбергскі тэолаг Андрэас Азіяндэр, якому Рэтык даручыў друкаванне кнігі Каперніка, з асцярожнасці забяспечыў яе ананімнай прадмовай, у якой назваў новую мадэль умоўным матэматычным прыёмам, прыдуманым для скарачэння вылічэнняў. Адзін час гэта прадмова прыпісвалася самому Каперніку, хоць той у адказ на просьбу Азіяндэра зрабіць падобную агаворку рашуча адмовіўся. Услед за прадмовай ідуць хвалебнае пісьмо кардынала Шонберга і прысвячэнне Папу Паўлу III.
Па структуры галоўная праца Каперніка амаль паўтарае «Альмагест» у трохі скарочаным выглядзе (6 кніг замест 13). У першай кнізе (часткі) гаворыцца пра шарападобнасць свету і Зямлі, а замест палажэння пра нерухомасць Землі змешчана іншая аксіёма: Зямля і іншыя планеты круцяцца вакол восі і абарачаюцца вакол Сонца. Гэта канцэпцыя падрабязна аргументуецца, а «думка старажытных» пераканаўча аспрэчваецца. З геліяцэнтрычных пазіцый ён лёгка тлумачыць зваротны рух планет.
Капернік надаваў Зямлі тры кручэнні: першае — кручэнне Зямлі вакол сваёй восі з вуглавой скорасцю ω; другое (са скорасцю ω′) — вакол восі свету, якая перпендыкулярная плоскасці зямной арбіты і праходзіць праз яе цэнтр; трэцяе (з процілегла накіраванай скорасцю ω′′) — вакол восі, паралельнай восі свету і праведзенай праз цэнтр Зямлі. Два апошнія кручэнні ўтвараюць (пры дакладным супадзенні ω′ і ω′′ па велічыні) пары кручэнняў, эквівалентную паступальнаму руху Зямлі вакол Сонца па кругавой арбіце[23].
У другой частцы працы Каперніка даюцца звесткі па сферычнай трыганаметрыі і правілы вылічэння бачных палажэнняў зорак, планет і Сонца на купале неба.
У трэцяй гаворыцца пра гадавы рух Зямлі і пра так званую прэцэсію раўнадзенстваў, якая скарочвае трапічны год (ад раўнадзенства да раўнадзенства) у параўнанні з сідэрычным (вяртанне да таго ж палажэння адносна нерухомых зорак) і прыводзіць да перасоўвання лініі перасячэння экватара з экліптыкай, што змяняе экліптычную даўгату зоркі на адзін градус у стагоддзе. Гэту прэцэсію тэорыя Пталемея ў прынцыпе не магла вытлумачыць[24]. Капернік жа даў дадзенай з’яве вытанчанае кінематычнае тлумачэнне (паказаўшы сябе вельмі спрактыкаваным механікам): ён выказаў здагадку, што вуглавая скорасць ω′′ не дакладна роўная ω′, а крыху ад яе адрозніваецца; рознасць гэтых вуглавых скорасцей і выяўляецца ў прэцэсіі раўнадзенстваў[23].
У чацвёртай частцы гаварылася пра Месяц, у пятай — пра планеты наогул, а ў шостай — пра прычыны змены шырот планет. У кнізе таксама ўтрымваліся зорны каталог, ацэнка памераў Сонца і Месяца, адлегласці да іх і да планет (блізкія да праўдзівых), тэорыя зацьменняў. Трэба адмыслова адзначыць, што сістэма Каперніка (у адрозненне ад сістэмы Пталемея) давала магчымасць вызначыць адносіны радыусаў планетных арбіт. Гэты факт, а таксама і тое, што ў апісанні руху планет выкідваўся першы і самы важны эпіцыкл, рабіла сістэму Каперніка прасцейшай і больш зручнай, чым пталемееўская
Насуперак устоянай думцы, сама кніга Каперніка «De Revolutionibus Orbium Coelestium» была фармальна забаронена інквізіцыяй толькі на 4 гады, аднак падпала пад цэнзуру. У 1616 годзе яна была занесена ў рымскі індэкс забароненых кніг з пазнакай «да выпраўлення». Патрабаваныя цэнзурныя папраўкі, якія трэба было ўнесці ўладальнікам кнігі для магчымасці далейшага выкарыстання, былі абнародаваны ў 1620 годзе. Гэтыя выпраўленні галоўным чынам адносіліся да сцвярджэнняў, з якіх вынікала, што геліяцэнтрызм з’яўляецца не проста матэматычнай мадэллю, але адлюстраваннем рэальнасці. Захавалася мноства асобнікаў першага (Нюрнберг, 1543), другога (Базель, 1566) і трэцяга (Амстэрдам, 1617) выданняў, што належалі, у прыватнасці, вядомым астраномам і іншым гістарычным асобам, у якіх уладальнікі выканалі наказ цэнзуры з рознай ступенню лаяльнасці: ад поўнага затушоўвання патрабаваных фрагментаў Каперніка і надпісання рэкамендаванага тэксту, да поўнага ігнаравання наказаў. Каля 2/3 захаваных копій з Італіі былі выпраўлены іх уладальнікамі, тым часам як пераважная большасць копій з іншых краін не выпраўлялася. Іспанскі індэкс забароненых кніг дазваляў кнігу. Цікава, што асобнікі другога і трэцяга выдання прывезлі ў Кітай езуіцкія місіянеры ў 1618 годзе ў час фармальнага дзеяння забароны. Кніга была вынята з рымскага Індэкса забароненых кніг у 1835 годзе[25].
