Рыгор Яфімавіч Глюкман
Рыгор Яфімавіч Глюкман | |
---|---|
Дата нараджэння | 25 кастрычніка 1898[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1973[4][3] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, ілюстратар, літограф |
Вучоба |
Рыгор Яфімавіч Глюкман (1898, Віцебск — 1973, Лос-Анджэлес) — амерыканскі жывапісец і графік.
Біяграфія
У 19 гадоў ён паступіў у Першыя Дзяржаўныя свабодныя мастацкія майстэрні, якія сталі пазней МВЖСД (Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства), але ў 1920 годзе з’ехаў у Берлін. У 1922 годзе ўступіў у мастацкую суполку «Верацяно». У 1924 ён паехаў у Італію, дзе на працягу 9 месяцаў у Фларэнцыі напісаў шмат карцін. Затым пасяліўся ў Парыжы. У 1920-х працаваў у асноўным у галіне кніжнай графікі. Ілюстраваў і афармляў кнігі для парыжскага выдавецтва «La Pleiade». У кастрычніку 1924 у Глюкмана адбылася першая персанальная выстава ў Галерэі Druet у Парыжы. З 1925 года Глюкман паказваў свае працы ў Парыжскім салоне — Салоне Цюільры, Восеньскім Салоне, Салоне незалежных мастакоў і на выставах Нацыянальнага таварыства прыгожых мастацтваў. У 1930-х звярнуўся да станковага жывапісу. Асноўнымі тэмамі Глюкмана былі парыжскія вулічныя сцэны, запоўненыя людзьмі, пачуццёвыя аголеныя постаці стылю «ню» і парыжскае начное жыццё. Ён пісаў партрэты, сцэны з гарадскога жыцця і пейзажы. Менавіта ў Парыжы ў 1930-я гады і адбыўся пік яго кар’еры.
У Парыжы пазнаёміўся і пасябраваў з сусветна вядомым скрыпачом Яшам Хейфецам, які пасля сабраў найбольшую калекцыю карцін Глюкмана.
У пачатку Другой Сусветнай вайны пераехаў у ЗША, жыў у Лос-Анджэлесе і Нью-Ёрку. У 1940—1957 рэгулярна ладзіў персанальныя выставы. У 1945 ўдастоены прыза Уатсона Ф. Блеера ў Мастацкім інстытуце Чыкага. Рэтраспектыўныя выстаўкі твораў мастака адбыліся ў 1955 ў галерэі «Дрэн-Давід» ў Парыжы і ў 1967—1968 — у Нью-Ёрку.
У 2013 годзе, упершыню ў Беларусі, у рамках выстаўкі твораў мастакоў Парыжскай школы жывапісу дэманстраваўся твор Рыгора Глюкмана «Аголеная», здабыты Белгазпрамбанкам на аўкцыёне «Крысціс» у Лондане[5]. У карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску захоўваецца тры яго карціны[6].
Зноскі
- ↑ RKDartists Праверана 22 жніўня 2017.
- ↑ Grigory Gluckmann — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ↑ а б в Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online / Hrsg.: A. Beyer, B. Savoy — B: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — ISSN 2750-6088 — doi:10.1515/AKL Праверана 16 мая 2024.
- ↑ Міжнародны ідэнтыфікатар стандартных найменняў — 2012. Праверана 14 кастрычніка 2015.
- ↑ belta.by Картина художника Парижской школы Глюкмана «Обнаженная» впервые демонстрируется в Витебске (руск.)
- ↑ Корпоративная коллекция Белгазпромбанка. Глюкман Григорий Архівавана 29 жніўня 2021.