Павел Сцяпанавіч Малчанаў
Павел Сцяпанавіч Малчанаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 1 (14) сакавіка 1902 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 24 лютага 1977 (74 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Прафесія | акцёр |
Тэатр | |
Узнагароды | |
IMDb | ID 1625623 |
Павел Сцяпанавіч Малча́наў (1 (14) сакавіка 1902 — 24 лютага 1977) — беларускі акцёр і рэжысёр, Народны артыст СССР (1948), Народны артыст БССР (1940), лаўрэат Сталінскай прэміі (1946).
Біяграфія
П. С. Малчанаў нарадзіўся ў вёсцы Івольск Гомельскага павета (цяпер у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці).
У 1926 годзе скончыў драматычную студыю ў Маскве. Працаваў у 1926—1951 гадах у драматычным тэатры імя Я. Коласа (БДТ-2) у Віцебску (у 1944—1949 гадах яго мастацкі кіраўнік), у 1930—1935 гадах на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Таксама працаваў у Беларускім ТРАМе.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў тэатры ва Ульянаўску (1941—1942). У 1944 годзе ўзначальваў франтавую тэатральную брыгаду.
З 1952 года П. С. Малчанаў у Беларускім тэатры імя Я. Купалы ў Мінску.
Творчасць
П. С. Малчанаў быў акцёрам шырокага дыяпазону. Яго творчасць адметна чалавечнасцю, прастатой і моцным тэмпераментам. Ён стварыў шэраг вобразаў простых людзей, трагічных і драматычных герояў і народных характараў.
Як рэжысёр паставіў «Арыстакраты» М. Пагодзіна (у Беларускім ТРАМе, 1938, разам з Г. Ферманам), «Вечар беларускіх вадэвіляў» паводле твораў «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Янкі Купалы (у тэатры імя Якуба Коласа, 1936), у тэатры імя Янкі Купалы «Патрабуецца лгун» Дз. Пратасава (1965) і «Адкуль грэх?» А. Петрашкевіча (1969), у тэатры юнага гледача «Хлапчыш-Кібальчыш» паводле твора А. Гайдара, «Дама-невідзімка» П. Кальдэрона і іншыя.
У 1934 годзе сумесна з І. Бахарам зняў фільм «Палескія рабінзоны». Аўтар успамінаў «Тэатр — маё жыццё» (1984).
Фільмаграфія
- (1932) «Жанчына» — аграном
- (1954) «Дзеці партызана» — Васіль Сяргеевіч Собалеў
Узнагароды і званні
- Сталінская прэмія (1946) за выкананне ролі ў спектаклі «Несцерка» Віталя Вольскага
- Народны артыст БССР (1940)
- Народны артыст СССР (1948)
- Два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (у 1940 і 1955 гадах)
- медалі.
Памяць
- У 1969 годзе створаны дакументальны фільм «Дзесяць хвілін з Паўлам Малчанавым»
- У гонар П. С. Малчанава ў 1987 годзе названа адна з вуліц Віцебска
- У 2002 годзе ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння выпушчана паштовая картка з арыгінальнай маркай Рэспублікі Беларусь «П. С. Малчанаў. Народны артыст БССР і СССР. 1902—1977 гг.»[1]
Зноскі
- ↑ Перечень выпущенной маркированной продукции Республики Беларусь в 2002 года Архівавана 9 студзеня 2022. (руск.)
Літаратура
- Няфёд У. І. Малчанаў Павел Сцяпанавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Малча́наў Павел Сцяпанавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 460. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Витебск. Энциклопедический справочник / Редкол. И. П. Шамякин (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1988. — С. 244. — 408 с. — 60 000 экз. — ISBN 5-85700-004-1.