Іншыя дасягненні ў астраноміі
Капернік адзін з першых выказаў думку пра сусветнае прыцягненне. У яго кнізе (частка I, раздзел IX) гаворыцца:
Я думаю, што цяжар ёсць не што іншае, як некаторае імкненне, якім Боскі Дойлід надзяліў часціцы матэрыі, каб яны злучаліся ў форме шара. Гэтай уласцівасцю, напэўна, валодаюць Сонца, Месяц і планеты; яму гэтыя свяцілы абавязаны сваёй шарападобнай формай.
Насуперак пашыранай думцы, Капернік не прадказваў, што Венера і Меркурый маюць фазы, падобныя месяцавым[26].
Эканоміка
Капернік звярнуў увагу на заканамернасць, вядомую як Закон Каперніка — Грэшэма (незалежна выяўлены таксама англійскім банкірам Томасам Грэшэмам). Згодна гэтаму прынцыпу, больш устойлівыя па сваім курсе грошы (напрыклад, залатыя) будуць выцясняцца з абароту, бо людзі будуць запасіць у іх зберажэнні, а ў рэальным абароце будуць браць удзел «горшыя» (напрыклад, медзяныя) грошы. Варта заўважыць, што такі эфект назіраецца толькі ў тым выпадку, калі дзяржава ўсталявала фіксаваны курс абмену золата на медзь (ці серабро). Ва ўмовах сапраўды свабоднага абмену золата на медзь (серабро) і назад ніякія грошы не з’яўляюцца «добрымі» ці «дрэннымі» і з прычыны гэтага не выцясняюцца з рынку іншымі.
Спіс твораў
Аўтар прац:
- N.C. Meditata XV. Augusti anno domini MDXVII., 1517,
- Tractatus de monetis, 1519,
- Monetae cudendae ratio, 1528,
- De Revolutionibus Orbium Coelestium — Нюрнберг, Германія: 1543 г.
Ушанаванне памяці
У Ягелонскім універсітэце захоўваецца карціна Яна Матэйкі «Астраном Капернік, або размова з Богам».
У яго гонар усталявана шмат помнікаў у Польшчы і Еўропе. Сярод іх помнік, на якім высечаны словы: «Solis stator. Terra motor» («Які спыніў Сонца. Які рушыў Зямлю»). Імя Мікалая Каперніка носіць Торуньскі ўніверсітэт.
-
Помнік у Варшаве працы Бертэля Торвальдсэна (1830)
-
Помнік у Кракаве
-
Помнік у Торуні
-
Помнік у Ольштыне
Крыніцы
- ↑ а б Berry A. A Short History of Astronomy — London: John Murray, 1898.
- ↑ а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994. Праверана 22 жніўня 2017.
- ↑ а б Коперник Николай // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1973. — Т. 13 : Конда — Кун. — С. 124–125. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Your pictures: Poland — 2012. Праверана 2 мая 2024.
- ↑ De revolutionibus orbium coelestium Праверана 2 мая 2024.
- ↑ http://www.historyorb.com/people/nicolaus-copernicus
- ↑ а б http://copernicus.torun.pl/en/biography/1491-1495/2/
- ↑ а б PubMed — 1997.
- ↑ Матэматычная генеалогія — 1997. Праверана 10 жніўня 2016.
- ↑ Davies, Norman (2005). God's playground. A History of Poland in Two Volumes. Vol. II. Oxford University Press. p. 20. ISBN 0199253404.
- ↑ Miłosz, Czesław (1983). The history of Polish literature (2 ed.). University of California Press. p. 37. ISBN 0520044770.
