Міхась Лынькоў
Міхась Лынькоў | |
---|---|
![]() Міхась Лынькоў, 1929 год. | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Міхаіл Ціханавіч Лынькоў |
Псеўданімы | Міхась Васілёк |
Дата нараджэння | 30 лістапада 1899[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 верасня 1975[1] (75 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Жонка | Хана Абрамаўна Аранкова[d] |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, дзіцячы пісьменнік, літаратуразнавец, рэдактар, перакладчык |
Жанр | аповесць |
Мова твораў | беларуская і руская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
![]() | |
![]() |
Міхась Лынькоў, поўнае імя Міхаіл Ціханавіч Лынькоў (30 лістапада 1899, в. Зазыбы 2, цяпер Лёзненскі раён, Віцебская вобласць — 21 верасня 1975, Мінск) — беларускі пісьменнік, Народны пісьменнік БССР (1962).
Біяграфічны нарыс
Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Скончыў Старасельскае народнае вучылішча, у 1917 годзе — Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе (цяпер Буда-Кашалёўскі раён). У 1919—1922 гадах служыў у Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне, у разгроме атрадаў С. Булак-Балаховіча. Настаўнічаў у вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна. У 1925—1928 гг. — адказны сакратар рэдакцыі, намеснік рэдактара, у 1928—1930 гг. — рэдактар бабруйскай акруговай газеты «Камуніст». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскага філіяла «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1930—1932 гг.), сакратаром аргкамітэта (1932—1934 гг.), галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1933—1941 гг.), старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1938—1948 гг.). Удзельнік паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), рэдагаваў газету «Беларуская звязда» — орган палітупраўлення Беларускага фронту. У 1941—1942 гг. — рэдактар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» (выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах). У 1943—1946 гг. і 1949—1952 гг. — дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. Абіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР (1921—1931 гг.), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання (1940—1945 гг.). Як член дэлегацыі БССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Акадэмік АН БССР. Член Саюза Пісьменнікаў СССР (1934—75 гг.).
Сям’я
Сям’я Міхася Лынькова (жонка яўрэйка Хана Абрамаўна і сын Марык) была расстраляна немцамі ў верасні 1941 года ў Старадарожскім раёне. Разам з імі была расстраляна і сям’я брата Рыгора — жонка з дачкой[2]. У 1946 годзе Янка Маўр напісаў апавяданне «Завошта?», у аснову якога лёг гэты трагічны факт.
Пасля вайны ажаніўся з настаўніцай Соф'яй Захараўнай Куспіц. Сваіх дзяцей у іх не было. Але выхавалі дваіх прыёмных дзетак.
Творчасць
Дэбютаваў вершам у 1919 годзе (смаленская газета «Борьба»), першыя апавяданні — у 1926 годзе (бабруйская газета «Камуніст» і зборнік бабруйскага філіяла «Маладняка» — «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зверыядавец» (аповесць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданне ў 1969), нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданне «Агні Танганьікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданні» (1938, 1941, 1947), Зборы твораў у 4-х (1967—68) і ў 8 тамах (1981—85).
Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).
М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.
Выбраная бібліяграфія
- Выбраныя апавяданні / Міхась Лынькоў. — Мн.: Дзяржвыд Беларусі. Дзіцячая літ., 1938.
- Выбраныя творы / Міхась Лынькоў. — Мінск: Дзяржвыд БССР, 1952. — 551, [2] с., [1] л. партр.
- Векапомныя дні: раман у 4 кн. / Міхась Лынькоў. — Мінск: Беларусь, 1969. — (Беларускі раман).
- Апавяданні / Міхась Лынькоў. — Мінск: Дзяржаўнае вучэбна-педагагічнае выдавецтва Міністэрства асветы БССР, 1960.
- Літаратура і жыццё: літаратурна-крытычныя артыкулы / Міхась Лынькоў. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1978.
- Публіцыстыка / Міхась Лынькоў. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1980. — 271, [1] с.
- Насустрач жыццю: апавяданні / Міхась Лынькоў. — Мінск: Юнацтва, 1988. — (Школьная бібліятэка).
Узнагароды
Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1962). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».
Ушанаванне памяці
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/b/b9/Micha%C5%9B_Ly%C5%84ko%C5%AD_%28silver_coin%2C_reverse%29.gif/220px-Micha%C5%9B_Ly%C5%84ko%C5%AD_%28silver_coin%2C_reverse%29.gif)
12.1.1976 Пастановай Савета Міністраў БССР Крынкаўскай школе (Лёзненскі раён) было прысвоена імя М. Ц. Лынькова. У школе створаны музей, які налічвае больш за 600 экспанатаў, у тым ліку каля 300 арыгінальных. Сярод іх асабістыя рэчы пісьменніка — кепка, гальштук, значок «Выдатнік народнай асветы БССР», дэпутацкі білет.
Імя М. Лынькова носіць вуліца ў Мінску.
Зноскі
- ↑ а б Library of Congress Authorities — Library of Congress. Праверана 8 жніўня 2024.
- ↑ Аповяд Таццяны Буднік
Літаратура
- Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Універсітэцкае, 1987.
- Лынькоў Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Лынькоў Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Сцяжынкамі Міхася Лынькова // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін і інш. — Мн., 1992. — С. 585—586.
- Грахоўскі С. «Зажураныя жураўлі» //www.grahouski.org/ (Успаміны. Публіцыстыка)
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Міхась Лынькоў
- Творы Міхася Лынькова на knihi.com
- Міхась Лынькоў у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі
- Творчасць Міхася Лынькова на bellib.by Архівавана 29 лістапада 2014.