Плотка, плотка звычайная (Rutilus rutilus) — відрыбсямейства карпавых.
Назва
Народныя назвы плаціца, плоць, вобліца, караваха, альхоўка.
Апісанне
Даўжыня да 30—35 см, маса да 300—400, часам да 700 г. Звычайнымі з’яўляюцца асобіны даўжынёй 15—18 см і масай 100—150 г. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў. Галава адносна кароткая. Рот касы, паўніжні, яго верхавіна знаходзіцца на ўзроўні ніжняга краю вока. Радужына аранжавая, з чырвонай плямай у верхняй частцы. Спінны плаўнік невялікі, цёмна-шэры, усечаны, анальны — аранжавы ці чырвоны, крыху выемчаты. Хваставы плаўнік цёмна-шэры, грудныя — бледна-жаўтаватыя, брушныя — аранжавыя ці чырвоныя. Спіна цёмна-бурая або цёмна-зеленаватая, бакі і бруха серабрыстыя. Афарбоўка зменлівая і залежыць ад экалагічных умоў вадаёма. У перыяд нерасту самцы пакрываюцца эпітэляльнымі бугаркамі.
Пашырэнне
Плотка пашырана ў прэсных і саланаватых водах Еўропы на ўсход ад Паўднёвай Англіі і Пірэнеяў і на поўнач ад Альпаў. У рэках і азёрах Сібіры, Сярэдняй Азіі і Закаўказзі ўтварае шэраг падвідаў. У басейнах Каспійскага і Чорнага мораў жывуць паўпрахадныя падвіды — вобла і таран. На Беларусі адна з найбольш шматлікіх рыб.
Водзіцца ў рэках, поймавых вадаёмах і азёрах, вадасховішчах. Трымаецца ўскраін зараснікаў і вялікіх прагалін паміж імі. Пазбягае заіленых мясцін і хуткага цячэння.
Асаблівасці біялогіі
Чародная рыба. Вясной выходзіць на залітую пойму. Пасля нерасту разыходзіцца па ўсім вадаёме. Харчовы спектр вельмі шырокі, корміцца зоапланктонам, водарасцямі, ракападобнымі бентаса, лічынкамі насякомых.
Полавая спеласць наступае на 3-4-м годзе. Нерастуе ўвесну пры тэмпературы вады 8-10°С. Нераст кожны год адбываецца ў адных і тых жа месцах: каля берагоў, зарослых жорсткай расліннасцю, у поймавых старыцах і азёрах, захламленых месцах вадаёмаў. Клейкую ікру адкладвае на раслінныя рэшткі і смецце. Плоднасць у залежнасці ад узросту ад 700 да 75000 ікрынак. Інкубацыйны перыяд працягваецца 1—2 тыдні. Моладзь спачатку трымаецца на нерасцілішчы, улетку выходзіць у адкрытыя вадаёмы на глыбіню.
Увосень моладзь і дарослая рыба адыходзіць у глыбокія зімавальныя ямы.