- ↑ Энгельгардт М. А. Николай Коперник. Глава 3.
- ↑ Баев К. Л. Коперник 1935, с. 27..
- ↑ Энгельгардт М. А. Николай Коперник. Глава 4.
- ↑ Коперник. О вращениях небесных сфер 1964, с. 553..
- ↑ Гл. Человек, который сдвинул Землю.
- ↑ Энгельгардт М. А. Николай Коперник. Глава 6.
- ↑ В Польше перезахоронены останки Коперника
- ↑ ВЗГЛЯД / Найдена могила Коперника
- ↑ MEMBRANA: Обнаружена могила Николая Коперника Архівавана 16 лютага 2009.
- ↑ Коперник смотрел на мир голубыми глазами
- ↑ Еремеева 1986, с. 267.
- ↑ а б Веселовский 1974, с. 79—80.
- ↑ Веселовский 1974, с. 77—78.
- ↑ O. Gingerich. The book nobody read. Chasing the Revolutionibus of Nicolaus Copernicus. Penguin books, 2004
- ↑ Edward Rosen. Глава 10. // Copernicus and His Successors. — Continuum, 1995. — С. 81—97. — ISBN 185285071X, 9781852850715.
Літаратура
- Коперник, Николай // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Амбарцумян В. А. Коперник и современная астрономия. Доклад на Юбилейном заседании Общего собрания Академии наук СССР, посвященном 500-летию со дня рождения Н.Коперника, 6 марта 1973 г. «Вестник Академии наук СССР», № 5, 1973, стр. 46—56.
- Ахутин А. В. Новация Коперника и коперниканская революция // Ахутин А. В. Тяжба о бытии. — М.: РФО, 1997. — С. 181—243.
- Баев К. Л. Коперник. — М., 1935. — 216 с. — (Жизнь замечательных людей, выпуск 7 (55)).
- Белый Ю. А. Коперник, коперниканизм и развитие естествознания. ИАИ, Вып. XII. — С. 15.
- Веселовский И. Н. Очерки по истории теоретической механики. — М.: Высшая школа, 1974. — 287 с.
- Веселовский И. Н., Белый Ю. А. Коперник, 1473—1543. — М.: «Наука», 1974.
- Герасименко М. П. Николай Коперник — выдающийся экономист эпохи раннего капитализма. — К.: Изд-во АН УССР, 1953.
- Гребеников Е. А. Николай Коперник. — М.: «Наука», 1982.
- Дмитриев И. С. Искушение святого Коперника: ненаучные корни научной революции. — Издательство С.-Петербургского университета, 2006.
- Еремеева А. И. Памятные даты истории астрономии в 1987 году // Астрономический календарь на 1987 г. — М.: Наука, 1986. — С. 262—268.
- Идельсон Н. И. Этюды по истории небесной механики. — М.: «Наука», 1975.
- Колчинский И.Г., Корсунь А.А., Родригес М.Г. Астрономы: Биографический справочник. — 2-е изд., перераб. и доп.. — Киев: Наукова думка, 1986. — 512 с.
- Коперник Н. О вращениях небесных сфер. Малый комментарий. Послание против Вернера. Упсальская запись (руск.) / Перевод И. Н. Веселовского. — М.: Наука, 1964. — 646 с. — (Классики науки).
- Левин А. Человек, который сдвинул Землю // Популярная механика. — 2009. — № 6.
- Николай Коперник (1473—1543). К четырёхсотлетию со дня смерти. — М.—Л.: Изд. АН СССР, 1947.
- Райтсмен Б. Коперник — великий преобразователь астрономии // Земля и Вселенная. — 1986. — № 3.
- Хютт В. Коперник // Философский энциклопедический словарь / Гл. редакция: Л. И. Ильичёв, П. Н. Федосеев, С. М. Ковалёв, В. Г. Панов. — М.: Советская Энциклопедия, 1983. — С. 279.
- Энгельгардт М. А. Николай Коперник. В книге: Коперник. Галилей. Кеплер. Лаплас и Эйлер. Кетле. Биографические повествования (библиотека Ф. Павленкова, том 21, стр. 5—73). — Челябинск, «Урал», 1997.
- Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7
- Веселовский И. Н., Белый Ю. А. Николай Коперник, 1473—1543 // на pawet.net
- Дмитриев И. С. Искушение святого Коперника // на pawet.net
Спасылкі
- Николай Коперник в Стендфорской Философской Энциклопедии. авт. Sheila Rabin, 19 November 2005
- Памяти Николая Коперника в городе Торунь Архівавана 5 красавіка 2016.