Негрытосы
Негрыто́сы (ад ісп.: negritos «малыя негры») — агульная назва нізкарослых прадстаўнікоў аўстралоіднай расы ў краінах Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Этымалогія
Слова негрытос (ісп.: negritos) у дачыненні да маларослых цемнаскурых тубыльцаў Філіпінскіх астравоў пачалі ўжываць у XVI ст. іспанскія місіянеры. Пазней яно было перанесена на ўсе маларослыя цемнаскурыя народы. У XIX — першай трэці XX ст. у навуковай літаратуры так часам пазначалі не толькі абарыгенаў Азіі, але таксама Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі. Нават у наш час тэрмін не заўсёды мае канкрэтную геаграфічную прывязку. Найчасцей так называюць аўстралоідныя групы з Андаманскіх астравоў, Малайзіі і Філіпін, але могуць далучаць нізкарослых насельнікаў з тыповымі аўстралоіднымі рысамі з паўднёвай Індыі, Шры-Ланкі, Тайланда, Акіяніі.
Паходжанне
Большасць даследчыкаў мяркуе, што негрытосы — прамыя нашчадкі першых людзей сучаснага тыпу, якія насялілі землі Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі ў каменным веку. Пазней яны былі пацяснёныя мангалоідамі і еўрапеоідамі, якія мігрыравалі з поўначы, мелі навыкі земляробства і жывёлагадоўлі. На поўдні Кітая яны канчаткова зніклі меней за 1000 гадоў таму, а на востраве Тайвань маглі сустракацца да 1900 г.
У другой палове XX ст. вяліся дыскусіі аб паходжанні негрытосаў ад адной ці некалькіх чалавечых папуляцый. Прыхільнікі першага пункту гледжання лічылі, што продкі негрытосаў былі блізкімі да пігмеяў Афрыкі, паколькі мелі вельмі падобныя антрапалагічныя рысы. Тэарэтычна яны абапіраліся на канцэпцыю існавання адзінай экватарыяльнай расы, да якой прылічвалі негроідаў і аўстралоідаў. Да канца XX ст. канцэпцыя экватарыяльнай расы састарэла, але заставалася гіпотэза аб адзінай групе мігрантаў або адзіным месцы фарміравання негрытосаў.
Прыхільнікі другога пункту гледжання абапіраліся на думку, што антрапалагічныя рысы негрытосаў маглі фарміравацца ў розных месцах як адаптацыя да жыцця ў трапічных лясах. Генетычныя даследаванні пачатку XXI ст. пацвердзілі іх думку. Яны не выявілі адзіныя генетычныя карані андаманцаў, негрытосаў Малайзіі і Філіпінскіх астравоў. Андаманцы ўжо ў глыбокай старажытнасці апынуліся ў ізаляцыі. У адрозненне ад аўстралоідаў Паўднёва-Усходняй Азіі, Акіяніі і Аўстраліі, яны не маюць слядоў геному дзянісаўскага чалавека.
Антрапалагічныя рысы
Для негрытосаў характэрны наступныя антрапалагічныя рысы:
- Нізкі рост
- Цёмная скура
- Рэдкі валасяны покрыў цела
- Кудлатыя валасы на галаве
- Моцна пігментаваныя вочы
- Часам сустракаецца стэатапігія
Групы
- Філіпінскія негрытосы (Паўднёва-Усходняя Азія)
- Малакскія негрытосы (Паўднёва-Усходняя Азія)
- Андаманцы (Паўднёвая Азія)
- Ведоіды (Паўднёвая Азія)
Літаратура
- Негрытосы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 267. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Негрытосы
- Unique origin of Andaman Islanders: insight from autosomal loci
- NEGRITOS AND TASADAY
- David P. Barrows, The Negrito and Allied Types in the Philippines
- Robert Blust, Terror from the Sky: Unconventional Linguistic Clues to the Negrito Past
- Asian Negritos are not one population
- Discerning the Origins of the Negritos, First Sundaland People: Deep Divergence and Archaic Admixture