Парламенцкія выбары ў Грэцыі (2015)
Аб правядзенні новых пазачарговых выбараў у парламент Грэцыі ў студзені 2015 было афіцыйна абвешчана 29 снежня 2014 г, пасля таго як бягучы парламент, сфармаваны ў чэрвені 2012 года, не змог абраць прэзідэнта Грэцыі і быў распушчаны. Тады пазачарговыя парламенцкія выбары былі прызначаныя на 25 студзеня 2015.[1]
Перадумовы
У канцы лістапада 2014 года ў Грэцыі прайшлі ўсеагульныя забастоўкі супраць мер жорсткай эканоміі.[2] Пасля гэтага апазіцыйныя партыі і ў першую чаргу кааліцыя «СІРЫЗА» сталі выступаць з патрабаваннем новых датэрміновых парламенцкіх выбараў. Гэтыя патрабаванні прывялі да таго, што прэм'ер-міністр Грэцыі Антоніс Самарас і віцэ-прэм'ер Эвангелос Венізелас ініцыявалі датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, звярнуўшыся да старшыні парламента з просьбай прызначыць працэдуру абрання новага прэзідэнта Грэцыі на 17 снежня 2014 г. У снежні 2014 года ў парламенце Грэцыі прайшлі тры туры выбараў прэзідэнта Грэцыі: першы тур прайшоў 17 снежня 2014, другі тур адбыўся 23 снежня, і трэці тур прайшоў 29 снежня.
Выбарчая кампанія
Апытанні грамадскага меркавання казалі пра тое, што перамагчы мусіла «Кааліцыя радыкальных левых». За тыдзень перад выбарамі яна павысіла свой рэйтынг да 36%, у той час, як за кансерватыўную “Новую Дэмакратыю” збіралася аддаць свае галасы менш за 31% выбаршчыкаў. У выпадку перамогі СІРЫЗА, яе кіраўнік Алексіс Цыпрас абяцаў грэкам адмовіцца ад мераў жорсткай эканоміі, пераглядзець умовы выдавання фінансавай дапамогі і дамагчыся ад крэдытораў яшчэ аднаго буйнамаштабнага спісання грэцкіх пазыкаў.[3]
Вынікі выбараў
Партыя | Галасоў | % | Месцаў | Δ |
---|---|---|---|---|
Кааліцыя радыкальных левых (SYRIZA) | 2,244,960 | 36,34 % | 149 | ▲ 78 |
Новая дэмакратыя (ND) | 1,717,927 | 27,81 % | 71 | ▼ 53 |
Залаты світанак (XA) | 388,238 | 6,28 % | 17 | - |
Рака (Potami) | 373,672 | 6,05 % | 17 | новая |
Камуністычная партыя Грэцыі (KKE) | 337,962 | 5,47 % | 15 | ▲ 3 |
Незалежныя грэкі (ANEL) | 293,240 | 4,75% | 13 | ▼ 7 |
ПАСОК (PASOK-DP) | 289,314 | 4,68 % | 13 | ▼7 |
Рух дэмакратычных сацыялістаў (KIDISO) | 152,148 | 2,46 % | 0 | новая |
Саюз цэнтрыстаў (EK) | 110,175 | 1,79 % | 0 | - |
Teleia (Apostolos Gkletsos) | 109,473 | 1,77 % | 0 | новая |
Народны праваслаўны заклік (LAOS) | 63,647 | 1,03% | 0 | - |
Фронт грэцкіх антыкапілістычных левых (MARS) | 39,420 | 0,64 % | 0 | - |
Зялёныя-дэмакратычныя левыя (Prasinoi-DIMAR) | 30,056 | 0,49 % | 0 | ▼17 |
Іншыя партыі | 0,36% | 0 | - | |
Усяго | 6,178,481 | 100% | 300 | |
Сапраўдныя бюлетэні | 6,178,481 | 97,64 | ||
Несапраўдныя бюлетэні | 149,446 | 2,36 | ||
Яўка | 6,327,927 | 63,87 |
Стварэнне ўрада
Перамогшая партыя «СІРЫЗА» на наступны дзень пасля выбараў абвясціла аб фарміраванні кіруючай кааліцыі ў складзе: левая партыя СІРЫЗА і правацэнтрысцкая партыя «Незалежныя грэкі».[4] У гэты ж дзень 26 студзеня 2015 г. Алексіс Цыпрас прыняў прысягу ў якасці прэм'ер-міністра і атрымаў ад прэзідэнта мандат на стварэнне ўрада . На наступны дзень 27 студзеня 2015 Цыпрас абвясціў склад новага кабінета міністраў, у які ўвайшлі 20 чалавек. Новы грэцкі ўрад паставіў пад сумнеў заяву Еўрасаюза з асуджэннем абстрэлу прарасейскімі баевікамі Марыупаля 25 лютага 2015 года. Грэкі спрабавалі выдаліць з заявы радок, у якім адказнасць за бамбаванне ўскладалася на Расею, але ў выніку дадалі пра асаблівую пазіцыю Грэцыі[5]