Рокаш Зебжыдоўскага

Акт дэтранізацыі Жыгімонта III

Рокаш Зебжыдоўскага (польск.: rokosz Zebrzydowskiego), таксама вядомы як Сандамірскі рокаш — рокаш (легальнае паўстанне шляхты, канфедэрацыя супраць караля), які адбыўся ў 16061609 гадах у выніку канфлікту паміж каралём Жыгімонтам III Вазам і шляхтай у сувязі са знешняй палітыкай Рэчы Паспалітай (войны са Швецыяй) і пытаннямі ўнутранай палітыкі. Палітыка Жыгімонта III была накіравана на ўмацаванне каралеўскай улады, якая абапіралася на вузкае кола магнатаў і біскупаў. Нагодай да мяцяжу паслужыла прыватная спрэчка паміж каралём і Мікалаем Зебжыдоўскім, у выніку якога Зебжыдоўскі быў прысуджаны да смяротнага пакарання, якое было заменена выгнаннем.

Кароль быў абвінавачаны ў самаізаляцыі ў коле замежнікаў і езуітаў і ў імкненні да абсалютнай улады. Вядома, што ён спрабаваў усталяваць перадачу трона па спадчыне, пазбавіць шляхту большай часткі прывілеяў і пакінуць за Сеймам права толькі дарадчага голасу, але не вырашальнага.

Рокаш Зебжыдоўскага доўжыўся 1606—1609 гады. Каталікі і пратэстанты, магнаты, сярэдняя і дробная шляхта падзяліліся на дзве групоўкі ў адносінах да закона, які забараняе манарху ў далейшым драбніць і дарыць зямельныя ўдзелы і аб прымушэнні яго да выдалення з каралеўскага двара езуітаў і замежнікаў.

«Сандамірскі рокаш». Карціна невядомага мастака XVII стагоддзя

Кіраўнікамі рокашавай канфедэрацыі — маршалкам быў падчашы вялікі літоўскі Януш Радзівіл, яго сукіраўніком — дыктатарам быў фармальна больш высокі ўраднік — ваявода кракаўскі Мікалай Зебжыдоўскі, таксама ў кіраўніцтве рокаша былі староста дабромільскі Ян Шчасны Гербурт, староста сігулдскі Станіслаў Стадніцкі. Акрамя таго, удзельнікі рокаша хацелі прымусіць дэпутатаў Сейма строга выконваць інструкцыі, атрыманыя імі на сейміках, ад якіх дэпутаты абіраліся.

Працяглы час супрацьстаянне складалася ў прапагандысткай вайне, у рамках якой пры дапамозе друкаваных і рукапісных матэрыялаў абодва бакі збіралі прыхільнікаў. «Вайна чарніліц» завяршылася ўзброеным сутыкненнем ракашан з прыхільнікамі караля пад Гузавым у 1607 годзе. Узброеную перамогу атрымалі ўзброеныя сілы манарха. Аднак асэнсаванне абодвума бакамі кошту разлітай крыві ў братазабойчым канфлікце прывялі да таго, што спробы абсалютызацыі і цэнтралізацыі ўлады Жыгімонтам III усё ж былі спынены, адбылося прымірэнне і прабачэнне ўсіх удзельнікаў, а таксама ўмацаванне прывілеяванага становішча шляхты.

Спасылкі